Раман гаварыў, што ў душы кожнага чалавека з дзяцінства гарыць такі агеньчык; ён можа патухнуць, і тады другія людзі адчуюць гэта і не пакінуць чалавека аднаго.
Калі на нашым падворку зацвіла чаромха, мой агеньчык пачаў гаснуць і цяпер пагас зусім.
Тады і з'явілася Верачка.
Васіль Максімавіч
Тыдні праз два пасля калядных прыгодаў новыя знаёмцы ўсім гуртам заваліліся ў маю ціхую кватэру. Я меркаваў яшчэ пару гадзін папстрыкаць на машынцы, а потым пазваніць Марыі, каб разам павячэраць, і цяпер, не хаваючы раздражнення, пазіраў, як колішнія калядоўшчыкі бесцырымонна рассаджваюцца на канапе, крэслах і проста на дыване, па-турэцку закруціўшы ногі. Жыццярадасны малады чалавек, той, што быў «мядзведзем» і даволі прэтэнцыёзна зваўся Вінцуком, з размаху плюхнуўся ў мой улюбёны фатэль, выцягнуў аднекуль шыракаполы саламяны капялюш і нацубіў яго на свае кудлы, відаць, збіраючыся гэтым ашчаслівіць маю персону. Мэта візіту, якую неўтаймоўныя госці выклалі, не валаводзячыся, магла толькі прыспорыць зласлівасці.
Раман адмоўчваўся, затое астатнія гаварылі ўзахапы. У Тынковічах, як ім стала, бачыце, вядома ад нейкіх надзейных людзей, не сёння-заўтра знявечаць (яны так і казалі — знявечаць) царкву пятнаццатага стагоддзя. Старшыня калгаса наважыў зрабіць там збожжасховішча, а дзеля гэтага трэба раскідаць апсіду і частку сцяны. Я з маім імем павінен выступіць на абарону культурнай спадчыны. Яны чыталі маё эсэ пра беларускае дойлідства (надрукаванае дваццаць гадоў таму) і ўпэўненыя, што я памагу.
— Гэта помнік сусветнай значнасці,— паведаміў мне навіну Вінцук.
Я наіўна спрабаваў іх супакоіць: маўляў, Таварыства аховы помнікаў не дапусціць, у нас цяпер, дзякаваць богу, шмат рэстаўруецца і гэтак далей.
— Вы ў полацкай Сафіі арган слухалі? — памяркоўна пытаўся я.
— Пакуль адзін помнік аднаўляюць, два...— ваяўніча размахваў капелюшом Вінцук.
— Замірскі замак турысты падпалілі! — падаў голас акулярысты Сяргей-«каза».— За такое садзіць трэба! Гэта ж барочны палац згарэў, а не куча хлуду. Цалюткі стаяў.
У кватэры панавала гамарня; нехта, разжыўшыся з майго пачка цыгарэтай, задыміў, нехта сунуў нос у надрукаваную да паловы старонку, нехта цягнуў з кніжнай шафы том з летапісамі... I хоць хтосьці ў маёй душы не меў аніякае ахвоты ўвязвацца ў гэткую справу, у яго нечакана знайшоўся апанент. Дзіўна, але факт: візітанты насупер усяму пачыналі мне падабацца, і я амаль весела падумаў: а ці не ведае Раманава сябрына пра той выпадак з саборам?
Тады былі страшэнным дэфіцытам белыя нейлонавыя кашулі, і якраз у такой, пазычанай у сябра кашулі і ў шыкоўным гарнітуры колеру марской хвалі (пазычаным у другога сябра) я прымчаў аднойчы ў гэты горад. Не, не прымчаў, а прыбыў у якасці «афіцыйнага прадстаўніка міністэрства культуры» (далібог, з мяне атрымаўся б някепскі «сын лейтэнанта Шміта»), прыбыў, каб папярэдзіць гаспадара аднаго кабінета, што, калі сабор, які стаў яму ўпоперак дарогі, будзе падарваны, руіны назаўсёды пахаваюць пад сабой ягоную кар'еру...
А можа, гэтыя хлапчукі чулі, як калісьці я бараніў імя свае роднае вёскі, якая чатыры стагоддзі, яшчэ ў актах Вялікага княства Літоўскага, звалася Бязбабавічамі (ніхто з вяскоўцаў на такое мяно і не думаў наракаць, наадварот, тут была цэлая легенда), а ў адзін цудоўны дзень з ласкі нейкага дбайцы аб эстэтычным выхаванні ператварылася ў Лучазарнае?..
Я смакаваў гарбату на зёлках і з непаразумелым сумам думаў, што тады мне да ўсяго быў клопат...
Калі Раман з сябрамі сабраўся сыходзіць, я адчуў, што не хачу развітвацца з імі. Як бы гэта растлумачыць?.. У гэтых хлопцах было штосьці сапраўднае.
Я доўга сядзеў, пагойдваючыся ў фатэлі, і задуменна глядзеў на падараваны мне капялюш. Ён быў нечым падобны да сонца, і на момант здалося, што ў пакоі дапраўды стала святлей і прытульней. Ды толькі неяк няўзнак простае шкадаванне, што госці пайшлі, пачало ператварацца ў больш складанае вярэдлівае пачуццё. Я паспрабаваў акрэсліць яго. Гэта была якаясьці беспадстаўная незадаволенасць сабой. Каб адагнацца ад наслання, я сеў за машынку, але здолеў выціснуць усяго пару каструбаватых сказаў. На шчасце, яшчэ не позна было пазваніць Марыі.
Мы трапілі ў кавярню за гадзіну да закрыцця і нават паспелі разы два станцаваць. Марыя была ў вішнёвай аксамітавай сукенцы, якая падкрэслівала ледзьве прыкметную паблякласць яе трыццацігадовай прыгажосці; гэтая яшчэ амаль няўлоўная паблякласць заўсёды хвалявала мяне. Мы размаўлялі пра нешта лёгкае. Марыя, як звычайна, была ўважлівай і дасціпнай, і я любаваўся яе трошкі цыганаватым тварам. Нядаўняя глухая незадаволенасць як быццам незваротна сплыла, але, калі вярталіся, на сцюдзёнай і голай зімовай вуліцы непрыемнае пачуццё навалілася зноў. Хутчэй па інерцыі я запрасіў Марыю да сябе, ды яна, відаць, штосьці адчула, бо ветліва адмовілася і, пацалаваўшы мяне на адвітанне, паабяцала зайсці заўтра.