Таталітарызм вызваліў у людзях незвычайную лютасць. Яна ж у канчатковым выніку засноўваецца на таямнічай схільнасці чалавека да ліха. Гэта добра паказаў у сваёй жорсткай прозе Шаламаў. Толькі штосьці такое магло спрычыніцца да ўзнікнення канцэнтрацыйных лагераў і лагераў знішчэння, сістэмы грамадскага кантролю, установаў, што выпрацоўвалі хлусню, урэшце, невядомага датуль перманентнага забойства люду.
Таталітарызм патрапіў здабыць найгоршыя сілы, дзякуючы якім ён трымаўся, існаваў. Як піша пісьменнік В.П'ецух, тысяча гадоў хрысціянства пайшла прахам, як толькі чалавеку дазволілі рабаваць і забіваць [8].
Камуністычная, як і іншая, фашысцкая, таталітарная ментальнасць адпавядае натуры пэўных тыпаў людзей. Яна спрадвечная. Яе можна прасачыць ва ўсёй гісторыі. Гэта адзінаўладства, нянавісць да грамадства, дзяленне яго на антаганістычныя часткі, тэрор, дэмагогія, нігілізм. Атрымліваецца хаос у думках, які ў такіх умовах ствараецца і вядзе да прымітыўнага мыслення. Выхаваны гэтакім чынам фанатызм выклікае ў чалавеку больш энергіі, чым дабрыня і мяккасць. Таму фанатыкам лягчэй навязаць іншым сваю волю і дамагчыся ўлады.
У пэўных пластах нашага грамадства карэніцца такі тып субкультуры, па мерках якой ужыванне фізічнай сілы ў развязанні канфліктаў — геройства. Выхаваныя яшчэ з дзяцінства ў бацькоўскай сям'і, такія ўяўленні жывуць у чалавеку ўсё жыццё.
Таму не трэба здзіўляцца, што пераадоленне таталітарызму мусіць адбывацца наступным шляхам: здабываючы з чалавека лепшае, згодна таму, што казаў апостал Павел: «Перамагай ліха дабром» (Пасланне да Рымлянаў, 12, 21).
ЗРУШЭННЕ МАРАЛЬНЫХ КАШТОЎНАСЦЯЎ
Паняцці дабра і ліха былі выкараненыя са свядомасці савецкага чалавека. Мая студэнтка Л. Палякова падала ў якасці кантрольнай працы «Нарыс з гісторыі міфаў народаў СССР (Алегорыя ва «Уладары пярсцёнкаў» Дж. Толкіена і лёс гэтай кнігі ў савецкай таталітарнай дзяржаве)». Кніжка Толкіена — гэта байка. Яе падзеі адбываюцца ў фантастычныя часы. Там паказана адчуванне ліха, каралеўства ліха, у якое адным трэба падарожнічаць, каб знайсці пярсцёнак, а другім потым ісці туды ж, каб кінуць пярсцёнак у жарало вулкана.
Частка трылогіі пра ўладара пярсцёнкаў пісалася пад час вайны пад беспасярэднім уплывам барацьбы дэмакратыі супраць адной з формаў таталітарызму. Толкіен быў хрысціянінам і пісаў свае байкі, каб у межах цывілізацыі, якая страціла ўражлівасць да хрысціянства, перадаваць асноўны хрысціянскі светапогляд. Наша моладзь, да якой першая частка трылогіі трапіла ў 70-х гадах, а іншыя толькі ў 1990–1991 гг., ніколі не чытала Бібліі і атрымала праз папулярныя кніжкі Толкіена мадэль асноўнага адрознення дабра ад ліха, а таксама ўяўленне пра каралеўства ліха: адчуванне сканцэнтраванай аўры ў грамадстве, у якім няма свабоды. Грамадства ліха Толкіена бярэ прыклад з кожнага ладу без свабоды, заснаванага на ўзаемным страху.
Пазбыванне памянёных рысаў таталітарызму — справа даволі цяжкая. Да свабоды мы яшчэ не падрыхтаваныя. Нам хочацца пераскочыць цераз нялёгкую працу выхавання свабоды, цераз берамя развіцця саміх сябе. На працу жыцця адважыцца цяжка. Але толькі гэта і ёсць свабода.
Прага суверэннасці асобы шукае пацверджання ў мінулым. З кожным этапам так званай перабудовы і пасляперабудовачнага перыяду, з кожным крызісам паслякамуністычнай улады пашыраюцца межы пераменаў у грамадскім жыцці. Думка адстае ад гэтага. Прымхі апераджаюць аналіз і здаровы сэнс. Духоўны землятрус стаўся непрадбачаным шмат для каго. Акрамя гэтага, народ не прызвычаіўся да прапанаваных яму дэмакратычных вартасцяў, тым больш што прышчэпліваннем іх у Беларусі «паспяхова» займаліся кіраўнічыя пласты грамадства, якія паказалі, што здолелі фармальна абысціся без КПСС і без СССР.
Сённяшняе неўспрыманне значнай колькасцю жыхарства дэмакратыі тлумачыцца і тым фактам, што пры Хрушчове і Брэжневе не забівалі. Гэта для малодшых за маё пакаленне людзей засланяла папярэднія жахі Сталіна.