Не хочаш — не трэба. Я не здароўе тут папраўляю, а шынамі гандлюю. Задарма не раздаю. Якая мне справа, што там у вас? Сваіх клопатаў хапае.
А далёка да бліжэйшага гарадка?
Учора я сорак дзве машыны налічыў з такімі самымі пасажырамі. Адкуль вы ўсе едзеце? Куды вас нясе?
О, Каліфорнія штат вялікі!
Не такі ўжо і вялікі. І ўсе Злучаныя Штаты разам — не такая ўжо вялікая краіна. Зусім не вялікая. Нам цесна ўсім разам — і табе, і мне, і такім, як ты, і такім, як я, багатым і бедным — усім месца не хапае, і жуллю, і сумленным людзям. Галодным і сытым. Можа, ты лепш назад павярнуў бы?
Мы жывём у свабоднай краіне. Чалавек вольны ехаць, куды захоча.
Гэта ты так думаеш. Калі-небудзь чуў пра патрулі на каліфарнійскай граніцы? Паліцэйскія з Лос-Анжэлеса спыняюць вось такіх, як ты, назад заварочваюць. Кажуць: хто не можа купіць нерухомасць, той нам не патрэбен. Пытаюцца: шафёрскія правы ёсць? Ты ім: парваліся. А яны: без шафёрскіх правоў уезд забаронены. Мы ў свабоднай краіне жывём. Што ж, пайдзі пашукай яе, свабоду. Мне адзін гаварыў: свабоды ў цябе столькі, колькі ты яе можаш купіць.
У Каліфорніі добра плацяць. Вось у мяне лісток, там пра гэта сказана.
Мана! Адтуль уцякаюць — я сам такіх бачыў. Вас абдурваюць: камусьці так трэба. Ну дык што, бярэш шыну ці не?
Давядзецца браць, але ж, далібог, містэр, гэта моцна б'е нас па кішэні! Грошай зусім мала засталося.
Дык я ж дабрачыннасцю не займаюся. Трэба, бяры.
Што зробіш, вазьму. Давай глянем. Раскрый яе. Глянь, якая камера! Ах ты шэльма, а казаў, камера добрая. Якая ж гэта камера, адны дзіркі.
Што вярзеш? Чорт… праўда! Як гэта я не ўбачыў?
Ты ўсё, сукін сын, бачыў. За рвань чатыры даляры захацеў. У зубы табе за гэта даць!
Ты не гарачыся, цішэй. Кажу, не бачыў. Ну добра, аддаю за тры пяцьдзесят.
Ага, падстаўляй кішэню! Як-небудзь да горада даедзем.
Думаеш, з такой камерай даедзем?
Трэба. На вобадзе паеду, а ні цэнта гэтай сволачы не дам.
А якім ты ўяўляеш сабе камерсанта? І праўда ж, не здароўе ён сюды прыйшоў папраўляць. Такая ўжо гэта справа — камерцыя. А ты думаў — што? Чалавек хоча… Бачыш — шчыт пры дарозе? «Клуб абслугоўвання. Па аўторках — урачыстае снеданне. Гатэль «Калмада». Шчыра вітаю, браток! Клуб абслугоўвання… Мне адзін неяк расказваў. Прыйшоў ён на сход розных там дзялкоў і паднёс ім такую гісторыю. Калі я, кажа, быў яшчэ хлапчуком, бацька аднойчы вывеў на вяроўцы цялушку і загадвае: завядзі яе да быка, яе трэба абслужыць. Я і завёў, кажа. І з таго дня, як пачую, што які-небудзь дзялок гаворыць пра абслугоўванне, не магу ўцяміць — хто ж тут каго?.. У гандляроў адзін клопат — ашукаць і абдурыць, але называецца гэта ў іх інакш. У тым вось і справа. Калі ўкрадзеш шыну, ты злодзей, а калі ён хоча ўкрасці ў цябе чатыры даляры — гэта нічога, гэта можна. У іх гэта называецца камерцыя.
Дэні там, ззаду, вады просіць.
Пацерпіць. Адкуль тут вада?
Чуеш — стукае?.. Ці не ў заднім мосце?
Цяжка сказаць.
Праз раму перадаюцца гукі, падобныя на марзянку.
Пракладка ляціць. Спыняцца нельга. Чуеш — свішча? Знойдзем добрае месца, зробім прывал, я падыму капот — праверу. Але харч канчаецца, грошы канчаюцца. А калі не будзе на што бензіну купіць, тады што?
Дэні там, ззаду, вады просіць. Малы піць хоча.
Во, чуеш, свішча? Пракладка.
Госпадзі! Лопнула! Камера, пакрышка — усё к чорту! Трэба рамантаваць. Гэтай не выкідай — зробім з яе манжэты: разрэжам і накладзем на слабыя месцы.
Машыны спыняюцца на абочыне дарогі — адкрываюцца капоты, рамантуюцца шыны. Аўтамабілі цягнуцца па аўтастрадзе № 66, як падраненыя жывёліны, выбіваючыся з сіл, і хрыпла дыхаюць. Маторы перагрэтыя, аслабленыя цягі, разбітыя падшыпнікі, усё ў машыне грукоча.
Дэні вады просіць.
Людзі ўцякалі па шашы № 66. А бетанаваная дарога блішчыць на сонцы, як люстра, паветра трымціць ад спёкі, і здаецца, што наперадзе шаша заліта вадой.
Дэні просіць вады.
Яшчэ крыху пацерпіць малы. Яму горача. Хутка ўжо заправачная — станцыя абслугоўвання. Там
На дарозе дзвесце пяцьдзесят тысяч чалавек. Пяцьдзесят тысяч старых машын — параненых, ахутаных парай. Разваліны, кінутыя гаспадарамі. А з імі што, з людзьмі? Што было потым з тымі, хто ехаў вось у гэтай, напрыклад, машыне? Пайшлі пеша? Дзе яны цяпер? Адкуль бярэцца гэтая страшная сваёй сілай вера?
А вось я вам раскажу адну гісторыю. Вы можаце не паверыць, але гэта праўда. Крыху дзіўная гісторыя, але цудоўная. Адну сям'ю — дванаццаць чалавек — сагналі з зямлі. Машыны ў іх не было. Яны змайстравалі прычэп з рознай непатрэбшчыны і пагрузілі на яго ўвесь свой скарб. Потым падкацілі прычэп да шашы № 66 і сталі чакаць. І неўзабаве іх узяў на буксір легкавы аўтамабіль. Пяцёра ехалі ў машыне, а сем чалавек з сабакам — на прычэпе. Азірнуцца не паспелі — ужо Каліфорнія. Гаспадар легкавой машыны і вёз іх, і карміў. І гэта ўсё праўда. Але адкуль бярэцца такая мужнасць і такая вера ў людзей? Не многае на свеце можа навучыць такой веры.