Читаем Гронкі гневу полностью

— Кудысьці бяжыць, — паўтарыў ён. — Правільна — кудысьці кіруе. А я вось… куды кіравацца, не ведаю. У мяне на маленнях людзі, бывала, так наскачуцца, налямантуюцца, нагарланяцца на славу боскую, што як нежывыя падаюць на дол. Некаторых, каб прывесці ў прытомнасць, даводзілася акунаць у канаву. А пасля, ведаеш, што я рабіў? Пацягну якую-небудзь дзеўку ў густую траву і лягу з ёю. І так кожны раз пасля малення. А потым каяцца пачынаю. Малюся-малюся, а карысці ніякай. Другі раз зноў усе боскім духам прасякнемся, і я зноў за сваё. Нарэшце зразумеў: дайшоў я да краю — крыўлю душой перад богам. Хоць сам таго не жадаю.

Джоўд усміхнуўся і, прасунуўшы кончык языка між доўгіх зубоў, аблізнуў губы.

— Пасля такіх набажэнстваў самы раз у кусты іх цягнуць, — зазначыў ён. — Па сабе ведаю.

Кейсі ўсхвалявана падаўся наперад.

— Вось бачыш! — усклікнуў ён. — Я нарэшце зразумеў гэта і задумаўся. — Ён мерна махаў сваёй кашчавай рукой з вузлаватымі пальцамі ў такт словам. — Вось як пачаў я разважаць: я прасякся ласкай боскай, і паства мая так прасяклася ёю — аж скача і нема крычыць. А тут кажуць, што вадзіцца з жанчынай — сатанінскае насланнё. Але ж чым больш у жанчыне богам дараванай ласкі, тым мацней яе цягне ў кусты. Дык вось я і падумаў: як жа гэта так, чорт вазьмі… ох, прабач мне… як жа сатана падбярэцца да жанчыны, калі дух святы так і бруіцца з яе? Ужо ж тут, здаецца, сатане, як ні хітруй, ні з якага боку не падступіцца. А на справе выходзіць зусім іншае. — Вочы ў Кейсі блішчалі ад хвалявання. Ён паварушыў шчокамі і губамі і плюнуў. Плявок пакаціўся па зямлі, абвалокся пылам і ператварыўся ў шэры, цвёрды з выгляду шарык. Прапаведнік выставіў наперад руку, уставіў вочы на далонь, быццам на разгорнутую кнігу. — Вось я які… — ціха прамовіў ён. — Вось які я: у мяне ў руках чалавечыя душы, я адказваю за іх і адчуваю, якая вялікая ляжыць на мне адказнасць, а сам кожны раз пасля малення кладуся з жанчынай. — Ён глянуў на Джоўда. На твары ў яго была разгубленасць. У вачах — заклік аб дапамозе.

Джоўд старанна вывеў галінкай у пыле жаночы торс — грудзі, клубы, таз.

— Прапаведнікам я ніколі не быў, — сказаў ён, — таму не зяваў, калі што ў рукі плыло. І рознымі думкамі галаву сабе не забіваў — падвернецца што дзе калі, і я сам не свой ад радасці.

— Ну ясна, ты ж не прапаведнік, — упіраўся Кейсі. — Табе дзеўка — проста дзеўка. Што табе да яе. А мне жанчына — сасуд свяшчэнны. Я ратаваў іхнія душы. І вось, узяўшы на сябе такую адказнасць, я спачатку ўсяляў у іх дух святы, а потым цягаў іх у кусты.

— Можа, і мне не пашкодзіла б зрабіцца прапаведнікам, — уголас падумаў Джоўд. Ён дастаў з кішэні тытунь і паперу, скруціў цыгарку. Запаліў яе і скрозь дым пакасіўся на субяседніка. — Даўно ўжо я без жанчыны. Давядзецца наганяць.

Кейсі гаварыў далей:

— Я давёў сябе да таго, што начамі не спаў. Ідзеш на пропаведзь і зарок сабе даеш: «Сёння, далібог, не буду». Але яшчэ не дагаварыўшы, ужо ведаю — буду.

— Ажаніцца табе трэба, — сказаў Джоўд. — У нас жыў адзін прапаведнік з жонкай. Егавісты. Наверсе ў нас спалі. На маленне народ прыходзіў да іх у гумно. А мы, дзеці, падслухоўвалі, як жонцы ад яго даставалася пасля кожнага вячэрняга малення.

— Добра, што ты мне гэта сказаў, — ажывіўся Кейсі. — А то я думаў, што я адзін быў такі… Нарэшце не вытрымаў, кінуў усё і пайшоў. З тае пары ў мяне толькі адно ў галаве. — Ён падцягнуў калені да падбародка і пачаў выкалупваць гразь між пальцаў ног. — І вось спытаўся я ў самога сябе: «Што цябе мучыць? Юрлівы сверб?» І сам адказваю: «Не, не сверб, а тое, што ўсё гэта грэх». І зноў пытаюся: «Як жа гэта так? Чалавек, поўны вялікай павагі да бога, павінен, здавалася б, як мул, упірацца, каб не ступіць на грэшны шлях, дык жа ж не — яму карціць хутчэй штаны расшпіліць». — Ён мерна паляпаў двума пальцамі па далоні, быццам акуратна кладучы на яе словы радком. — Кажу я сабе: «Можа, ва ўсім гэтым няма ніякага грэху? Можа, людзі і павінны быць такімі? Можа, дарэмна мы мардуем сябе, выганяючы д'ябла?» І згадаў я, як некаторыя сёстры сцябаюць сябе метровымі абрыўкамі правадоў. І падумаў: можа, ім гэта прыемна, можа, і мне прыемна сябе мучыць? Я ляжаў тады пад дрэвам, думаў, думаў ды заснуў. Прачынаюся, гляджу — ноч, апраметная цемра. Недзе паблізу скуголіць каёт. І раптам само сабой так голасна ў мяне вырвалася: «К чорту ўсё! Ніякага грэху на свеце няма, няма і праведнасці. Ёсць толькі тое, што людзі робяць. Адно без другога не існуе. У людзей некаторыя справы добрыя, некаторыя нядобрыя, вось і ўсё, і то з якога яшчэ боку на гэта паглядзець». — Кейсі змоўк і адарваў вочы ад далоні, на якой ён нібы раскладаў словы.

Джоўд слухаў прапаведніка з усмешкай, але позірк яго быў востры і ўважлівы.

— Ты сваю веру ўсю ператрос, — сказаў ён. — З усіх бакоў абсмактаў.

Кейсі зноў загаварыў, і ў голасе яго гучалі боль і разгубленасць.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор