Читаем Гісторыя і міфы полностью

Што ж засталося ў розумах людзей, якія на працягу пакаленняў мусілі цярпець трывалы вытанчаны націск неабходнасці хавання сваіх думак? А гэты націск крыўднейшы за эканамічнае і палітычнае панаванне над людзьмі. Таму і цяпер засталася звычка да фальсіфікацыі рэчаіснасці.

Жыццё ў такой хлусні — гэта не вынік простай раздвоенасці і адсутнасці раўнавагі ў грамадскай прасторы паміж вартасцямі, якія прапагандуе грамадства, і сапраўдным жыццём людзей. Гэта непазбежны вынік сістэмы, якая хлусню і двудушнасць зрабіла прынцыпам свайго ўплыву на людзей. Калі «афіцыйная праўда» ці тая праўда, якую належала публічна вызнаваць, не ёсць тою праўдаю, якую чуюць дома, калі трэба вучыцца ў дзіцяці, што «праўда» не адна, калі падманы, прыпіскі і кампрамісы, якія падтрымлівала ўлада, робяцца нармальнай умовай для захавання становішча, жытла ці проста трывання, людзі не могуць выйсці цалкам непашкоджанымі з сістэмы, якая робіць з крывадушнасці ў такіх памерах прынцып кіравання.

Гэта быў час разбэшчвання, гэта значыць свядома праводжанага ў жыццё перакрыўлення асноўных людскіх каштоўнасцяў: тое, што было ліхам, называлася дабром, а той, хто меў уладу, лічыў, што мае права перасоўваць дзеля сваёй карысці мяжу між дабром і ліхам.

І гэта тым часам, калі ў грамадскім жыцці ніхто не можа прысвоіць сабе права валодання манаполіяй на праўду і дабро. Прызнанне гэтага права абавязвае кожнага да цярпімасці і прызнання іншай асобе (у рамках дэмакратычных спрэчак) права на адрознасць.

Найбольш непакоіць тая частка спадчыны таталітарнай ідэалогіі, якая зацерла мяжу між дабром і ліхам, як зацерла яе між маральнасцю і палітыкай. Яна хацела падпарадкаваць маральнасць палітыцы. А гэта адкрыла шлях да ўсялякіх надужыццяў улады.

Таталітарная сістэма займалася спецыфічным разбэшчваннем, якое так добра прышчапіла механізмы страху і пачуцця віны, што зрабіла з хлусні і падману банальны спосаб захавання, бесперапынна маскуючы або перакідваючы пачуццё віны на іншых.

Камунізм вучыў слушнай праўдзе, што нельга быць ні ў кім упэўненым, што неразгаданай застаецца як адвага чалавека, так і яго нікчэмнасць, што яны часам спадарожнічаюць, як неразлучная пара. Паслякамуністычны «левы» рух ганарыцца такой асобай, як Імрэ Надзь — камуністычны правадыр вугорскай рэвалюцыі восені 1956 г., якую ў СССР называлі «антыкамуністычным, контррэвалюцыйным мяцяжом». Надзя расстралялі, падманам выцягнуўшы са схову ў югаслаўскім пасольстве ў Будапешце, паабяцаўшы, што яго выпусцяць за мяжу, і, згодна з камуністычнай мараллю, не стрымаўшы слова гонару (бо слова гонару для «розуму і гонару эпохі» не існавала). Пры гэтым кіраўнік аперацыі генерал Сяроў трымаў пры расстрэле пад паху былога таварыша Надзя па ўрадзе, Кадара, для навукі; Кадар самлеў пры гэтым жудасным спектаклі. Той жа Сяроў завабіў пад слова гонару на перамовы ў 1945 г. вершаліну польскай Арміі Краёвай і выслаў іх на суд у Маскву, дзе даверлівых палякаў пасадзілі на доўгія тэрміны ў турмы, частка іх ніколі не вярнулася дамоў.

Надзя перазахавалі з гонарам у 1989 г. Але хутка выявіліся страшныя дакументы з архіва КГБ. У 1930 г. Надзь падпісаў у Маскве дамову супрацоўнічаць з ОГПУ. Адзінаццаць гадоў ён быў «інфарматарам» і спрыяў «ліквідацыі» шматлікіх вугорскіх камуністаў-эмігрантаў і савецкіх грамадзян. Сучасныя вугорскія посткамуністы (Грош і таварышы) ведалі мінулае героя 1956 года, але маўчалі, баючыся «разбурэння нацыянальнага помніка ў сэрцах вугорцаў».

Камунізм пазбаўляў чалавека годнасці. Варта прачытаць апошні ліст Бухарына да Сталіна за 10 снежня 1937 г. напярэдадні працэсу над ім. Аўтар ліста як ачмурэлы прасіў і маліў «Кобу»-Сталіна, каб той праявіў літасць. Страшна чытаць такі тэкст — сведчанне гэтакага чалавечага прыніжэння. Ён гаворыць пра тое, што ленінскі «ўлюбёнец партыі», колішні прэтэндэнт на першае месца ў партыі, адыгрываў ролю мізэрнага шматка.

Спадчынай камунізму ёсць разрыў міжлюдскіх сувязяў, страшэнная грубасць у дачыненнях, нагрувашчанне пакладаў агрэсіі.

Польскі філосаф Барбара Скарга (дарэчы, яна паходзіць з той часткі Заходняй Беларусі, што межавала з Усходняй) пісала, што, хоць паляк ніколі не быў дасканалым homo soveticus[1], усё ж ён набыў пад час сацыялізму ягоныя пэўныя рысы. Гэтымі рысамі, мне здаецца, валодаюць у першую чаргу грамадзяне былога СССР. Вось яны:

— брак пачуцця адказнасці за самога сябе, прывычка да таго, што ўсё будзе ўладжана кімсьці там, наверсе, а можа, боязь дзейнічаць па сваёй ініцыятыве,

— нядобрасумленнасць, якая паўсюды ўкрадваецца, нават у інтэлектуальнае асяроддзе, адсутнасць ідэалу добрасумленнасці, які быў знішчаны, ненармальнасць этыкі працы, якая засведчана шматлікімі прыказкамі (накшталт «работа не батон, не засохнет»),

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже