Бальшавікі праіснавалі за кошт бясплатнай працы і гандлю сыравінай даволі доўга. Савецкі Саюз вырваўся ў космас, па сутнасці распрануўшы да ніткі народ. Яму за гэта была ўдзячна дараваная адсутнасць водаправода і каналізацыі не толькі ў вёсках, а і ў меншых гарадах, незвычайная засмечанасць і дрэнны стан вуліц гарадоў, транспартных прыпынкаў, пад'ездаў і сходаў шматпавярховых дамоў, з поспехам пераўтвораных у грамадскія туалеты. Бальшавікі пакінулі свайму народу магчымасць неабмежавана піць горкую да страты арыентацыі ў часе і прасторы. Гэтаму народу навязалі такія фантомныя з'явы, як сацыялістычнае спаборніцтва, стаханаўскі ці гаганаўскі рух, якія старанна апявалі як найвышэйшыя дасягненні чалавецтва ў сваіх дысертацыях гісторыкі КПСС і марксісцка-ленінскія філосафы. Дзіву даешся, калі падумаеш, да якой ступені грэбавалі народам ягоныя кіраўнікі, якія выйшлі з гэтага ж народа! Яму паспелі трывала прышчапіць рэальную дэвальвацыю працы, арыентацыю на сацыяльную абароненасць, звужэнне часавага гарызонту, зайздрослівы эгалітарызм, калектыўны эгаізм і арыентацыю на пасрэднасць.
Мы мелі (і зараз маем) такіх неінтэлігентных, неадукаваных правадыроў, што горшых можна было адшукаць, бадай, толькі ва Ўгандзе, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы ці на Гаіці. Новы кіраўнічы клас паступова стаў арганічна аднародным, убогім знізу даверху з той пары, калі былі знішчаныя больш-менш здольныя і адукаваныя бальшавіцкія кадры.
Ніхто ніколі не пераканае мяне ў тым, што слесар чыгуначнага дэпо, тэхнік па будаўніцтве мастоў ці краўчыха з «Чырвонага Кастрычніка», якія б яны ні былі здольныя самародкі, не атрымаўшы нармальнай, а не партыйнай адукацыі, маглі кваліфікавана кіраваць палітыкай і эканомікай цэлай рэспублікі, а то і Саюза. А вось задушыць славянскую «Пражскую вясну» — якраз было пад сілу такім кадрам[3]
.Культурны ўзровень падобных кіраўнікоў мы ўбачылі на свае вочы, калі пачалі назіраць фігуру Хрушчова на тэлеэкране і слухаць ягоныя бясконцыя прамовы па радыё. Тады знікла таямніца, якой прыкрываўся Сталін. А яшчэ Вялікі інквізітар у Дастаеўскага наказваў кіраваць, абапіраючыся на цуд, таямніцу і аўтарытэт.
Найвышэйшы розум сістэмы ніяк не дасягаў узроўню, прыдатнага да вырашэння гістарычных задач. Гэта не выпадковасць, а заканамерны вынік развіцця.
Кіраўнічы пласт ні палітычна, ні інтэлектуальна не быў здольным вырвацца з таго кола, якое сам ён і абвёў вакол сябе. Ён быў засяроджаны на адной мэце і патрабаваў задавальнення сваіх нястрыманых, маніякальных патрэбнасцяў. Аднатэматычнасць, зашоранасць з гадамі прыводзілі прадстаўнікоў гэтага пласта да адрыву ад рэчаіснасці. Падобна наркаману, якому штодня патрабуецца пэўная доза наркотыку, камуністычныя палітыкі рэгулярна ўпырсквалі сабе новыя порцыі свайго палітыканства. Тыя, хто быў здольны зразумець існы стан рэчаў, знішчаўся, абвяшчаўся ворагам менавіта за гэта.
Грамадства было даведзенае да нізкага роўню ведаў (якія кіраўнікі, такія й падначаленыя, і наадварот), да абмежаванасці бачання свету, каб лягчэй было кіраваць. Для людзей не існавала іншага свету, апроч таго, у якім яны нарадзіліся. Іх не выпускалі за межы краіны. У свядомасці такіх людзей лёгка насадзіць стэрэатыпы, спрошчанае бачанне свету без духоўных каштоўнасцяў.
Спачатку знішчалі тых, хто ствараў такія каштоўнасці. Потым тых, хто ведаў ім цану і ведаў, што менавіта знішчаныя раней людзі іх стваралі. Калі страчвалася здольнасць да ацэнак, тады ніхто ўжо не разумеў, што ён рабіў, гэта і завецца барбарствам.
ДЭФАРМАЦЫЯ ПАМЯЦІ
Мэтаю сістэмы быў усеагульны кантроль за дзейнасцю і думкамі людзей. Парушыліся ўзаемадачыненні чалавека з часам. Чалавек пры гэтым траціў арыентацыю і разгубляўся.
Вобраз мінулага дэфармаваўся з гледзішча палітычных і ідэалагічных патрэбнасцяў. Тым болей што свядомасць фармуюць не толькі гісторыкі (якія дапамагалі містыфікаваць гісторыю), але і пісьменнікі і публіцысты, ідэолагі і палітыкі, агітатары і прапагандысты, якія карысталіся набыткам прэпараванай гістарычнай навукі ў духу сваіх уяўленняў.
Як пісаў гісторык А. Некрыч, партыйная ўстаноўка палягала ў тым, каб стварыць новую калектыўную памяць народа, дашчэнту выкінуць успаміны пра тое, што адбывалася ў рэчаіснасці, выкінуць з гісторыі ўсё, што не адпавядае ці проста зняпраўджвае гістарычныя прэтэнзіі камуністычнай партыі.
Гэтая ўстаноўка галосна нідзе не выказвалася. У мафіёзных структурах, а, згодна з назіраннем Густава Герлінг-Грудзіньскага, партыя адпавядала такой структуры, рашэнні апранаюцца ў імглістую форму, не фармулююцца выразна. Таму нікога з завадатараў схапіць за руку нельга. Падпарадкаваны сам адгадвае думкі свайго шэфа, ніколі не выказаныя напрасткі.
А вынік? Нацыя, якая страчвае памяць, страчвае сумленне. Злачынствы, учыненыя грамадству, застаюцца непакаранымі.