— ідэя дрэнна зразуметага эгалітарызму (ураўняльнасці), які атаесамляецца з сацыяльнай справядлівасцю, перакананне, што назову «праца» заслугоўвае толькі праца фізічная, што людзі працы толькі тыя, хто вырабляе матэрыяльныя рэчы. У выніку гэтага рабочы па-старому лічыцца соллю зямлі, бо ў гэтым грамадстве не разумеюць таго, што для гаспадаркі важнейшыя капітал, абарот, тэхнічная думка, сур'ёзная адміністрацыя, а перадусім навуковая думка,
— адсутнасць павагі да прыватнай уласнасці (хоць і не варта з яе рабіць ідала),
— схільнасць да парываў і няўменне будаваць, страта традыцый дзяржаўнасці, няўменне жыць дэмакратычна, брак разумення грамадзянскіх дабрачыннасцяў [3].
Дадам яшчэ меркаванне расейскага сацыёлага Аляксандра Абалонскага, які ў даследванні «Кансерватыўны сіндром у савецкай калектыўнай свядомасці», змешчаным у ангельскамоўным часопісе «East-East» [4] (Сафія), 1992, № 1, у элементы названага сіндрому залічвае найперш:
— антыперсаналізм, які выражаецца ў нецярпімасці і ў рэпрэсіўным антыіндывідуалізме, у вяртанні да статкавых інстынктаў. Гэты антыперсаналізм выяўляецца ў шэрасці людскога адзення і смутку на тварах, шэрасці аднолькавых вуліц і цэлых гарадоў, якія ў партыйныя святы запаўняліся аднолькавымі прапагандысцкімі «дэкарацыямі». На ўсё жыццё запомніцца плакат 70-х гадоў ХХ ст. на шматпавярховым фасадзе Лендзяржбуда ў пачатку Неўскага праспекта з азызлым тварам, вялікімі брывамі і вачыма[2]
, утаропленымі проста на будынак Зімовага палаца. Большага сутыкнення безгустоўнасці з густам Растрэлі нельга сабе ўявіць.І гэты твар паглядаў на нас у кожным горадзе, і кожны грамадзянін ведаў цану баявым і працоўным подзвігам маршала, чый твар узіраўся ў нас.
Ідэалогія нясе аднолькавасць, уніфармізм, а там, дзе ўніфармізм, там родзіцца шэрасць. І не толькі шэрасць, але і тэрор.
Поўная ўніфікацыя небяспечная ў навуцы, у філасофіі, у грамадскім ладзе, у грамадскіх арганізацыях. Гэта не значыць, што трэба імкнуцца да атамізацыі, да расцярушання, пра якія сёння гавораць прыхільнікі філасофіі дэканструкцыяналізму. Павінна быць раўнавага. Нас звязваюць родная мова, нас звязвае наша дзяржава, традыцыя. Усялякія радыкалізмы небяспечныя: і тыя, што хацелі ўзбуйніць усё ў адно, і тыя, што хацелі б разбіць грамадства.
Ідэі камунізму мелі сваю прыцягальнасць. Некаторых магла вабіць Марксава тэорыя, але ці вабіла канкрэтнае савецкае жыццё? Бадай, не. Я ведаў маладога камсамольца з вытворчасці, які, патрапіўшы ў Парыж па пуцёўцы, назаўсёды ўзненавідзеў савецкі лад. Гэтая шэрасць, гэтае ачмурэнне, гэтая тупая дысцыпліна, наказы і забароны, калупанне ў асабістым жыцці кожнага — тое трэба, таго нельга, гэтае вернае паслухмянства з боязі перад вынікамі і прыгожыя словы на вуснах. А над усім гэтым пачуццё, што не варта быць сабою, кімсьці з уласнай індывідуальнасцю, але трэба патануць у гэтай грамадскай масе.
Калі д'ябал сядзіць у камунізме, то перш за ўсё ў гэтай шэрасці, якая не дазваляе мысліць не так, як іншыя, якая патрабуе поўнай падданасці, ажно да прызнання няздзейсненай віны за сваю.
Што яшчэ дадаць да гэтага? Кожная спроба вырвацца з масы, нават адзеннем, паводзінамі, лічылася сігналам небяспечнага супраціву. Ці ж не былі мы сведкамі палявання на вузкія, а потым на шырокія калашыны нагавіц у юнакоў ці пасля ўвогуле на жаночыя нагавіцы? А на джаз? На рок? І г.д.
Пры гэтым ладзе калектыў разглядаўся як святыня, толькі ягоная воля, толькі ягоныя інтарэсы былі важнымі. Адзінка, нават геніяльная, не мела такога значэння. Супраціў яе калектыву быў злачынствам. Незалежнасць адзінкі, яе права на ўласныя перакананні былі буржуазнымі катэгорыямі.
Ці ж варта было дзівіцца апатыі савецкага чалавека? За гэтай апатыяй, за словамі «ўсё роўна» ці «ўсё адно» тоіцца ўплыў сістэмы.
Абыякавасць назіралася не толькі з боку аб'екта ўплыву сістэмы. І сістэма абыякава ставілася да людской адзінкі. Калі вязняў на этапах кармілі селядцамі і не давалі вады, то звычайна гэта не было запланаваным катаваннем. Проста ў тыя часы рыба была таннай. Існавала правіла: загадалі карміць — накармілі. Тое, што «зэк» потым пакутуе ад смагі, нікога не цікавіла. Не цікавіў ніколі адзін чалавек, а што там казаць пра вязня? Д'ябал сядзіць не ў гэтым катаванні, ён сядзіць у абыякавасці да чалавека.
А. Абалонскі залічвае ў элементы «кансерватыўнага сіндрому» посттаталітарызму стаўленне да памерлых, якое выражаецца ў прафанаванай трактоўцы смерці, а я дадам: і ў стаўленні да могілак.
Дачыненні між асобаю і грамадствам праяўляюцца перадусім у разнастайным комплексе ніжэйшасці ў розных формах калектыўнага жыцця. Ягонымі аспектамі ёсць агрэсіўнае самапацвярджэнне, стасункі паміж адзінкай і ўладай. Дэспатычны, азіяцкі характар гэтых стасункаў ніколі не эвалюцыянаваў ва ўмовах Расейскай імперыі і яе пераемніка Савецкага Саюза ў бок эўрапейскага абсалютызму, дзе сіла стрымлівалася правам.