Сонечныя промні падалі на траву і грэлі яе, а ў цяні пад былінкамі варушыліся і снавалі казюлькі — мурашкі і мурашыныя львы, што ставілі ім пасткі; конікі, якія раз-пораз выстрэльвалі ў паветра, бліснуўшы жаўтлявымі крыльцамі; падобныя да маленечкіх армадзілаў макрыцы ўпарта прабіраліся кудысьці на сваіх незлічоных кволых ножках. А па траве ўсцяж дарогі, міма палатна, паўзла, цягнучы выгнуты купалам панцыр, балотная чарапаха — то ў адзін бок паверне, то ў другі. Яе шурпатыя лапы з жоўтымі кіпцямі разграбалі траву, не ступалі па ёй, а прадзіраліся праз яе, цягнучы на сабе грувасткі шчыт. Ячменнае зерне саслізгвала па ім, варсістае насенне канюшыны падала на яго і кацілася на зямлю. Цвёрдая дзюба чарапахі была трохі разяўлена, халодныя вочы насмешліва пазіралі наперад з-пад арагавелых надброўных дугаў. За ёю цягнуўся след — каляіна прымятай травы, наперадзе ўзгоркам узвышаўся дарожны насып. Чарапаха спынілася, высока задрала галаву, паміргала, прыжмурыла вочы, зіркнула ўгору, потым уніз і пачала ўзбірацца па адхоне. Кіпцюрастыя пальцы пярэдніх лап выпрасталіся, але зямлі не крануліся. Заднія ногі пачалі падпіхаць панцыр, і ён зашоргаў па траве, потым па жвіры. Чым круцейшы рабіўся насып, тым упарцей працавала чарапаха. Заднія лапы коўзаліся, зрываліся, падштурхоўваючы панцыр, лускаватая галава вытыркнулася наперад на ўсю даўжыню доўгай шыі. Панцыр памалу падымаўся па адхоне, пакуль шлях яму не перасек бетонны борцік шашы ў чатыры цалі вышынёй. Заднія ногі, нібы незалежныя ад тулава, падштурхнулі яго ўгору, да самага краю бар'ера. Шыя выцягнулася, і чарапаха глянула цераз борцік на шырокую цэментавую гладзь. Тады пярэднія лапы, якімі яна ўпіралася ў борцік, напружыліся, пасунуліся вышэй, і панцыр паволі палез уверх і перадам лёг на борцік. Тут чарапаха дала сабе адпачыць. Чырвоная мурашка шмыгнула пад панцыр, пад мяккае брушка, і раптам галава і ногі чарапахі схаваліся і браніраваны хвост шуснуў убок, пад свой шчыт. Чырвоную мурашку раздушыла паміж брушкам і лапай. Пад панцырам апынуўся і каласок аўсюка, змецены туды пярэдняй лапай. Чарапаха доўга ляжала нерухома, потым зноў высунулася галава на доўгай шыі, і халодна-насмешлівыя старэчыя вочы паглядзелі па баках, а з панцыра зноў высунуліся лапы і хвост. Заднія ногі заварушыліся, напружыліся, панцыр пераваліўся цераз борцік, і пярэднія ногі павіслі над палатном шашы. Але заднія падштурхоўвалі панцыр усё далей і далей, і нарэшце цэнтр цяжару перамясціўся, пярэдняя частка тулава нырнула ўніз, кіпці заскрэблі па бетоне, і чарапаха апынулася на насціле дарогі. А на яе пярэдніх лапах, абвіўшыся вакол іх сваёй бадылінай, засеў каласок аўсюка.
Цяпер ісці было лягчэй, і затэпалі ўсе чатыры нагі, панцыр, пагойдваючыся, папоўз наперад. Насустрач ехала адкрытая машына, за рулём сядзела жанчына гадоў сарака. Яна заўважыла чарапаху і крута збочыла ўправа, шыны віскнулі, узвіхрыўся пыл. Пярэднія колы на імгненне падскочылі ў паветра і адразу апусціліся. Шыны зноў счапіліся з палатном дарогі, і машына пайшла далей, толькі не так хутка, як раней. Чарапаха схавалася ў панцыр, але цяпер зноў высунулася з яго і пачала паспешліва перабіраць нагамі, бо бетон быў пякучы.
Наперадзе паказаўся невялічкі грузавічок, і, пад'ехаўшы, шафёр убачыў чарапаху і скіраваў проста на яе. Пярэдняя шына чыркнула па самым краі панцыра, падкінула чарапаху ўгору, як завостраны шпянёк, закруціла, як манету, і чарапаха скацілася з шашы. А грузавічок зноў вярнуўся на правы бок дарогі. Чарапаха доўга ляжала на спіне, схаваўшыся ў панцыр. Нарэшце высунуліся ногі, заварушыліся, шукаючы апоры, каб перавярнуцца. Пярэднія лапы намацалі абломак кварцу, панцыр пачаў пераварочвацца і неўзабаве плёхнуўся на траву купалам угору. Каласок аўсюка вываліўся, і тры востраканечныя зернеткі ткнуліся ў зямлю. Чарапаха папаўзла з насыпу і сваім ніжнім шчытком прысыпала іх пяском. Потым выбралася на палявую дарогу і, паторгваючыся, пасунулася па ён, выворваючы панцырам плыткі хвалісты равок у пыле. Старэчыя насмешлівыя вочы глядзелі проста наперад, арагавелая дзюба трохі разявілася, лапы з жоўтымі кіпцямі раз-пораз слізгалі па пыле.
Раздзел чацвёрты
Калі Джоўд пачуў, што грузавік зрушыў з месца і паехаў, набіраючы хуткасць, а дарога перарывіста загула пад напорам гумавых шын, ён спыніўся, павярнуўся і глядзеў яму ўслед, пакуль машына не знікла з вачэй. Ён так і застаўся стаяць, узіраючыся ў мігатлівае блакітнае марыва. У задуменні выняў з кішэні сваю пляшку, адкруціў металічны каўпачок, асцярожна пацягнуў з рыльца, правёў у ім языком і аблізаў губы, каб да канца адчуць смак віскі.
Ён паспрабаваў прыгадаць: «Там нам стрэўся афрыканец…», але далей ніяк не ішло. Тады ён адвярнуўся ад шашы і паглядзеў на дарогу, што пад прамым вуглом ішла ў поле. Шчодра прыпякала сонца, аселы пыл ляжаў, не патрывожаны ветрам. Каляіны на дарозе да краёў засыпала пылам. Джоўд зрабіў некалькі крокаў, і лёгкі, як мука, пыл заклубіўся перад яго новымі жоўтымі чаравікамі, зацерушыў іх і зрабіў шэрымі.