Читаем Гісторыя і міфы полностью

Ачыстка калектыўнай памяці праводзілася перш за ўсё шляхам фізічнага знішчэння жывых сведкаў гісторыі. Сістэматычны тэрор знішчыў паслойна інтэлігенцыю — захавальніцу народнай памяці, улучаючы ўсіх прадстаўнікоў буржуазных партый. За імі пайшлі эсэры, потым марксісты-меншавікі і ўрэшце марксісты-бальшавікі.

Пасля гэтага пачаліся рэгулярныя чысткі сярод новага пакалення гуманітарыяў. І кожны раз народ пазбаўлялі ад часткі ягонай калектыўнай памяці, ад часткі ягонай гісторыі. Замест гэтага насаджалася памяць пра тое, чаго на самой справе не было, — штучная памяць [9].

Мінулае ці адмянялі, ці вярталі, і чалавека пакідала бачанне ў ім трывалай апоры. Улада спыняла час, бо рух часу таіў у сабе перамены. У чалавека кралі час і памяць. Было ўсё роўна, што гаварылася, што абяцалі яшчэ ўчора. Хлусня станавілася непакаральнаю. Адсутнасць памяці адкрывала перад хлуснёю шырокае поле дзейнасці.

Толькі з упадкам камунізму мы вярнуліся ў свет гісторыі. Гэта можа гучаць дзіўна, бо, уласна кажучы, марксізм быў аглядам гістарычнага свету, пабудаваным на разуменні чалавека, якія ўпісваўся ў гістарычны працэс, і на дэтэрмінізме, які гэтым працэсам кіруе. Але калі камунізм стаў панавальным і адзіна слушным светапоглядам, ён увёў сапраўдную феадальную стабільнасць, затрымаў гісторыю.

Яшчэ павінна адбыцца апошняя, канчатковая барацьба між злодзеямі памяці і абкраданымі імі нацыямі, грамадствамі і асобамі.

РЭПРЭСІІ Ў НАВУЦЫ. ЯК РЭПРЭСАВАЛАСЯ НАВУКА

У выпадках, калі выключаюцца дыскусіі, пачынаюцца рэпрэсіі.

А. Белінкоў


Кому быть живым и хвалимым,

Кто должен быть мёртв и хулим,

Известно у нас подхалимам

Влиятельным только одним.

Не знал бы никто, может статься,

В почете ли Пушкин иль нет,

Без докторских их диссертаций,

На всё проливающих свет.

Б. Пастернак


Масы беларусаў на працягу дзесяцігоддзяў выхоўваліся ідэалагічнай машынай «у святле вядучага значэння класавай барацьбы» і неадлучнасці лёсу свайго краю ад лёсу ўсходняга суседа. А што ж спецыялісты гісторыкі — ці ж яны не ведалі праўды пра мінулае, ці ж яны не маглі неяк паспрабаваць давесці яе да шырокіх колаў?

Уся справа ў тым, што між чытачамі і сапраўднымі ведамі пра мінулае знаходзіліся не гісторыкі Беларусі, а гісторыкі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Яны выхоўваліся самі і метадычна выхоўвалі іншых у міфалагічным кірунку. Рабілася гэта дзесяцігоддзямі.

Каб такое адбылося, спатрэбілася беспрэцэдэнтная ў гісторыі чалавецтва праца — стварэнне феномена рэпрэсаванай навукі. Аб'ектам рэпрэсій пры таталітарным рэжыме сталася навуковая супольнасць у цэлым, ягоная ментальнасць, ягонае жыццё ва ўсіх праявах. Адны навуковыя дысцыпліны — генетыка, педалогія — забараняліся, другія дэфармаваліся, трэція — асабліва гісторыя і філасофія — скажаліся [10].

Навуковая супольнасць пад уздзеяннем ідэалагічнага дыктату перажыла глыбокую дэфармацыю. Бальшыня навукоўцаў падпарадкавалася партыйна-бюракратычнаму дыктату, захоўваючы, з аднаго боку, успрымальнасць да голасу навуковага сумлення, а з другога, вымушаная жыць з расшчэпленай свядомасцю, падвойнай мараллю.

Гістарыяграфія (гістарычная навука), якая заклікана сумленна адлюстроўваць падзеі мінулага, ператварылася ў кампанент рэпрэсаванай навукі. Атручаная ленінізмам-сталінізмам гістарыяграфія не магла адэкватна рэканструяваць мінулае. Між тым, як вядома, веды пра мінулае служаць абавязковаю ўмоваю разумення таго, адкуль мы ўзяліся і з чым належыць ісці ў будучыню.

Адміністрацыйна-карныя захады былі (ці не ўпершыню?) ужытыя да іншадумцаў, якія не рабілі ўчынкаў, накіраваных на гвалтоўнае звяржэнне тагачаснага ладу, у верасні 1922 года. Тады болей за сотню навукоўцаў-гуманітарыяў былі высланыя з Савецкай Расеі за мяжу.

Звычайна пры гэтым цытаваўся надрукаваны ў Поўным зборы твораў У. І. Леніна ліст Ф. Э. Дзяржынскаму за 10 траўня 1922 года, у якім Ленін прадстаўлены як чалавек, які прапануе абмеркаваць усе «захады падрыхтоўкі да іхнай высылкі». Вядома, высылка — гэта не турма, не лагер, не расстрэл. Але калі ўдумацца, то ці магчыма такое ў цывілізаваным свеце толькі за іншадумства, за тое, што навукоўцы выказвалі свае навуковыя, а не палітычныя разважанні аб новым савецкім ладзе, разглядалі яго з навуковых, а не палітычных бакоў?

Для нецывілізаванага ж свету высылка, як і рэпрэсіі і нават пагібель асобаў, якія самастойна мысляць, наканаваная, бо таталітарызм у прынцыпе выкараняе інтэлігенцыю, як сілу, здольную да крытычнага творчага мыслення («рознадумнасці») і да незалежнай творчай ролі.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже