Такімі комплексамі былі прасякнутыя і пісьмовыя тэксты, і вусныя выступы гісторыкаў таталітарнай эпохі. Комплекс гэты складваўся з ланцужка: навуковая канцэпцыя — філасофская падкладка — ідэалагічны сэнс — простая палітычная накіраванасць. Адны комплексы ацэньваліся як шкодныя, іншыя неслі знак бязгрэшнасці і добранадзейнасці [25].
У кнізе В. Шчарбакова «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі» (Менск, 1932) і ў працах ідэйных паслядоўнікаў Шчарбакова — І. Лочмеля «Очерки истории борьбы белорусского народа против польских панов» (М., 1940), К. Шабуні «Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР» (Бальшавік Беларусі. 1948. № 8. С. 36–72), Л. Абэцэдарскага, Н. Каменскай, І. Ігнаценкі, У. Міхнюка ды іншых — знак шкоды навешваўся на «нацыяналістычную» гістарыяграфію, а «знак якасці» — на марксісцка-ленінскае вучэнне. Пры гэтым парадаксальна, што тыя, хто называў сябе гісторыкамі-марксістамі, катэгарычна адпрэчвалі шматлікія прынцыповыя працы К. Маркса, Ф. Энгельса, У. Леніна з упамінаннем гісторыі Беларусі і гісторыі нацыянальнага пытання, якія беспасярэдне датычылі гісторыі царскай Расеі і пакарэння ёю іншых народаў.
Цікава было б раней выдаць падборку гэтых працаў Маркса, Энгельса, Леніна ці вытрымак з іх пад назовам «Беларуская марксіяна-ленініяна» (накшталт «Бразільскай бахіяны» Э. Віла-Лобаса). Але сёння такая задумка здаецца ўжо неактуальнай.
Мысленне комплексамі спалучалася з вобразам ворага. Галоўным жа ворагам для гісторыкаў ды іншых байцоў (а дакладней, стралкоў) ідэалагічнага фронту ў Беларусі быў беларускі нацыяналізм.
Гісторыкаў Беларусі прызвычаілі да таго, што калі яны набралі пэўную колькасць фактаў і далі ім абагульненне («обобщение»), дык гэта і ёсць сапраўдная навука. Але ніхто з іх не звярнуў увагі на адсутнасць тэорыі і методыкі гістарыяграфічнага (у тым ліку крыніцазнаўчага) даследвання. А без яго немагчымы якасны рух наперад. Пакаленні гісторыкаў выхоўваліся без абавязковай для іх веды тэорыі і методыкі прафесійнай працы.
І гэта нягледзячы на тое, што заснавальнік вышэйшай гістарычнай адукацыі ў Беларусі У. Пічэта ў 20-х гадах, як значна пазней ягоны вучань М. Улашчык у 70-х гадах, распрацоўвае пытанні апісальнага крыніцазнаўства і гістарыяграфіі! Праўду кажучы, А. Ігнаценка (1965) у Беларускім універсітэце працягнуў працу У. Пічэты, але ў ягоным дапаможніку па крыніцазнаўстве і гістарыяграфіі, на жаль, няма сучаснай класіфікацыі крыніц, а з гістарычных працаў адвольна адабраныя толькі асобныя працы на расейскай і беларускай мовах, што не дало магчымасці аўтару адлюстраваць хоць бы на прыкладах усё багацце і разнастайнасць гістарыяграфіі Беларусі.
Галоўнаю ўмоваю і адначасова асноўным механізмам рэпрэсаванай навукі і навукоўцаў было адзяржаўленне і падпарадкаванне навукі дыктату акадэмій, у нашым выпадку Акадэміі навук БССР. Галоўнай зброяй дзяржаўнага кантролю была ўсеабдымная ідэалагізацыя і палітызацыя навукі. Галоўнай задачай рэпрэсаванай навукі было прывядзенне навуковай супольнасці да адзінадумства. Пры гэтым выкарыстоўваліся: кантроль над тэматыкай навуковых даследванняў і планаванне навукова-даследчай работы, потым знішчэнне шляхоў распаўсюджвання «іншай думкі» — «вертыкальных», г. зн. змена праграмаў выкладання ў ВНУ і планаў падрыхтоўкі аспірантаў, «гарызантальных», г. зн. змена складу рэдкалегій часопісаў і выдавецтваў. І нарэшце, звальненне супрацоўнікаў і закрыццё (рэарганізацыя) навуковых установаў.
Выкарыстоўваўся фетышызаваны аўтарытэт «карыфея навукі» ў якасці аднаго з асноўных відаў зброі задушэння. Характэрным было змяненне зместу аргументаў, якія ўжывалі для «навуковай» крытыкі іншадумцаў. Спасылка на «скажэнне ідэяў заснавальніка», застаючыся па форме апеляцыяй да «класіка», па сутнасці пераўтваралася ў апеляцыю да «гарадавога» — данос аб палітычнай нядобранадзейнасці.
Адстойванне ідэяў «карыфея» набывала не навуковы, а палітычны характар. Пры гэтым не выконвалася правіла «Не капай іншаму яму, сам трапіш у яе». Навуковец, які пераступаў цераз нормы навуковай і агульначалавечай этыкі, не быў застрахаваны ад таго, што ў дачыненні да яго гэтыя нормы таксама не будуць захоўвацца.
Так склаўся таталітарны ленінскі, сталінскі і паслясталінскі спосаб кіравання ўсімі грамадскімі працэсамі, які стаў праекцыяй стэрэатыпу, што вызначаў кожныя іншыя палітычныя рашэнні таталітарнай эпохі. Вынікам гэтага стала глабальная дэфармацыя маральных асноваў навуковай супольнасці.
Вернемся да трапных характарыстык Л. Гінзбург, якая магла назіраць гэтакае становішча ў Ленінградзе: