— Памыляецеся, містэр, — сказаў ён. — Нічога я хаваць не збіраюся. Так, я сядзеў у Макалестары. Чатыры гады адседзеў. Адзежу мне гэтую далі там перад выхадам. Пляваць мне, няхай усе ведаюць. Цяпер я дадому іду, да бацькі, на працу мне наймацца не трэба, дык навошта адмоўчвацца?
Шафёр сказаў:
— Мяне гэта не тычыцца. У чужыя справы я носа не соваю.
— Не соваеш? У цябе ж нос на восем міль наперад вытыркнуўся. Ты мяне ім так абнюхаў, як авечка капусту.
Шафёр насупіўся.
— Ты мяне не так зразумеў… — пачаў ён вяла.
Джоўд засмяяўся:
— Ты хлопец што трэба — падвёз мяне. Ну, адбыў я тэрмін. Дык што? Хочаш ведаць, за што мне далі?
— Мяне гэта не тычыцца.
— Цябе нічога не тычыцца — ганяеш сваю чортаву махіну ўзад і ўперад і больш ведаць нічога не хочаш. А цяпер глянь — бачыш палявую дарогу?
— Ну.
— Там я выйду. Ты, пэўна, у штаны напусціў — так карціць даведацца, за што мяне пасадзілі. Ну, не буду мучыць цябе. — Рокат матора стаў глушэйшы, песенька шын паніжэла тонам. Джоўд дастаў сваю бутэльку і зноў разок прыклаўся да рыльца. Грузавік пад'ехаў да грунтавой дарогі, якая пад прамым вуглом адыходзіла ад шашы, і затармазіў. Джоўд вылез і стаў каля акна кабіны. Выхлапная труба ленавата выпускала свой шызаваты дымок. Джоўд нахіліўся да шафёра. — Чалавеказабойства, — скорагаворкай прагаварыў ён. — Вось табе яшчэ адно доўгае слова. А прасцей кажучы, забіў я чалавека. Атрымаў сем гадоў. Мне скінулі да чатырох, бо сядзеў я ціха, як мыш.
Шафёр правёў позіркам па твары Джоўда, стараючыся запомніць яго рысы.
— Ні пра што такое я ў цябе не пытаўся, — сказаў ён. — Мая справа старана.
— Можаш раззваніць па ўсіх забягалаўках, адсюль і да самай Тэксалы. — Джоўд усміхнуўся: — Ну, бывай, дружа! Хлопец ты неблагі. Толькі памятай: хто пасядзеў у каталажцы, той здалёку пачуе, куды вецер вее. Ты і рота яшчэ раскрыць не паспеў, а мне было ўжо ўсё ясна. — Джоўд пляснуў далонню па металічных дзверцах: — Дзякуй, што падвёз. Бывай! — Ён павярнуўся і пайшоў на палявую дарогу.
Хвіліну шафёр моўчкі глядзеў яму ўслед, потым крыкнуў:
— Шчасліва!
Не азіраючыся, Джоўд памахаў рукой. Матор зароў, заскрыгатала перадача, і вялікі чырвоны аўтафургон скрануўся з месца.
Раздзел трэці
Бетонную стужку шашы з бакоў абступала густая высахлая трава з паніклым, пераблытаным бадыллём, і каласкі і галоўкі яе ашчацініліся асцюкамі і калючкамі: аўсюк — каб учапіцца ў сабачую поўсць, лісахвост — каб уплесціся ў конскую шчотку, канюшына — каб ухапіцца сваімі шчацінкамі за авечую воўну; не абуджанае яшчэ жыццё чакала, калі яго рассеюць, разнясуць на ўсе бакі, кожнае семечка было ўзброена адмысловым прыстасаваннем — кручочкам ці парашуцікам, дроцікам ці клубочкам з вострымі іголачкамі, і ўсё гэта чакала якой-небудзь жывёліны ці ветру, манжэтаў мужчынскіх штаноў ці падола жаночай спадніцы, чакала бяздзейна, але мабілізаваўшы ўсе свае сродкі, нерухома, але ў поўнай гатоўнасці да вандроўкі.