Каля дома Ной аддзяліў нажом сухажылле на задніх нагах, ногі развялі ў бакі распоркамі і павесілі тушы на бэлькі, што выступалі з-пад навеса даху. Тады мужчыны прынеслі вар і апарылі чорныя свіныя тушы. Ной успароў іх удоўжкі і выпатрашыў вантробы на зямлю. Бацька завастрыў яшчэ дзве распоркі, каб лепш правялілася мяса, а Том скрэблам і маці тупым канцом нажа счысцілі шчацінне. Эл прынёс пустое вядро, укінуў туды рыдлёўкай вантробы і пайшоў выкінуць іх далей ад дома; за ім, гучна мяўкаючы, пабеглі дзве кошкі, сабакі таксама кінуліся за ім, ціха пагыркваючы на кошак.
Бацька сядзеў на прыступцы, паглядваючы на свіныя тушы, на якія падала святло ліхтара. Шчацінне ўсё саскрэблі, і цяпер толькі рэдкія кроплі крыві падалі ў чорную лужыну на зямлі. Бацька падняўся, падышоў да падвешаных туш і памацаў іх рукамі, тады зноў сеў каля дзвярэй. Дзед з бабкай пайшлі спаць у свіран, у руцэ ў дзеда быў ліхтар са свечкай. Астатнія моўчкі сядзелі каля дзвярэй. Коні, Эл і Том — проста на зямлі, прыхінуўшыся спінамі да сцяны, дзядзька Джон на скрыні, бацька на прыступцы. Толькі маці і Ружа Сарона яшчэ круціліся на кухні. Руці і Ўінфілд ледзь змагаліся са сном. Яны вяла спрачаліся ў цемры. Ной і прапаведнік прыселі побач на кукішкі тварам да дома. Бацька неспакойна пачухаўся, зняў капялюш і запусціў пальцы ў валасы.
— Заўтра ўранні засолім свініну, потым пагрузім усё на грузавік, акрамя ложкаў, і паслязаўтра раніцай пусцімся ў дарогу. Работы і на дзень не хопіць, — сказаў ён няцвёрда.
Том перабіў яго:
— Вось і будзем цэлы дзень сланяцца, шукаючы, што б такое зрабіць. — Астатнія мужчыны неспакойна заварушыліся. — Можна было б скончыць зборы да світання і ехаць, — выказаў думку Том. Бацька пацёр далонню калена. І раптам усіх ахапіла нецярплівасць.
Ной сказаў:
— Можа, мясу нічога не зробіцца, калі яго проста зараз і засаліць. Парэжам на кавалкі, гэтак яшчэ хутчэй астыне.
Дзядзька Джон першы загаварыў рашуча:
— Чаго тут сядзець, чаго чакаць? Хутчэй скончым з гэтым. Ехаць дык ехаць.
Перамена адбылася і ў настроі астатніх.
— Чаму не паехаць як хутчэй? Адаспімся ў дарозе. — Ім ужо не сядзелася на месцы.
Бацька сказаў:
— Кажуць, туды — дзве тысячы міль. Гэта ж чорт ведае як далёка! Трэба ехаць. Ной, давай мы з табой парэжам тушы, потым пагрузім рэчы на машыну.
Маці высунула галаву з дзвярэй:
— А раптам што-небудзь забудземся? У цемры не відаць.
— Заднее, праверым, — сказаў Ной. Усе крыху пасядзелі моўчкі — думалі. Раптам Ной падняўся і пачаў вастрыць свой крывы нож на сцёртым тачыльным бруску. — Ма, — сказаў ён, — ачысці стол, — і, падышоўшы да свіной тушы, правёў нажом уздоўж хрыбта і пачаў зразаць мяса з рэбраў.
Бацька рашуча падняўся з прыступкі.
— Трэба ўсё сабраць, — сказаў ён. — Хадзем, хлопцы, са мной.
Цяпер, калі ўжо цвёрда было вырашана ехаць раніцай, усе заспяшаліся. Ной занёс свініну на кухню і стаў наразаць яе невялікімі квадратамі, а маці націрала кожны буйной соллю і складала іх у бачуркі, стараючыся, каб з бакоў кавалкі мяса не датыкаліся адзін да аднаго без солі. Яна клала іх, як цагліны, і засыпала ў прамежкі соль. Пакуль Ной адсякаў бакавіну і ножкі, маці падтрымлівала агонь у пліце, і, калі Ной зняў мяса з рэбраў, з хрыбта і з ног, яна засунула косткі ў духоўку, каб потым іх можна было аб'есці.
Тым часам на двары і ў свірне перамяшчаліся кругі святла ад ліхтароў — мужчыны збіралі ўсё, што было вырашана ўзяць з сабой, і складалі каля грузавіка. Ружа Сарона вынесла з дома верхнюю вопратку і абутак — камбінезоны, чаравікі на тоўстых падэшвах, гумавыя боты, паношаныя святочныя касцюмы, швэдары і курткі, падбітыя аўчынай. Усім гэтым яна шчыльна напакавала вялікую драўляную скрыню, ды яшчэ стала зверху і ўтаптала нагамі. Пасля прынесла паркалёвыя сукенкі, хусткі і шалі, чорныя баваўняныя панчохі і дзіцячую адзежу — маленькія камбінезоны, танныя паркалёвыя сукеначкі, паклала іх у скрыню і таксама прытаптала нагамі.
Том пайшоў у павець і прынёс адтуль інструмент, які наважылі ўзяць з сабой, — ручную пілу, гаечныя ключы, малаток і скрынку з наборам цвікоў, абцугі, рашпіль і камплект тонкіх напілкаў.
А Ружа Сарона прыцягнула вялікае палотнішча брызенту і расклала на зямлі за грузавіком. Яна ледзь пралезла ў дзверы з матрацамі — трыма двухспальнымі і адным вузкім, зваліла іх на брызент, тады прынесла яшчэ абярэмак складзеных ірваных коўдраў і кінула на матрацы.
Маці з Ноем усё яшчэ ўвіхаліся на кухні, з духоўкі цягнула прыемным пахам смажаных свіных костак. Позняй ноччу дзяцей змарыў нарэшце сон. Уінфілд скруціўся абаранкам проста ў пыле каля парога, а Руці, якая пайшла на кухню паглядзець, як разбіраюць тушы, заснула, седзячы на скрынцы, прыткнуўшыся галавой да сцяны. Яна дыхала лёгка і роўна, крыху растуліўшы губы.
Сабраўшы ўсе прылады, Том з ліхтаром у руцэ ўвайшоў у кухню, следам зайшоў прапаведнік.
— Ой, як здорава! — усклікнуў Том. — Ты толькі панюхай, як пахне! А чуеш, костачкі патрэскваюць?