Наадварот, права паўсюдна абгароджана недаверам. Адсутнічае павага да права і да іншага чалавека. Паказальнае ў гэтым плане стаўленне да нутраных і вонкавых «чужых». Яго адлюстраванне — «народны імперыялізм» («мы вас освободили, а вы не хотите жить по-нашему»). Тут яскрава выражаны расейскі месіянізм, гэта значыцца вера ў выратавальную для ўсяго свету ролю Расеі.
А ўрэшце існуе арыентацыя на саміх сябе («мы ў свеце сама лепшыя і сама першыя»), што спрычыняецца да трывалага самападману.
НАВУКА І ТАТАЛІТАРЫЗМ
Чаму мы навучыліся пад час мінулай эпохі? Калі б да таго мы ведалі аб'ектыўна напісаную дарэвалюцыйнымі расейскими і ранейшымі ды сучаснымі замежнымі навукоўцамі гісторыю, калі б мы ўважліва чыталі тэксты вялікай літаратурнай традыцыі ад Сафокла і Шэкспіра да Мак'явэлі і Дастаеўскага, вялікія біблейныя і псіхалагічныя творы, дык нічога новага ў гэты час не даведаліся б. Таталітарызм быў вялікай хлуснёю пра чалавека. Чалавек не воўк другому чалавеку з пункту погляду дзяржаўнай улады. Ён, як ні прыкра гэта канстатаваць, ёсць ім заўсёды і паўсюды, калі толькі пачынае лічыць, што нявартыя патрабаванні маральнасці і наказы сумлення, гэта значыць, тое адзінае што можа зрабіць з яго людскую істоту.
Быць «воўкам» не азначае толькі драпежнічаць без усялякага сораму, але азначае істоту, здольную да ўсялякіх злоўжыванняў і разбэшчвання, калі толькі яна паддаецца спакусе ўлады над іншым чалавекам.
Мы навучыліся адкрыццю таго, якія формы здзічэласці змаглі нарадзіцца ў Эўропе, у яе культуры, якая ганарылася тым, што ўкараніла людзям пачуццё вольнасці духу і маральных патрабаванняў. Пладамі гэтай культуры былі дзве найстрашнейшыя формы таталітарызму: нацызм і камунізм. Памятаючы памеры злачынстваў гітлераўскіх лагераў ці сістэмы, у якой ГУЛаг быў толькі адной з ячэек, можна глядзець на Рычарда III Шэкспіра ці Раскольнікава як на шэраговых бандытаў.
Змяняючы памеры, гэтая праблема змяніла істоту, тым больш што мы дазналіся гэта не з кніжак, а праз жыццё, цярпенне ці смерць тых, хто перанёс гэтую сістэму.
Чаму мы навучыліся? Таму, пра што не варта забывацца, маючы ў памяці традыцыю: чалавек — гэта істота, якая можа ўсё сказіць, бо дух, які сведчыць пра ягоную веліч, здольны таксама на ліха і разбэшчанне. Іншымі словамі, сіла і вялікасць чалавека паходзяць з яго выключнай уражлівасці, а найбольшай пагрозай для чалавека становіцца ўрэшце ён сам і вольнасць, якой ён слушна дамагаецца. Сама істота чалавека змяшчае ў сябе патрэбу вольнасці, якой нельга выкараніць.
Паводле эфекту бумеранга, менавіта сутнасць сталінска-брэжнеўскага рэжыму выклікала ў людзей непераможнае імкненне жыць па-новаму. Але свабода, як і розум, можа быць шалёнай і разбэшчанай.
Ад перыяду Асветніцтва мы жывем у Эўропе, лічачы, што крыніцаю і свабоды чалавека ёсць розум — сіла, што прыводзіць у рух гісторыю, які імкнецца да шчаслівейшай будучыні. Розум імкнуўся распазнаваць у гісторыі кожнага грамадства прагрэс. Жылі пакаленні, перакананыя ў гэтым, але яны не ўсведамлялі, што гэта ілюзія, і меркавалі, што пазбавіліся каранёў ліха, якія існуюць у людской істоце, як трывожная магчымасць.
На пачатку новай гісторыі Рабле пісаў, засцерагаючы, што «навука без сумлення — гэта толькі руіны душы». У імя надта ўпэўненага ў сабе розуму мы дапусцілі да разрыву паміж развіццём нашых ведаў і патрабаваннямі сумлення. Гэта небяспечна, бо пры гэтым можа развівацца існая ў чалавеку супярэчнасць. Чалавек не анёл і не д'ябал. Але хочучы лічыць сябе анёлам, ён несвядома паводзіць сябе дэманічна, становячыся здольным чыніць ліха і знаходзіць у гэтым асалоду. Філасофская традыцыя пазбягала ў бальшыні выпадкаў пытання, якое рэальнае існаванне ліха ставіць людскому сумленню. Калі ж яна і ставіла такое пытанне, то ў сэнсе ліха, ахвяраю якога станавіўся чалавек, хаваючы тое, што ён можа адкрыць у самім сабе.
Між тым наша стагоддзе выявіла тое ліха, на якое чалавек здольны, становячыся адзіным гаспадаром свабоды жыцця людзей, такіх як ён. Гэта стагоддзе, якое распачалося гвалтам Першай сусветнай вайны і генацыдам армян, а потым несла з сабою вынішчэнні ў Дахаў, Асвенцыме, Катыні, гета, ГУЛагу і шмат дзе яшчэ: гісторыкі поўнасцю складуць гэты спіс. Кожны з нас мусіць разважаць пра тое, чым сапраўды з'яўляецца чалавечая істота. Бо спрэчнасць захоўваецца ў самім чалавеке. Гэта лепей вядома з часоў Фройда, які знаходзіўся ў нас пад забаронай. Ведалі б тое лепш, калі б чыталі і Фройда, і забароненага таксама святога Аўгустына, Паскаля ці Дастаеўскага. Яны распавядаюць на тэму трагізму людской істоты.