Раздзел дванаццаты
Шаша № 66 — аўтастрада, па якой ехалі перасяленцы. Шаша № 66 — гэта доўгая бетанаваная магістраль, што бяжыць па краіне, мякка віючыся на карце ад Місісіпі да Бейкерсфілда; яна ідзе праз чырвоныя і шэрыя землі, ушрубоўваючыся ў горы, перасякае Вялікі водападзел, збягае ўніз, у страшную сляпучую пустыню, цягнецца па ёй, зноў падымаецца ў горы і нарэшце выходзіць у раскошныя даліны Каліфорніі. Шаша № 66 — гэта дарога ўцекачоў, бежанцаў — тых, хто ратуецца ад пылу і высахлай, згалелай зямлі, ад грымотнага грукату трактароў і ўласнага згалення, ад паступовага наступу пустыні на поўнач, ад віхравых вятроў, што з выццём налятаюць з Тэхаса, ад разводдзяў, якія не робяць глебу багацейшай, а толькі крадуць апошнія рэшткі яе скарбу. Ад усяго гэтага людзі ўцякаюць, і на аўтастраду іх выносяць бакавыя шашэйныя прытокі, палявыя дарогі, прарэзаныя ў грунце коламі павозак і грузавікоў. Шаша № 66 — гэта галоўны шлях уцекачоў.
Кларксвіл і Озарк, Вэн-Б'юран і Форт-Сміт — гэта на шашы № 64, і тут канчаецца Арканзас. Дарогі сходзяцца да Аклахома-Сіці, № 66 з Талсы, № 270 з Макалестара, № 81з Уічыта-Фолс — з поўдня, і Інід — з поўначы, і яшчэ з Эдманда, Маклаўда і Парсела. Шаша № 66 выходзіць з Аклахома-Сіці; Эл-Рына і Клінтан застаюцца на захадзе. Гайдра, Элк-Сіці і Тэксала, і тут канчаецца штат Аклахома, і аўтастрада № 66 пераразае Тэхаскі выступ, так званую Ручку рондаля. Шэмрак і Маклін, Конуэй і жоўты Амарыльё, Уілдарада, Вега і Бойс — і тут канчаецца Тэхас. Тукумкары, Санта-Роса, потым з Санта-Фэ ўніз, праз ньюмексіканскія горы да Альбукерка. А там удоўж цяснін ракі Рыо-Грандэ да Лос-Лунаса і зноў на захад па шашы № 66 да Гэлапа, што на мяжы штата Нью-Мексіка.
Тут пачынаюцца высокія горы. Холбрук, і Ўінслаў, і Флагстаф у высакагор'і Арызоны. Потым шырокае плато з хвалістымі лініямі ўзгоркаў. Эфарк і Кінгмэн, і зноў камяністыя горы, куды ваду завозяць з іншых мясцін і гандлююць ёю. Пасля вызубленых, выпаленых сонцам гор Арызоны — да ракі Каларада з зялёнымі зараснікамі трыснягу па берагах. Тут канчаецца штат Арызона. Адразу за ракой — Каліфорнія, і пачынаецца яна з вельмі прыгожага гарадка — Нідлс, які стаіць на самым беразе. Але рака здаецца чужаніцай у гэтых краях: ад Нідлса ўверх і за абпаленым сонцам хрыбтом пачынаецца пустыня. Там шаша № 66 бяжыць па страшэннай пустыннай мясцовасці, паветра трымціць ад спёкі, а высокія чорныя горы, што маячаць наперадзе, нясцерпна томяць душу. І вось ужо Барстаў, але за ім усё тая ж пустыня, пакуль наперадзе зноў не паўстаюць горы, прыгожыя горы, і аўтастрада пятляе сярод іх. І раптам вузкі праход, і ўнізе разлягаецца цудоўная даліна, унізе сады, вінаграднікі і маленькія катэджы, а ўдалечыні — горад. О госпадзі, нарэшце ўсё скончылася!
Людзей, што кінуліся ўцякаць, выносіла на аўтастраду № 66; машыны ішлі то па адной, то цэлымі караванамі. Удзень яны паволі каціліся па дарозе, а ноччу спыняліся каля вады. З лядашчых, дзіравых радыятараў валіла пара, шатуны бразгаталі і ляскалі. І людзі, што сядзелі за рулём грузавікоў і перагружаных легкавушак, апасліва ўслухоўваліся. Колькі яшчэ да горада? Пакуль едзеш ад аднаго да другога, нацерпішся страху. Калі што-небудзь паламаецца… што ж, калі паламаецца, зробім прывал, а Джым збегае ў горад, раздабудзе патрэбную дэталь і вернецца… А колькі яшчэ харчу засталося?
Услухоўвайся ў матор. Прыслухоўвайся да колаў. І вухам, і рукой прыслухоўвайся да абаранка руля, далонню да рычага пераключэння скорасцей, нагамі — да дошак насцілу. Усімі пяццю пачуццямі прыслухоўвайся да тарахцення гэтага старога драндулета, бо змена тону, перамены рытму могуць азначаць… тыдзень вымушанай стаянкі. Во стукае! Гэта клапаны. Клапаны — не страшна. Няхай стукаюць сабе хоць да другога прышэсця — не бяда. А вось гэты глухі шум на хаду… яго амаль не чуеш, хутчэй адчуваеш. Можа, масла куды-небудзь не даходзіць? Можа, падшыпнік які-небудзь пачынае рассыпацца? Госпадзі, калі падшыпнік, што ж тады рабіць? Грошы цякуць, як вада.
І чаго гэта радыятар, чорт на яго, так разагрэўся? Не на пад'ёме ж. Дай гляну. А божачкі, рэмень радыятара паляцеў! Што ж, замест рэменя вяроўку паставім, вось гэту. Давай прымер, во-во, якраз. Канцы я звяжу. Цяпер паволі, зусім павольненька, пакуль да гарадка якога не даедзем. Вяроўка доўга не пакруціцца.
Толькі каб дабрацца да Каліфорніі, дзе апельсіны растуць, перш чым рассыплецца гэтая старая калымага. Толькі каб дабрацца!
А пакрышкі — пратэктар зусім знасіўся, аж да драцяной аплёткі. Каб не наляцелі на той камень, мы, можа, яшчэ міль сто выціснулі б. Што лепш — лішняя сотня міль або спушчаная камера? Што лепш? Вядома, сотня міль. Ну, не ведаю, тут ёсць пра што падумаць. Латаць у нас ёсць чым. Можа, толькі крышачку спусціць? А што, калі манжэтку зрабіць? Міль пяцьсот яшчэ маглі б выціснуць. Паехалі. Калі лопне, тады і станем.
Трэба было б шыну купіць, ды вельмі ж дорага просяць, нават за старую. Позіркам наскрозь працінаюць. Разумеюць, што чалавеку пазарэз трэба. Ведаюць, што яму часу няма стаяць. І цану набіваюць.