Читаем Добры дзень, мая Шыпшына полностью

Пакуль была мама, мне жылося хоць і нясоладка, ды ў бясконцай чарадзе аднолькавых дзён усё ж выпадалі сонечныя прасветы.

Пасля вучылішча я працавала на размнажальнай машыне, капіравала незразумелыя чарцяжы і графікі. Спачатку гэты занятак адно стамляў мяне, але з часам ён стаў гнясці і нават палохаць. Машына ціха гула, і я здымала з яе барабана новыя і новыя шараватыя копіі. Дзень пры дні паўтаралася тое самае, і пачынала мроіцца, што праз машыну праходзяць не толькі гэтыя няўцямныя паперы, але і мой рабочы пакой, старая пыльная ліпа за акном, аўтобусны прыпынак з нязменным натоўпам... Узнікала хваравітае адчуванне, што нейкі з маіх дзён таксама трапіў у машыну і цяпер яна выпускае са сваіх жалезных вантробаў несканчонае мноства аднолькавых шэрых дзён-копій — не толькі дзеля мяне, але і дзеля іншых людзей, перад якімі я нібыта раблюся вінаватаю.

Жыла я на кватэры ў старэнькай дзівакаватай бабулі. А восьмай гадзіне вечара яна зачынялася з сярэдзіны, і трапіць у кватэру было ўжо немагчыма. Праўда, я не пазнілася, бо нікуды не хадзіла: сябровак у мяне не было, знаёмых хлопцаў — таксама. Вечарамі я прыдумвала сабе якую-небудзь справу: мыла падлогу ці перабірала рэчы ў сваёй валізе — абы было за што зацяць рукі, а потым сядзела з гаспадыняю перад тэлевізарам; бабуля была дазвання глухая, аднак выключала тэлевізар, толькі калі заканчваліся ўсе перадачы.

Вось так і йшло жыццё. Але я пакутавала не ад самоты — да яе я паспела прызвычаіцца даўно, яшчэ ў школе.

Бацька ўсё прапіваў, і мы з мамаю жылі на яе невялікую пенсію па хваробе. У старэйшых класах мне вельмі хацелася на школьныя вечары ці на танцы ў РДК, аднак куды я магла пайсці ў пераніцаванай сукенцы, што насіла тры гады? Божа, як я зайздросціла Люсьцы з нашага класа! Яе бацька быў дырэктарам завода, і яна апраналася, як прынцэса. Напэўна, для шчасця мне хапіла б адной бэзавай сукенкі, у якой Люська ішла аднойчы па нашай вуліцы пад руку з лейтэнантам.

Ад крыўды, ад таго, што ніхто з аднакласніц не хацеў са мной сябраваць, я часта плакала горкімі слязамі. Ды чалавек з усім звыкаецца, і я спакваля супакоілася і прывыкла заўсёды быць адной. Цяпер у мяне з'явіліся грошы, але, не задумваючыся аб гэтым, я ўжо даўно неяк ціха пагадзілася з доляю папялушкі і амаль не купляла сабе абновак, апрача самага неабходнага.

Я мучылася не ад самоты — ад зачараванага кола аднастайнасці і непатрэбнасці нікому, ад таго, што была здатная толькі націскаць кнопкі сваёй машыны і складваць роўнымі стосікамі копіі. На зацішным брукаваным дворыку, праз які я хадзіла на працу, мне почасту сустракаўся малады мастак з мальбертам, Ён маляваў белыя званіцы сабора, што ўздымаліся воддаль над стракатымі дахамі старога горада, маляваў заўжды адно і тое ж, і ўсё роўна яго жыццё ў параўнанні з маім здавалася казачна незвычайным.

Але тады яшчэ жыла мама, і ў выхадныя можна было паехаць на ранішнім аўтобусе ў наш раённы гарадок, адшчапіць знаёмыя весніцы і пачуць усцешаны брэх Жука, а потым убачыць стуленую маміну постаць і слязінку на змаршчакаватай шчацэ. Мы мала гаманілі; не трэба было слоў, каб мне даведацца пра маміна жыццё, а ёй — пра маё, але як добра было рабіць разам якую-небудзь работу і проста маўчаць, ведаючы, што мама ўсё разумее і любіць мяне — адзіная на ўсім свеце. А ўвечары, перад сном, я клала галаву на маміны калені, заплюшчвала вочы, і мама расплятала маю касу. У гэтыя хвіліны ўся горыч і непамыслоты адступалі далёка-далёка, і я чула сябе маленькай дзяўчынкай, якой наканавана не тое, што даў лёс, а зусім іншае жыццё.

Мама памерла ўвесну, калі на нашым падворку зацвіла чаромха. Чамусьці ў памяці амаль не засталося хаўтураў — толькі белая квецень і дурманлівы саладкавы пах, што неяк незварушна вісеў у паветры. Ды яшчэ п'яная песня на памінках.

Нават самой сабе няёмка прызнавацца, што я ніколі не любіла бацькі. Як была малая, ён доўга не жыў з намі, ездзіў у заробкі на Поўнач, але і пасля, калі вярнуўся, мы засталіся чужымі, нібыта сустрэліся пад адной страхой не бацька з дачкою, а два выпадковыя начлежнікі. Ён усё часцей піў, а калі не было грошай, не тоячыся, прадаваў маміны рэчы. Я занадта добра памятала, як аднаго разу ўзімку ён замкнуў нас з мамаю ў халодным летніку, і мы, каб не акалець, усю ноч былі на нагах, а пад раніцу маму пачаў біць кашаль. Памятала і тое, як аднойчы, схапіўшы касу, бацька скасіў у гародчыку маміны мальвы і касачы. I ўсё-ткі пасля мамінае смерці я кожную суботу ехала дахаты, гатавала бацьку есці, мыла бялізну, палола лехі. Хацелася хоць крышачку палюбіць яго, бо можна жыць на свеце, калі цябе ніхто не любіць, але немагчыма — калі нікога не любіш сам.

Ды толькі неўзабаве па сарачынах мяне сустрэла ў нашай хаце чужая жанчына. Яна ласкава называла мяне Янечкай і шчыравала вакол стала, збіраючы полудзень, але на буфеце ўжо не было мамінага здымка, а са сцяны знік знаёмы і дарагі з маленства фотапартрэт, той, дзе мама ў вянку з рамонкаў. І я таго ж дня паехала назад і ў аўтобусе, плачучы, зразумела, што мне больш няма куды прыязджаць.

Перейти на страницу:

Похожие книги