Читаем Добры дзень, мая Шыпшына полностью

Мы не заўважылі, калі побач апынуўся высокі сухарлявы хлопец з выцвілымі валасамі. Верачка, сцяміўшы, што гэта супрацоўнік музея, адразу пацікавілася, колькі золата пайшло на залачэнне калонаў. Хлопец быў зусім не на мой густ, але яе пытанне мне чамусьці не спадабалася.

Ён адказаў нязвычна — падвёў нас да таго самага абраза з мамінымі вачыма і сказаў, што ўсё гэта золата нявартае такіх вось вачэй. Аказваецца, старажытныя беларускія майстры не баяліся маляваць маці боскую ў абліччы рэальных жанчын. Ён, напэўна, ад хвалявання , раз-пораз бунтуючы рукой свае валасы, гаварыў яшчэ нешта, гаварыў хораша, і хоць я шмат чаго не разумела, слухаць было цікава. Але насупер цікавасці нараджалася непрыязь да хлопца, у душы падымаўся пратэст, быццам гэты хлопец прымушаў мяне рабіць штосьці непатрэбнае і нежаданае. Мабыць, падобныя пачуцці былі і ў астатніх, бо адзін з жаўтароцікаў раптам абарваў:

— Карацей, Скліфасоўскі!

У шэрых хлопцавых вачах успыхнула нешта вострае і балючае, адкрыты твар зрабіўся зацятым, а ў мяне на сэрцы заскакала помслівая радасць. Каля выхаду я азірнулася і яшчэ раз пераможна глянула на яго.

У рэстаране я выпіла больш, чым зазвычай, аднак заўсёдная бяздумна-лёгкая весялосць упарта не прыходзіла, хацелася зашыцца куды-небудзь, пабыць на самоце. Ды пасля пацягнуліся на маю аднапакаёўку, і грымеў магнітафон, і я не змеціла, як знікла са сваім партнёрам Верачка, і мой жаўтароцік туліўся да мяне ў танцы, і я, раптам ашалеўшы ад лютасці, хвастала яго па твары, і мне ўсё-ткі ўдалося выпіхнуць яго за дзверы. Далей былі сны, дзе, выломваючы асады, лезлі з карцін вусцішныя пачвары, і Верачка на каленях малілася вялізнаму кашлатаму зверу, і аднекуль з далёкага абраза глядзеў на мяне мамінымі вачыма хлопец з музея.

Назаўтра я ўбачыла на дзвярах крыва надрапанае слова. Я шкрэбла дзверы кухонным нажом, плакала ад бездапаможнасці і чамусьці думала пра таго хлопца з выцвілымі валасамі.

Праз тыдзень я зноў пайшла ў музей.

Не надо печалиться...

З песні

Бясперстых

Сёння пятніца, а па пятніцах настрой у мяне заўсёды вышэй звычайнага.

Люблю я гэтыя нашы гутаркі пад пірагі і чарку гарэліцы на святаянніку або на мяце. Далібог, гімнастыка для розуму і адпачынак душы.

Тым больш кампанія свая, даўняя, людзі інтэлігентныя, у кожнага штосьці за душой.

Віктар Алімпавіч на сёння абяцаў цэлую лекцыю пра НЛА. Цікавае ў дырэктара кінатэатра хобі — неапазнаныя лятаючыя аб'екты. Картатэку спецыяльную вядзе. Апантаны чалавек! Недзе ў Новасібірску прафесар ёсць, усё жыццё праблему Тунгускага метэарыта даследуе, дык наш Віктар Алімпавіч яму лісты піша. Казаў, такія факцікі ёсць, самага скептычнага скептыка пераканаюць, што за намі нейкая звышцывілізацыя з космасу назірае. Хто яго ведае, можа, і сапраўды назірае.

Віталь Дзянісавіч з Казімірам Баляслававічам будуць, канешне, толькі пасміхацца. Гэта людзі сур'ёзныя, іх перад усім зямныя справы цікавяць.

Віталь Дзянісавіч — рэдактар нашай абласной газеты. Вось дзе чалавек разнастайны: і грыбавік выдатны, і ягаднік, і рыбак. Ніводнага выхаднога ў горадзе не сядзіць. Летась пудовага сама на жабу ўзяў. Увесну на пенсію збіраецца. Прыгледзеў ужо хату ў вёсцы, паедзе кніжку пісаць. Мара ягоная — на пенсіі кнігу напісаць. Хата, зразумела, пры самым возеры. Лазня, лодка, усё як мае быць. Вечарамі цяпер новую сетачку пляце. Карацей, ведае чалавек, што яму трэба.

Як і Казімір Баляслававіч. I чаго толькі ў школе, дзе ён дырэктарам, няма! Тут вам і цяпліцы, і музей, і абсерваторыя. Вучань сёлета новую зорку адкрыў, адначасова з японскімі астраномамі,— у цэнтральных газетах пісалі. Яшчэ пару гадкоў, і будзе наш Казімір заслужаным настаўнікам. Як піць даць.

А вось Васіль Максімавіч на мой агеньчык ужо не завітвае. У яго цяпер другія інтарэсы. Ну, вядома, маладая жонка! Маладая, ды ранняя. Узяла дзяўчынка сваё ад жыцця, ажно з ліхвой. I з Галубовічам круціла да самага таго выпадку, а, бач ты, прыкінулася божай авечкай, не каму-небудзь, а вядомаму пісьменніку галаву ачмурыла, так сказаць, інжынеру чалавечых душ. А там зноў за старое возьмецца. I будуць табе, голубе наш Васіль Максімавіч, замест лаўровага вянка шыкоўныя рогі. Але.

Мо правільна Казімір лічыць, што гэта самае ўжо і цяпер пачалося. Як падмянілі нашага пісьменніка. Старых знаёмых унікае, сустрэнецца на вуліцы, буркне нешта, і далей. Вечна незадаволены, ад запрашэнняў адмаўляецца. Ну ды, як кажуць, вольнаму воля. Нашы пірагі і без яго не зачарсцвеюць.

Пасядзім, пагамонім, жанкі песню завядуць. У маёй Глафіры такі голас, што заслухаешся.

Можа, людзі і жывуць дзеля такіх вось вечароў.

Пачакай, даражэнькі, пачакай. Нешта ты зарана марам аддаешся. Даклад за цябе, як ні круці, ніхто не напіша. Галоўнае, канешне, добра пачаць. Штосьці такое пра помнікі закруціць трэба, пра, так сказаць, неацэнную культурную спадчыну. Дзе тут мой нататнік з цытатамі? Так-так... Вось гэта, бадай, падыдзе. «Культура народа вызначаецца тым, як ён ставіцца да свайго мінулага». Так і пачнём...

Яніна

Перейти на страницу:

Похожие книги