Читаем Гронкі гневу полностью

— Тады я пайду ў кусты і трохі пасплю. — Том падняўся і пайшоў па вадзе да пясчанага берага. Там накінуў на мокрае цела кашулю, надзеў штаны, паморшчыўся ад дотыку прапаленай сонцам адзежы. Астатнія пабрылі за ім.

Бацька і сын, застаўшыся ў вадзе, пазіралі ўслед Джоўдам, пакуль усе яны і прапаведнік не зніклі ў вербалоззі. Хлопчык сказаў:

— Хацеў бы я паглядзець на іх праз якія шэсць месяцаў. Ох, госпадзі!

Яго бацька працёр куткі вачэй указальным пальцам.

— Дарэмна я ім усё гэта нагаварыў, — сказаў ён. — Вось жа хочацца чалавеку паказаць, які ён разумны, другіх вучыць.

— Ну што ты, та! Яны ж самі прасілі.

— Яно так. Але ж ён сказаў, што ўсё роўна паедуць. Ад маіх слоў нічога не перамянілася, а ім ад іх толькі лішняе засмучэнне паперад часу.


Том увайшоў у зараснік вербалозу і лёг у густы цень пад кустом. Ной палез за ім.

— Тут і пасплю, — сказаў Том.

— Том!

— Што табе?

— Я далей, Том, не паеду.

Том прыўзняўся і сеў.

— Што ты надумаў?

— Я каля гэтай рэчкі застануся, Том. Пайду па беразе ўніз па цячэнні.

— Ты звар'яцеў!

— Завяду сабе вуду. Лавіць буду рыбу. Каля такой рэчкі з голаду не памрэш.

Том сказаў:

— А сям'я? А мама?

— Што зробіш. Не магу я расстацца з такой цудоўнай ракой. — Шырока расстаўленыя вочы Ноя былі прыплюшчаныя. — Ты ж сам ведаеш, Том. Ты ведаеш, да мяне ўсе добра ставяцца, але ім усё роўна, што я ёсць, што мяне няма.

— Ты звар'яцеў.

— Не, Том. Я ўсё разумею. Я разумею, што ім будзе шкада мяне. Але… Не, не паеду з вамі. Ты маме скажы, Том.

— Ной, ну паслухай ты… — пачаў Том.

— Не. Ты мяне не адгаворыш. Я пабыў у гэтай рацэ і цяпер ужо яе не пакіну. Пайду берагам уніз па ёй, Том. Рыбай буду карміцца ці яшчэ чым, а раку гэту не пакіну. Не магу. — Ной паўзком выбраўся з-пад цяністых кустоў. — Ты маме скажы, Том. — Ён пакрочыў да рэчкі.

Том правёў яго да берага.

— Слухай, пудзіла ты гарохавае…

— Дарэмна ўсё, — сказаў Ной. — Мне самому горка, але нічога з сабой зрабіць не магу. Я мушу ісці.

Ной крута павярнуўся і пайшоў уздоўж берага ўніз па рацэ. Том пайшоў за ім, але раптам спыніўся. Ён бачыў, як Ной знік у кустоўі, потым зноў паказаўся, ідучы краем ракі. Том глядзеў яму ўслед, а Ной рабіўся ўсё меншы і меншы і нарэшце зусім знік з вачэй за вербалозамі. Том зняў з галавы кепку і пачухаў патыліцу. Тады вярнуўся ў сваё сховішча ў кустах і лёг спаць.


На матрацы пад перакінутым цераз вяроўку брызентам ляжала бабка, а побач з ёю сядзела маці. Там было душна, горача, назойліва гулі мухі, хаваючыся ў цяні навеса. Бабка ляжала голая, прыкрытая доўгай ружовай занавескай. Старая неспакойна паводзіла галавой, нешта мармытала і цяжка дыхала. Маці сядзела проста на зямлі, адганяючы ад бабкі мух кавалкам кардону, авявала гарачым паветрам старэчы маршчыністы твар. Ружа Сарона сядзела насупраць і пазірала на маці.

Раптам бабка ўладна закрычала:

— Уіл! Уіл! Хадзі сюды, Уіл. — Вочы яе расплюшчыліся і злосна зірнулі па баках. — Скажыце, хай сюды ідзе, — гаварыла яна. — Я да яго дабяруся. Усе валасы павыдзіраю. — Яна заплюшчыла вочы і, ківаючы галавой, хрыпла замармытала. Маці абмахвала яе кардонам.

Ружа Сарона разгублена глянула на старую і ціха сказала:

— Зусім расхварэлася.

Маці ўзняла на дачку вочы. Позірк у яе быў спакойны, але лоб збаразнілі маршчыны стомы. Яна махала і махала кардонам, змагаючыся з мухамі.

— У маладосці, Разашарна, усё, што з табой ні здарыцца, здаецца нечым адлучаным ад усяго. Быццам асобна стаіць. Я гэта ведаю, Разашарна, я добра памятаю. — Губы яе любоўна вымаўлялі даччыно імя. — Прыйдзе час табе радзіць, Разашарна, і здасца табе, што ты зусім адна, далёка ад дому, ад усяго свету. І ты адчуеш боль, і боль твой будзе толькі тваім, ты адчуеш сябе адзінокай, як вось гэтая палатка, што стаіць асобна ад усяго свету. — Маці энергічна памахвала кардонкай, каб прагнаць мясную муху, якая моцна гула, і вялікая бліскучая сіняя муха двойчы пакружыла пад брызентам і вылецела на сляпучае сонечнае святло. Маці зноў загаварыла: — Але з часам усё мяняецца, і тады смерць аднаго чалавека ўспрымаецца ў сувязі з усімі іншымі смерцямі і нараджэнне дзіцяці — з нараджэннем усіх іншых дзяцей. А нараджэнне і смерць — гэта як паловы адной рэчы. І тады табе ўжо не здаецца, што беды твае і радасці стаяць асобна адно ад аднаго. Тады, Разашарна, не так ужо і цяжка трываць боль, бо баліць не толькі табе. Мне так хацелася пра ўсё гэта табе расказаць, але ж вось не ўмею. — Апошнія словы прагучалі так мякка, і было ў яе голасе столькі любові, што да вачэй Ружы Сарона падкраліся слёзы, залілі іх і асляпілі яе. — Вазьмі памахай над бабкаю, — сказала маці і падала дачцэ кардон. — Ёй лягчэй ад гэтага. Шкада, што не магла табе ўсё растлумачыць.

Бабка ссунула бровы над заплюшчанымі вачамі і завішчала:

— Уіл! Зноў увесь выпацкаўся! Ніколі чысты не ходзіш. — Яе маленькая, скурчаная, маршчыністая рука паднялася і пацерла шчаку. Рыжая мурашка перабегла з занавескі на азызлую шыю, папаўзла па згібах скуры. Маці зрэагавала імгненна, зняла насякомае, раздушыла пальцамі і выцерла іх аб сукенку.

Ружа Сарона замахала кардонінай. Падняла вочы на маці:

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор