Читаем Гісторыя і міфы полностью

Пачалі з навукоўцаў-практыкаў. У гістарычнай навуцы імі былі краязнаўцы. Было разгромленае Беларускае краязнаўчае таварыства. Краязнаўцы на месцах утваралі асновы каранёвай культуры, чалавека, яго грамадзянскасці, маральнасці. Краязнаўцы перашкаджалі хлусіць, насаджваць міфы замест навуковых ведаў. Іхная праца была непазбежнай на фоне рэальных абставін пераходу ад 20-х да 30-х гадоў. Краязнаўцы даражылі маральнымі каштоўнасцямі. Яны спрабавалі захаваць правераныя часам асновы культуры, правінцыйныя сувязі, не даць магчымасці перапампаваць усё тое, што вызначалася, у сталіцу. Краязнаўства — гэта не толькі навука, але і інтэлектуальны, грамадскі рух. Краязнаўцы ўзгадоўвалі цікавасць да асобнага, непадобнага тады, калі насаджалася ўніфікацыя думкі і побыту. Вось чаму ім не было месца ў сталінскай мадэлі таталітарызму, і іх знішчылі [17].

У Сталіна была свая канцэпцыя кіравання ідэалогіяй. Яе сэнс вызначалі наступныя ўстаноўкі. Першай быў супраціў культуры ягонай краіны (зразумела — расейскай) культуры заходняй (якую абвясцілі буржуазнай наскрозь). Для чаго гэта рабілася? Каб ва ўмовах, што ўзніклі пасля супольнай з альянтамі перамогі над гітлерызмам, паставіць заслон на шляху духоўнага і культурнага збліжэння з народамі гэтых краін як надта небяспечнага для таталітарнага ладу мыслення.

Другой было далейшае самаўзвышэнне і самасцверджанне з дапамогаю пазанавуковых сродкаў уласнай асобы як найвышэйшага суддзі ва ўсіх пытаннях культуры, улучаючы навуку, дзеля таго каб запанавала аднолькавасць, аднастайнасць, абавязковае для ўсіх тлумачэнне з'яваў грамадства і прыроды, якое б знаходзілася пад кантролем партыйна-бюракратычнага апарату.

Пачаліся навуковыя паводле формы, але антынавуковыя паводле сутнасці дыскусіі. У Беларусі квінтэсэнцыя ўсіх гэтых дыскусій была змешчаная ў кнізе дырэктара Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР В. Шчарбакова «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі» (Менск, 1932).

У кнізе В. Шчарбакова можна знайсці суворую крытыку «перакручванняў» гісторыі з боку беларускіх нацыяналістаў, вялікадзяржаўных шавіністаў, бундаўскіх, сіянісцкіх, трацкісцкіх інтэрпрэтацый гісторыі. Можна сказаць, што гэтая кніга была юрыдычным абвінавачваннем асноўным кадрам гістарычнай навукі Беларусі. Сама цікавае, што яе змест амаль без зменаў характарыстык лёг у аснову аднаго з трох раздзелаў манаграфіі сучаснага гісторыка У. Міхнюка «Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии» (1919–1941 гг.) (Менск, 1985) з сімптаматычным назовам «Идейно-теоретическая борьба в исторической науке и становление ее марксистско-ленинской методологии». А Шчарбакоў у кнізе характарызуецца як гісторык, які «ў гістарычнай навуцы займаў цвёрдыя партыйныя пазіцыі і актыўна змагаўся супраць апартунізму і перакручванняў марксізму-ленінізму» [18].

Той факт, што сам Шчарбакоў трапіў у косцедрабільны механізм той пякельнай машыны, часцінкай якой быў, і загінуў пад час рэпрэсій, нічога не мяняе.

Пасля Шчарбакова на полі ідэйнай барацьбы супраць «ворагаў» у гістарычнай навуцы Беларусі добра працавалі ягоныя ідэйныя пераемнікі К. Шабуня, Л. Абэцэдарскі, А. Залескі і іншыя.

У 8-м нумары часопіса «Бальшавік Беларусі» за 1948 год былі надрукаваныя «Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР (частка першая)», складзеныя калектывам аўтараў на чале з К. Шабунем. Л. Абэцэдарскі, выкарыстаўшы «Тэзісы», развіў іх у тую сістэму, якая лепей за ўсё адлюстравалася ў ягонай брашуры «У святле неабвержных фактаў» (Менск, 1969). (Гэтая праца была перавыдадзеная па-расейску ў вядомым сваёй ідэалагічнай накіраванасцю і адначасова двухсэнсоўным назовам выданні ЦК КПБ «Дары данайцев» (Менск, 1987) як зброя для барацьбы супраць руху за незалежнасць і чалавечую годнасць.)

Потым надышлі часы, калі Л. Абэцэдарскі разам з В. Яфрэмавай, Я. Карнейчыкам, К. Шабунем даў адмоўную ацэнку «Нашай Ніве» ў № 5 «Коммуниста Белоруссии» за 1963 год, а пасля таго ён жа з іншымі паплечнікамі ў 1966 годзе выступіў супраць тэорыі беларускага характару Вялікага Княства Літоўскага. У 1974 годзе зноў жа супраць гэтай тэорыі выступалі І. Ігнаценка, З. Капыскі, а ў 1973 годзе быў забаронены сімпозіум па праблеме беларускага этнагенезу. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў дакладзе П. Машэрава на ХIII пленуме ЦК КПБ «Аб далейшым павышэнні дзейснасці ідэйна-палітычнай работы ў святле рашэнняў XXIV з'езда КПСС». Першы сакратар ЦК КПБ наракаў на «адгалоскі пазакласавага аб'ектывізму» ў некаторых беларускіх гісторыкаў. Хапала яшчэ такіх выступаў, якія трымалі ў надзейных цуглях гуманітарныя веды Беларусі.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже