Читаем Гронкі гневу полностью

Абедзве сям'і няспешна разышліся класціся спаць, смачна пазяхаючы. Маці спаласнула талеркі і сцерла з іх тлушч мяшком з-пад мукі. Агонь у вогнішчы патух, зоркі нібы апусціліся ніжэй. Легкавыя аўтамашыны толькі зрэдку прабягалі цяпер па шашы, але грузавікі час ад часу з грукатам праносіліся міма, ажно дрыжэла зямля. Абедзве машыны, якія стаялі ў лагчынцы каля дарогі, ледзь віднеліся пры святле зорак. Каля заправачнай станцыі выў прывязаны нанач сабака. Людзі ўгаманіліся і ціха спалі, і асмялелыя палявыя мышы снавалі каля матрацаў. Адна Сэйры Ўілсан не спала. Яна глядзела ў неба і стойка змагалася з болем.

Раздзел чатырнаццаты

Заходнюю тэрыторыю апанаваў неспакой — набліжаюцца перамены. Заходнія штаты затрывожыліся, як коні перад навальніцай. Буйныя ўласнікі занепакоіліся, чуюць: будуць перамены, толькі не ведаюць — якія. Буйныя ўласнікі б'юць па непасрэднай пагрозе: па пашыраным складзе ўрада, па ўсё мацнейшым адзінстве рабочага руху; б'юць па новых падатках, па новых эканамічных планах — не разумеюць, што ўсё гэта вынікі, а не прычыны. Вынікі, а не прычыны. Не прычыны, а вынікі. А прычыны караняцца глыбока, хоць яны і зусім простыя. Прычыны — гэта фізічны голад, памножаны ў мільён разоў; гэта духоўны голад — імкненне да шчасця, да пачуцця ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, памножанае ў мільён разоў; гэта імкненне мускулаў і мозгу да росту, да працы, да творчасці, памножанае ў мільён разоў. Канчатковая, ясная функцыя чалавека — працаваць сваімі мускуламі, ствараць сваім мозгам, і не толькі на карысць аднаму сабе — гэта і ёсць чалавек. Пабудаваць сцяну, пабудаваць дом, пабудаваць плаціну, укласці часцінку свайго чалавечага «я» ў гэту сцяну, у гэты дом, у гэту плаціну і ўзяць і сабе што-небудзь ад іх — ад гэтай сцяны, ад гэтага дома, ад гэтай плаціны; умацаваць мускулы цяжкай працай, прылучыцца да яснасці ліній і форм сваіх здзейсненых задум. Бо чалавек — адзінае стварэнне ва ўсім арганічным і неарганічным жыцці прыроды, адзіны аб'ект у сусвеце, які перасягае створанае ім, узнімаецца па прыступках сваіх задум, вырываецца наперад, пакідаючы ззаду ўжо дасягнутае. І вось што трэба сказаць пра чалавека: калі тэорыі мяняюцца ці рушацца, калі філасофскія школы і вучэнні, вузкія завулкі думкі — нацыянальныя, рэлігійныя, эканамічныя — узнікаюць, а потым рассыпаюцца прахам, чалавек, хоць і спатыкаючыся, атрымліваючы жорсткія ўдары, памыляючыся, ідзе наперад і нечага дасягае. Зрабіўшы крок наперад, ён можа адступіць, але толькі на паўкроку і ніколі не зробіць поўнага кроку назад. Вось што можна сказаць, і гэта трэба добра разумець. Гэта трэба разумець, калі з чорных самалётаў падаюць бомбы на людныя рынкі, калі палонных забіваюць, як свіней, калі скалечаныя целы сплываюць крывёю ў гразі і пыле. І вось яшчэ што: калі спыніцца, калі б памерла вострае да болю жаданне ісці наперад, што б там ні было, бомбы не падалі б, глоткі не рэзалі б. Пакуль будуць жывыя ўладальнікі бомбаў, гэты смертаносны груз будзе падаць на моцных духам, і бойся таго часу, калі дух гэты памрэ; пакуль жывуць буйныя ўласнікі, удары будуць сыпацца на тых, хто робіць крок наперад — бойся таго часу, калі памрэ імкненне ісці наперад. Бойся таго часу, калі чалавечае «я» не будзе гатова ісці на пакуты і смерць за ідэю, бо гатоўнасць гэтая — асновы чалавечага «я», адзінае, што робіць чалавека чалавекам.


Заходнія штаты апанаваў неспакой — блізяцца нейкія перамены. Тэхас і Аклахома, Канзас і Арканзас, Нью-Мексіка, Арызона, Каліфорнія… Вось адна сям'я пакідае свой участак. Некалі бацька ўзяў пазыку ў банку, і цяпер банк наважыў авалодаць яго зямлёй. Зямельная кампанія, гэта значыць банк, які валодае зямлёй, хоча, каб на гэтай зямлі працавалі трактары, а не людзі. А хіба трактар — дрэнна? Хіба ў сіле, якая праразае доўгія барозны ў зямлі, ёсць што-небудзь нядобрае? Калі б гэты трактар належаў нам, тады было б добра — не мне, а нам. Калі б нашы трактары праводзілі доўгія барозны па нашай зямлі, тады было б добра. Не па маёй зямлі, а па нашай. Мы любілі б гэты трактар, як любілі гэту зямлю, калі яна была наша. Але трактар робіць адразу дзве справы: узорвае зямлю і выворвае з яе нас. Паміж трактарам і танкам розніцы мала. І той, і другі гоняць перад сабой людзей, апанаваных страхам і роспаччу. Тут ёсць над чым задумацца.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор