Читаем Гронкі гневу полностью

— Дык вось што. Калі яго ўзяць сілай і звязаць, можна яго пакалечыць альбо ён так ашалее, што сам сябе знявечыць. Добра было б напаіць яго, тады ўсё ўладзіцца. У вас ёсць хоць крышачку віскі?

— Няма, — адказаў бацька. — Ні кроплі. У Джона таксама няма. Калі ён не ў запоі, спіртнога дома не трымае.

Маці сказала:

— У мяне, Том, засталася бутэлька снатворнага, яшчэ з тае пары, як Уінфілду вушы балелі. Думаеш, падзейнічае? Я давала яму глынуць, і ён адразу засынаў.

— Можа, і падзейнічае, — сказаў Том. — Нясі сюды, ма. Ва ўсякім разе, праверым.

— Я выкінула яе на сметнік, — сказала маці, узяла ліхтар, выйшла на двор і неўзабаве вярнулася з бутэлькай, напалову налітай чорнай вадкасцю.

Том узяў бутэльку і паспрабаваў вадкасць на смак.

— Не гідка, — сказаў ён. — Згатуй кубак чорнай кавы, чым гусцейшай. Колькі ж наліць яму? Ну, скажам, адну чайную лыжку. Не, лепш больш — дзве сталовыя.

Маці наліла ў кафейнік вады, усыпала кавы, тады адчыніла пліту і паставіла кафейнік блізка да вуголля.

Том з бацькам выйшлі на двор.

— Кожны мае права сам сабой распараджацца, — не сунімаўся дзед. — Хто тут еў свіныя рэбры?

— Мы, — адказаў Том. — Зараз ма налье табе кавы і дасць і свініны.

Дзед пайшоў на кухню, выпіў каву і з'еў мяса. Людзі стаялі на двары, на якім пачало ўжо святлець, і праз адчыненыя дзверы кухні пазіралі на дзеда. Яны ўбачылі, як ён раптам пазяхнуў і пахіснуўся на крэсле, потым паклаў рукі на стол, апусціў на іх галаву і заснуў.

— Ён і так быў вельмі змораны, — сказаў Том. — Раней часу не чапайце яго.

Нарэшце ўсё ўжо было зусім гатова да ад'езду. Заспаная, млявая бабка ўсё пыталася:

— Што тут у вас дзеецца? Чаго ўскочылі ў такую рань? — Але яна была апранутая і паводзіла сябе мірна.

Руці і Ўінфілд таксама прачнуліся, але былі вялыя і сонныя. Ранішняе святло імкліва разлівалася па зямлі. А людзі знерухомелі. Яны стаялі пасярод двара, і ніхто не адважваўся зрабіць рашучы крок. Цяпер, калі надышоў час пускацца ў дарогу, ім стала страшна, не менш страшна, чым дзеду. Яны бачылі, як паступова на фоне пасвятлелага неба выступаюць абрысы свірна, як блякнуць агеньчыкі ліхтароў і ўжо больш не адкідаюць на зямлю жоўтых кругоў святла. Адна за адной, з усходу на захад, тухлі зоркі ў небе. А людзі стаялі, здранцвелыя, як лунацікі, і вочы іх глядзелі ўдалячынь, не заўважаючы таго, што было блізка, і бачылі адразу ўвесь абсяг світальнага неба, усю шыр палёў, усю зямлю да самага гарызонту.

Адзін толькі М'юлі неспакойна снаваў па двары, зазіраў праз шчыліны між бартавых планак у грузавік, стукаў кулаком па запасных шынах, прывязаных ззаду. Нарэшце ён падышоў да Тома.

— Пяройдзеш мяжу штата? — запытаўся ён. — Парушыш падпіску?

І Том строс з сябе здранцвенне.

— Бог ты мой, хутка ўжо сонца ўзыдзе! — сказаў ён гучна. — Час ехаць. — І ўсе таксама выйшлі з анямення і пакіравалі да грузавіка.

— Пайшлі панясём дзеда на грузавік, — сказаў Том.

Бацька, дзядзька Джон, Том і Эл увайшлі ў кухню, дзе, уткнуўшыся лбом у рукі, складзеныя на стале побач з лужынкай разлітай кавы, спаў дзед. Яны ўзялі яго пад локці і паставілі на ногі, а ён бурчаў і лаяўся хрыплым голасам, як п'яны. За дзвярамі паднялі яго на рукі і панеслі. Том з Элам залезлі на грузавік, перагнуліся цераз борт, падхапілі старога пад пахі і асцярожна пацягнулі наверх. Эл адвязаў адзін канец брызенту, накрыў ім дзеда і падставіў побач скрынку, каб на яго не ціснуў цяжкі брызент.

— Абавязкова пастаўлю жардзіну, — сказаў Эл. — Сёння ж вечарам, на першым прыпынку.

Дзед усё яшчэ нешта бурчаў, чапляючыся за сон, і ледзь толькі яго паклалі, зноў моцна заснуў.

Бацька сказаў:

— Ма, вы з бабкай сядзеце з Элам. Потым будзем мяняцца — не так стомімся ў дарозе, але пачнём з вас.

Маці з бабкай залезлі ў кабіну, астатнія — Коні і Ружа Сарона, бацька і дзядзька Джон, Руці і Ўінфілд, Том і прапаведнік — усе забраліся наверх. Ной стаяў унізе, глядзеў, як яны ўладкоўваюцца там, на высокай паклажы.

Эл абышоў вакол грузавіка, зазіраючы пад ніз, на рысоры.

— Госпадзі, рысоры зусім праселі, — сказаў ён. — Шчасце, што калодкі падставіў.

Ной запытаўся:

— А з сабакамі як, та?

— Я і забыўся пра іх, — адказаў бацька і пранізліва свіснуў. Але на свіст прыбег толькі адзін сабака. Ной злавіў яго і падкінуў на грузавік, і там сабака быццам здранцвеў, баючыся вышыні. — Астатніх двух давядзецца кінуць тут, — сказаў бацька і крыкнуў: — Гэй, М'юлі, ты, можа, прыгледзіш за імі? А то з голаду паздыхаюць.

— Добра, — сказаў М'юлі. — Ад сабак адмаўляцца не буду. Няхай сабе, бяру іх.

— Бяры і курэй, — сказаў бацька.

Эл сеў на сваё месца ў кабіне. Завішчаў, загуў стартэр, на міг уключылася запальванне, зноў закруціўся стартэр. І раптам усімі сваімі шасцю цыліндрамі завыў матор на халастых абаротах, ззаду машыны заклубіўся сіні дымок выхлапу.

— Пакуль, М'юлі! — крыкнуў Эл.

Усе астатнія члены сям'і крыкнулі хорам:

— Бывай, М'юлі!

Эл адпусціў ручны тормаз і ўключыў счапленне. Грузавік здрыгануўся і цяжка папоўз па двары. Уключылася другая скорасць. Машына паволі пачала падымацца на невысокі ўзгорак, і ўсіх завалакло чырвоным пылам.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор