На двары стаяў грузавік з высокімі бартамі — нейкі дзіўны з выгляду грузавік: пярэдняя частка ў яго была, як у лімузіна, а ззаду верх быў зняты, і кузаў прыстасаваны для перавозкі грузаў. Падышоўшы бліжэй, падарожнікі пачулі стук, і, калі над гарызонтам выплыў асляпляльны абадок сонца і яго промні ўпалі на машыну, яны ўбачылі чалавека, у руках у якога, узлятаючы ўгору і апускаючыся, пабліскваў малаток. Сонца ярка гарэла на шыбінах вокнаў. Пацямнелыя ад часу сцены дома зрабіліся светлыя. Дзве рыжыя курыцы быццам запалалі пад адлюстраваным святлом.
— Не гавары моцна, — сказаў Джоўд. — Непрыкметна падкрадзёмся, — і так пашыбаваў, што клубы пылу падымаліся цяпер яму да пояса.
Яны апынуліся на краі баваўнянага поля. Увайшлі ў двор. Зямля тут была цвёрдая, утаптаная, як ток, і толькі дзе-нідзе на ёй прабівалася трава. Джоўд пайшоў цішэй, нібы баючыся чаго. Гледзячы на яго, і прапаведнік збавіў крок. Потым Том паволі пасунуўся наперад і нерашуча збочыў да машыны — шасціцыліндравага легкавога «гудзона», верх якога быў рассечаны на дзве паловы простым, відаць, зубілам. Стары Том Джоўд стаяў у кузаве і прыбіваў верхнія планкі бартоў. Твар яго з пасівелай шчэццю нізка схіліўся над дошкай, з рота тырчаў пучок цвікоў. Ён прыставіў цвік і з грукатам увагнаў яго малатком у дрэва. У доме бразнула канфорка пліты, пачуўся дзіцячы плач. Джоўд падышоў да машыны і прыхіліўся да борта. Бацька глянуў на яго невідушчымі вачыма. Тады паставіў другі цвік і ўбіў у дошку. Галубы чародкай узляцелі з цыстэрны, зрабілі вакол яе круг, вярнуліся на месца і, важна ступаючы, падышлі да самага краю, глянулі ўніз — белыя галубы, блакітнаватыя, шэрыя, з вясёлкавым адлівам на крылах.
Джоўд абхапіў пальцамі ніжнюю планку борта. Глянуў на пастарэлага, з сівізною, чалавека, што стаяў на грузавіку. Лізнуў губы і ціха прамовіў:
— Тата…
— Ну чаго там? — буркнуў стары Том, не вымаючы цвікоў з рота. На ім былі заплямлены капялюш з чорнага фетру з шырокімі абвіслымі палямі і сіняя кашуля пад камізэлькай без гузікаў; штаны падпярэзваў шырокі рэмень з вялікай меднай спражкай — і скура, і метал блішчэлі ад заўсёднай носкі; чаравікі былі патрэсканыя, падэшвы растаптаныя і загнутыя ўгору — шмат гадоў пахадзілі ў спёку, у слоту, па пыле. Пад рукавамі кашулі, якая шчыльна абцягвала яго плечы, напяліся мускулы. Жывот і сцёгны яго былі худыя, а ногі — кароткія, масіўныя і моцныя. Абрамлены шчаціннем твар звужаўся да вытырклага валявога падбародка, калючая шэрсць на якім яшчэ не паспела зусім пасівець, што надавала яму большую цвёрдасць і рашучасць. Скулы ў старога Тома былі цёмныя, як пяньковае валакно, скура разбягалася ад куточкаў вачэй праменьчыкамі маршчынак, бо ён жмурыў вочы, цёмна-карыя, як карычневая кававая гушча; прыглядаючыся да чаго-небудзь, ён выцягваў шыю, бо гэтыя некалі зоркія вочы пачыналі ўжо здаваць. Губы, што сціскалі доўгія цвікі, былі тонкія і чырвоныя.
Ён занёс руку з малатком, збіраючыся ўвагнаць у дрэва яшчэ адзін цвік, і глянуў цераз борт грузавіка на Тома, глянуў зласліва, нездаволена, што яму перашкаджаюць працаваць. І раптам падбародак яго выпнуўся яшчэ больш, вочы ўтаропіліся на твар Тома, і мала-памалу мозг старога Тома Джоўда ўсвядоміў тое, што ўспрынялі яго вочы. Рука з малатком паволі апусцілася, другая выняла з рота цвікі, і ён здзіўлена прамовіў, нібы паведамляючы сабе жыццёвы факт:
— Гэта Томі… — І зноў паведаміў сам сабе: — Наш Томі вярнуўся дамоў. — Рот яго зноў раскрыўся, у вачах мільгануў спалох. — Томі, — ледзь не шэптам сказаў ён, — уцёк? Ты хаваешся? — Ён напружана чакаў адказу.
— Не, — адказаў Том. — Я даў падпіску. Мяне выпусцілі. Дакументы пры мне. — Ён схапіўся за ніжнія планкі борта.
Стары Том акуратна паклаў малаток на дно кузава і ўсунуў цвікі ў кішэню. Перакінуў нагу цераз борт і спрытна саскочыў з машыны, але, апынуўшыся побач з сынам, нерашуча замяўся.
— Томі, — сказаў ён, — мы едзем у Каліфорнію. Збіраліся напісаць табе пісьмо. — І дадаў, быццам не верачы вачам сваім: — Але ты вярнуўся. Можаш ехаць з намі. Паедзеш з намі! — У доме бразнулі накрыўкай кафейніка. Стары Том азірнуўся цераз плячо. — Зробім ім сюрпрыз, — сказаў ён, і вочы яго заблішчалі ад захаплення. — Маці ўсё мучыцца прадчуваннем, што больш цябе не ўбачыць. Вочы ў яе сталі сумныя, быццам у доме нябожчык. І ў Каліфорнію не вельмі хоча ехаць, бо тады, кажа, я ўжо яго ніколі больш не ўбачу. — На кухні зноў грукнулі нейкай накрыўкай. — Зробім ім сюрпрыз, — паўтарыў стары Том. — Увойдзем так, быццам ты ніколі з дому не адлучаўся. Паглядзім, што маці скажа. — Нарэшце ён дакрануўся да Тома, але толькі да яго пляча, баязліва, і зараз жа адхапіў руку. Ён зірнуў на Джыма Кейсі.
— Та, ты памятаеш нашага прапаведніка? — запытаўся Том. — Ён са мной прыйшоў.
— Ён таксама з турмы?
— Не, мы з ім у дарозе стрэліся. Ён даўно ўжо тут не быў.
Бацька паважна падаў прапаведніку руку.
— З добрым прыбыццём, сэр.
Кейсі сказаў:
— Я рады, што прыйшоў да вас. Як цудоўна, калі сын вяртаецца дадому. Цудоўнае відовішча!
— Дадому… — ціха прамовіў бацька.