Читаем Гронкі гневу полностью

Маці ўсё складала кавалкі свініны ў бачуркі, пасыпала іх соллю — і зверху, і з бакоў — і прымінала кожны рад рукою. Яна глянула на Тома і слаба ўсміхнулася яму вуснамі, але вочы яе былі сур'ёзныя і стомленыя.

— На снеданне добра пагрызці свіных костачак, — сказала яна.

Прапаведнік падышоў да яе.

— Дайце, я буду саліць, — прапанаваў ён. — Я ўмею. У вас, акрамя гэтага, яшчэ спраў шмат.

Маці адарвалася ад работы і неяк дзіўна паглядзела на яго, быццам ён прапанаваў ёй нешта недарэчнае. Рукі ў яе пакрыліся скарынкаю солі, ружовай ад свежага мяснога соку.

— Гэта жаночая работа, — сказала яна нарэшце.

— Работа ёсць работа, — адказаў прапаведнік. — Яе шмат — хопіць і мужчынам, і жанчынам. У вас ёсць чым заняцца. Дайце, я буду саліць.

Яна пільна паглядзела на яго, потым наліла вады з вядра ў алавяны ўмывальны тазік і памыла рукі. Прапаведнік браў кавалкі свініны і націраў іх соллю, а маці назірала. Ён клаў мяса ў бачурку, акурат як рабіла гэта маці, старанна пасыпаў соллю і расціраў далонямі. Яна выцерла свае пабялелыя ад солі, апухлыя рукі.

Том запытаўся:

— Ма, а што адсюль ўзяць?

Маці абвяла хуткім позіркам кухню.

— Вядро, — сказала яна. — Увесь посуд — талеркі, кубкі і нажы, лыжкі, відэльцы. Складзі ўсё ў шуфляду і нясі да грузавіка. Яшчэ вялікую патэльню, кацёл, кафейнік. Калі астыне духоўка, вымеш адтуль рашотку — на ёй зручна смажыць на вогнішчы. Добра было б узяць з сабой ночвы, толькі наўрад ці месца хопіць. Давядзецца мыць бялізну ў вядры. Драбязу браць не варта. У вялікім катле можна і менш згатаваць, а калі трэба многа, у малой пасудзіне не згатуеш. Бляхі з духоўкі бяры ўсе. Яны ўлазяць адна ў адну. — Маці яшчэ раз азірнула кухню. — Усё, што я сказала, збяры, Том. Пра астатняе я сама паклапачуся. Каб не забыць вялікую бляшанку з перцам, соль, мускатны арэх і тарку на яго. Гэта я пад самы канец вазьму. — Яна ўзяла ліхтар і стомлена пайшла ў спальню, яе босыя ногі бясшумна ступалі па падлозе.

Прапаведнік сказаў Тому:

— Відаць, выбілася з сілы.

— Жанчыны заўсёды з сілы выбіваюцца, — адказаў Том. — Такая ўжо ў іх доля, толькі калі-нікалі на маленнях расслабляюцца.

— Так, але ж яна зусім з ног падае. Быццам занядужала.

Маці яшчэ не пераступіла парога спальні і чула яго словы. Мускулы на яе расслабленым твары напружыліся, маршчыны зніклі, позірк зрабіўся цвярдзейшы, плечы расправіліся. Яна абвяла вачамі голыя сцены. Пуста, нічога не засталося, адзін толькі хлам. Матрацы, што яшчэ днём ляжалі на падлозе, вынесены. Камода і столік прададзены. На падлозе валяюцца зламаны грабянец і пушачка з-пад тальку, некалькі мёртвых мышэй. Яна паставіла ліхтар на падлогу. Прасунула руку за адну са скрынак, што служылі крэсламі, і дастала адтуль кардонную каробку, залапаную, з падранымі куткамі. Яна села на скрынку, адкрыла вечка кардонкі. Там ляжалі пісьмы ў канвертах, газетныя выразкі, фотакарткі, пара завушніц, залаты пярсцёнак з пячаткай і сплецены з валасоў ланцужок для гадзінніка з залатымі зачэпкамі на канцах. Яна дакранулася пальцамі да пісьмаў, ледзь дакранулася да іх, разгладзіла газетную выразку са справаздачай аб судзе над Томам. Доўга трымала кардонку на каленях, і пальцы яе перабіралі пісьмы і зноў ставілі на месца. Потым яна сядзела, закусіўшы ніжнюю губу, аддаўшыся роздуму і ўспамінам. І нарэшце наважылася — выняла з кардонкі пярсцёнак, ланцужок, завушніцы, засунула руку на самае дно і знайшла там залатую запінку. Зняла канверт з аднаго пісьма, ссыпала туды ўсе гэтыя дрындушкі, склала канверт удвая і паклала ў кішэню сукенкі. Потым беражліва, з любасцю закрыла каробку і пяшчотна правяла па ёй пальцамі. Губы ў яе крыху растуліліся. Тады раптам устала са скрынкі, падняла з падлогі ліхтар і вярнулася на кухню. Зняла канфорку з пліты і асцярожна паклала кардонку на вуголле. Кардон адразу пацямнеў. Затрапятаўся язычок полымя і лізнуў каробку. Маці апусціла канфорку на месца, і ў тое ж імгненне агонь нібы выдыхнуў і абдаў каробку жарам.

На цёмным двары бацька і Эл пры святле ліхтара грузілі рэчы на машыну. Інструмент на самы ніз, але так, каб лёгка можна было дастаць у выпадку паломкі. На яго — скрыні з адзежай і джутавы мяшок з кухонным начыннем; нажы, відэльцы і талеркі асобна ў скрынцы. Вядро прывязалі ззаду. Ніжні рад пастараліся ўкласці як мага раўней і ў прамежкі паміж скрынямі засунулі скачаныя коўдры. Зверху паклалі матрацы, запоўніўшы машыну да бартоў, і ўсю паклажу зацягнулі брызентам. Эл прарэзаў па яго краях дзіркі за два футы адна ад адной, прасунуў у іх вяроўкі і прывязаў брызент да сярэдніх планак борта.

— У дождж, — сказаў ён, — падвяжам яго да верхніх планак, няхай лезуць пад ніз, там не прамокнуць. А нам у кабіне дождж не страшны.

Бацька пляснуў у далоні:

— Во галава!

— Гэта яшчэ не ўсё, — сказаў Эл. — Вось знайду доўгую жэрдку, падапру ёю брызент. Будзе як палатка, не пячыся ж на сонцы.

Бацька зноў ухваліў:

— Во галава! Чаму раней не прыдумаў?

— Не было калі, — адказаў Эл.

— Не было калі? А валачыцца па ўсім наваколлі было калі? Адзін бог ведае, дзе ты прападаў апошнія два тыдні.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор