Хто мусіў чытаць такое? Каму тут, у колішняй Літве, былі патрэбныя гэткага кшталту “вершы”?! Ведама ж ні польскім патрыётам, ні аб’ярэмленаму сялянству, ні расійскаму чынавенству чытаць, а пагатоў разумець, іх не выпадала. “Паэзія” была разлічана на малалікае кола шляхецкіх нашчадкаў, якія ў сваёй п’яной “беларускамоўнасці” былі адарваныя ад надзённых патрэбаў і праблемаў іншых жыхароў краю, якія хацелі хлеба і Рэчы Паспалітай Польскай (расійцаў я тут, канечне, на ўвеце не маю). Вершы мусілі б задаваць стваральнасці, скіроўваць подумы да зіхоткае прышласці адноўленага гаспадарства. Заміж гэтага Баўтовы радкі абвяшчалі нешта вар’яцкае:
Між тым Аляксандраў з Клыкоўскай, падахвоціўшы ці то Ляхоўскага, ці то Акімовіча намагаліся разабрацца з той тлумнаю цыдулкай. Цыдулка не паддавалася, нараджаючы пачварныя гіпотэзы пра гомасэксуалізм Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Адама Чартарыйскага. Не ведаю, якімі часткамі цела ўсё гэта таварыства думала, каб даўмецца да такога – не толькі абуральнага, але й выяўна недарэчнага меркавання. Сяляне кажуць пра такіх:
Нажаль, наступныя падзеі я ведаю толькі ўрыўкамі, адылі паспрабую іх паяднаць у нешта цэлае, тарнуючы сюды выразныя здогады. Клыкоўская нейкім чынам дазналася пра тое, што нарачэны ейны за ўсімі тымі справамі меў вусы ў смятанцы. Штотразу даводзілася назіраць, як яна пнулася прымусіць яго хоць бы ў чым абмовіцца. Той моўчкі трымаўся. Робячы выгляд, нібыта не цяміць Наталлевых шчыраванняў. Заставалася зусім мала часу да таго, калі яна канчаткова лучыла ў сіло, вяртання з каторага не было ніякага. Павел (рачэй з ведама Баўта) вырашыў адвесці ад сябе нявеставы запасочанні што да ўдзелу ў забойствах мянчанак. А яны ж праз падстаўных асобаў неабачліва запусцілі новую хлусню пра чарговыя жахлівыя знаходкі мёртвых жаночых целаў.
Той парою мы ці то дзень народзінаў Касцюшкі, ці то ўгодкі Магілёўскага паўстання (супраць каго, Вашэць здагадваецца) адзначалі. Зразумела, святкаванне было тайным і мела выгляд сяброўскіх гасцінаў. Святкавалі ў Драбышэўскага. Ён не даваў сабе меры ў спіртусовым. Аляксандраў жа адно ўдаваў з сябе п’янога, надта гучна перамаўляючыся з гаспадаром кватэры. У іх там завязалася спрэчка пра космас і сызнебныя целы, а таксама пра імавернасць выгоднай эксплуатацыі апошніх. Бо мусіла завязацца. Павел перавёў гаворку на лаціну, і тады ўвогуле праўдаістае трызненне пачалося (“in vinum liberum veto”, “fortiter in re, suavitur cum scuto”, “amicus Plato et dona terentus” ды іншая такога кшталту глупота). Раз-пораз у гаману яны ўстаўлялі разгорнутыя проказі на мове статутаў Вялікага Княства Літоўскага, прыпісваючы іх нейкім нязнаным мне людзям мінуўшчыны (Галляш Луста, Крыштоп Бельскі). А паслей яны пачалі дужацца на руках. Але, заўважце, Павел такім чынам сеў, каб рука яго дакладна насупраць вакна была. І, як Вашэць ужо здагадаўся, у гэтую руку стрэліў з-за вакна нехта зусім пэўны. Пэўны цяпер, а тады ўсе перапудзіліся, думаючы, што гэта працяг чорных дзеяў забойцы. Але гэнага халастога стрэлу было дастаткова, каб да часу ахалоніць шпегаўскі імпэт Клыкоўскай. Магчыма Вашэць добра памятае настрой тых часоў і зразумее, чаму мы не звярнуліся ў паліцыю. Ды што там паліцыя! Ніхто не парупіўся па-просту выйсці з дому, каб дагнаць стрэльбіта. Не магу аслабаніцца ад карцінкі, якую малюе ўяўленне: Боўт ціхенька злазіць з дрэва, з пахмылкаю хавае пад паху пісталет і дабрамысным сценем знікае ў менскай цямрэчы.