Ідэі марксізму набывалі дагматызаваныя формы. Асноўная бяда яго, паводле меркавання польскага тэарэтыка гісторыі Е. Тапольскага, у тым, што Маркс быў інтэрпрэтаваны па-пазітывісцку, у рамках канцэпцыі стадый гістарычнага развіцця. Ягоныя паслядоўнікі ўзялі з канцэпцыі Маркса толькі тое, што датычыла ідэалогіі. Але канцэпцыя Маркса глыбейшая за ідэалогію. Яна была глабальнай, бо амаль уся гістарыяграфія ХХ стагоддзя дапаўняла або карэктавала яе. Без Маркса не было філасофіі гісторыі ані нямецкага гісторыёсафа Макса Вэбэра, ані славутых французскіх тэарэтыкаў гістарычных ведаў Марка Блока і Люсьена Фэўра [22].
Але навуковая гісторыя, як было даведзена вышэй, не можа быць працягам ідэалогіі. Пераўтварэнне марксісцкай навукі ў дзяржаўную канцэпцыю было для яе згубным. У шматлікіх сацыялістычных краінах гэта прывяло да страты агульнай мовы з сусветнай гістарыяграфіяй. Да гістарычных ды іншых гуманітарных ведаў цалкам можна аднесці тое, што сказаў А. Камю пра літаратуру: «У краінах з таталітарным рэжымам літаратура гіне не толькі з прычыны, што яна адрэзана ад іншых літаратур. Кожны мастак, ад якога хаваюць рэальнасць ва ўсёй паўніні, становіцца калекам» [23].
Дагматызацыя марксізму вяла да таго, што ягоныя дагматызаваныя формы былі няздольнымі прадуктыўна ўздзейнічаць на творчую актыўнасць навукоўцаў, бо паралізавалі яе пагрозай адступлення ад прадпісанняў і заклінанняў «папоў марксісцкага прыходу» — партыйных функцыянераў, якія вызначалі, што пісаць і як пісаць.
Л. Гинзбург наконт гэтага піша: «В ХХ веке наука о поведении любила орудовать механизмами… В данном случае работает простой социальный механизм, хотя иногда и дающий довольно сложные психологические последствия. От гуманитарных деятельностей хотели отнюдь не их существа, но совсем другого. И соответственно поручали их людям, приспособленным к другому и полностью неспособным, а потому полностью равнодушным к выполняемому. Это непреложный закон, ибо способные непременно внесли бы в дело нежелательную заинтересованность по существу. Талант — это самоотверженность и упрямство. Так бездарность стала фактом огромного, принципиального общественного значения.
Но тут начинается драма этих людей и, уж конечно, тех, кто попадется им на дороге. Самодовольство — чаще всего только оболочка. Усилия удержаться (чтобы не заменили случайно умеющими) — это непрерывное зло и обман, от больших преступлений до малых бессовестностей.
Но механизм применения неподходящих втягивает всех — обыкновенных людей, хороших людей, к какому-то делу способных. Он прежде всего умерщвляет в них волю к продуктивному труду, тем самым и совесть. Как знать, может быть, бездарные молодые поэты могли бы стать настоящими рабочими, инженерами, летчиками, моряками» [24].
На працягу дзесяцігоддзяў адбывалася зрастанне афіцыйных гісторыкаў з апаратам партыйна-бюракратычнага кантролю і задушэння. Служба ў гэтым апараце адкрывала шлях да акадэмічных званняў і высокіх пасадаў з усімі прывілеямі, якія звычайна грамадства дае тым, хто ўзбагаціў навуку выдатнымі адкрыццямі. З апалагетаў бальшавізму складваліся аддзяленні грамадскіх навук акадэмій навук.
Так, сакратар ЦК КПБ Ц. Гарбуноў быў прызначаны акадэмікам і нават акадэмікам-сакратаром аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук БССР. Да пераходу ў Інстытут гісторыі АН БССР загадваў ідэалагічным аддзелам ЦК КПБ К. Шабуня, які быў абраны членам-карэспандэнтам акадэміі. Інстытут гісторыі камуністычнай партыі Беларусі ўвесь час быў па сутнасці аддзелам ці філіялам аддзела ЦК КПБ.
Сярод членаў Акадэміі навук СССР апынуліся спачатку начальнік Упраўлення агітацыі і прапаганды ЦК ВКП(б) Г. Аляксандраў, потым ягоныя намеснікі М. Іаўчук (які ў канцы 40-х гадоў быў другім сакратаром ЦК КПБ) і П. М. Федасееў. Іхнае членства ў акадэміі было нечаканасцю. Ні адзін, ні другі намеснік навуковымі працамі не праславіліся. Пасля персанальных непрыемнасцяў Г. Аляксандрава накіравалі ў ганаровую ссылку — прафесарам філасофіі Беларускага ўніверсітэта. Аднойчы, дзеля цікавасці, я хадзіў на адну з ягоных лекцый. Эрудыцыяй і красамоўствам, як я памятаю, лектар не вызначаўся.
Традыцыя фармавання корпуса акадэмікаў філосафаў і гісторыкаў з ліку партыйных функцыянераў была прадоўжаная і ў апошнія гады. Узнікла кагорта дзеячоў, якія, запоўніўшы мноства кафедраў і ўстановаў, стварылі службу ідэалагічнай паліцыі, закліканую выконваць прадпісанні кіраўнікоў камуністычнай партыі.
Псіхолаг М. Ярашэўскі адзначае, што ў навуковай псіхалогіі выпрацавалася паняцце пра «мысленне комплексамі» як пра адну з прымітыўных формаў разумовай дзейнасці. Рэгрэсіяй да гэтай формы адзначаныя развагі ўдзельнікаў псеўданавуковых дыскусій сталінскага перыяду і наступных уяўна дэсталінізатарскага перыяду Хрушчова і рэсталінізатарскага перыяду Суслава.
У гэтай форме разумовай дзейнасці ў комплексе зліваюцца ў дыфузнае эмацыйна афарбаванае цэлае прыкметы, сувязь якіх пазбаўлена рацыянальна прадуманай асновы.