Нібыта чорная хмара павісла над ім. Нічога не атрымоўвалася надумаць. Адпраўка Надзейкі ў Нямеччыну падавалася яшчэ больш небяспечнай, чым далейшае перабыванне тут. Зрэшты, і перамяшчэнне ў іншую частку Беларусі нічога не вырашала – паўсюдна партызаны ды іх людзі. Між партызанскімі атрадамі, як меркавалася, былі добрыя сувязі: хто-небудзь дый знойдзе. Знойдзе ды прыгвоздзіць. Самім жа ўцякаць у лес было зусімнаю бязглуздзіцай. Тупік. Аляксючыц наліў у конаўку самагонкі і быццам халодную ананасную ваду выпіў адным цугам. Іначай было б не заснуць. Час ішоў. Пераначуем болей пачуем.
Расплюшчыўшы вочы, Барыс Макаравіч ужо дакладна ведаў, што будзе рабіць далей. Ён узяў сабе набіты пісталет, у кішэні напхаў колькі жменяў патронаў, у газеціну заматаў пару пачкаў грошай. Падаўся да Адама Шуло. Той з усмешкаю павітаў нечаканага госця:
– Пан настаўнік, рады паздароўкацца. Дачушка ўсе вушы пра вас адзваніла. Любіць вашы заняткі – няма спасу! А хіба ё якіясьці турботы з ёю?
– Турботы, спадару Адаме, у нас усіх першага верасня трыццаць дзявятага пачаліся, – без віхлянняў нацянькі прамовіў чыстую крамолу Аляксючыц.
– Чаго? – спужаўся Шуло. – Што за смешкі?! Хіба вы мяне правяраеце? Дык я сёння ж данясу пра інцыдэнт у паліцыю.
– Не каляхуйце, шаноўны, праблема больш спаважная, ніжлі ваш цяперашні страшок. Страшнейшая.
– Я вас зараз выжаню з хаты, калі не скончыце гэтую гнюсную правакацыю! – разыйшоўся Надзейкін тата і неяк няўклюдна махнуў рукою. Настаўнік адразу ж схапіўся за яе ды скруціў за спіну.
– Ты, дзядзьку, будзеш мяне слухаць? – мала не вызверваўся ён. – Цябе пасвяць бальшавікі. Цябе і тваю радзіну. Разумееш? Надзейку таксама хочуць забіць.
Загадчык вадакачкі абмяк і сцішана працягваў слухаць. Істрабіцель аслабаніў яго руку, паклаў на стол пакунак з райхсмаркамі і няголасна, але безапеляцыйна загаварыў:
– Сягоння ж любым магчымым спосабам пакіньце з дачкою Нюськавічы, а за тым і Беларусь. Эстонія, Чэхія, Францыя. Куды хочаце. Хоць за чатыры мора. Толькі не Беларусь. Яна гэтым часам, як пекла. Тут ёсць колькі тысячаў. Сапраўдныя… Не будзьце дурнём і проста па маім сыходзе ўцякайце. Забірайце Надзейку са школы і бяжыце.
Шуло ўсёй сваёй істою быў прыгаломшаны, але згодна хітнуў галавою. Настаўнік шморгнуў носам і выйшаў вон.
Ён не збіраўся сёння ісці на працу, а мерна крочыў да павятовае ўправы. На вуліцы Гітлера яго нагнаў дырэктар школы.
– Спадар Аляксючыц, хіба вас ужо папярэдзілі? – без прывітання запытаўся ён.
– Гледзячы пра што, – ухіліста адказаў Істрабіцель, неўпрыкмет варушачы ў кішэні рукою.
– Ідзем з вамі ва ўправу на семінарыю па праблемах ідэалогіі Трэцяга Райху на высвабаджаных ад бальшавізму абшарах. Будзе нехта высокі з Менску. Мы ж зможам з вамі станоўча адрапарціраваць?
Настаўнік, быццам на згоду, ленна хітнуў галавою.
Ва ўправе было шматлюдна. Неяк адразу зразумелася, што з усёй акругі сюды панапрыехала настаўнікаў. Неўзабаве ўсіх запрасілі ў вялікую залу. На сцэне стаяў доўгі шэраг сталоў і трыбуна. Да сініх кулісаў белымі ніткамі былі прышытыя сцягі Нямеччыны і Беларусі. Паверху вісеў транспарант: “Табе вызваліцель, падзяка і самая шчырая праца!”. Сабралася чалавек семдзясят улучна з колькімі Hilfspolizei’ямі і арыйцамі з SS, што ахоўвалі сваіх шышак. З Менску прыехаў дарадчык гаўляйтара па ідэалагічным забеспячэнні беларуска-нямецкай еднасці гер Шульц Мортэнваль у суправодзе собскага даручэнца спадара Генрыка Галінкоўскага.
“Не кепска ты лучыў, дзядзя”, – зласліва ўсміхнуўся Аляксючыц. Пыса Галінкоўскага надта ж яму кагосьці нагадвала. Гэны спадар ад імя свайго шэфа ўзяўся чытаць спавешчанне, перапоўненае добрым наборам слушных для фашыстаў фразаў:
Барыс Макаравіч узняў руку:
– Скажэце, а як стасуецца нашая супольная будучыня з перадаванымі брытанскім радыё звесткамі, што Нямеччына мае сакрэтныя планы, згодна з якімі да 90 % беларусаў мусяць быць вынішчаныя?
Па залі прабегся шумок. Галінкоўскі – той самы вярбоўшчык Аляксючыца – вылупіў вочы. Мортэнваль, якому пераклалі пытанне, зрабіўся агаломшаным і не патрапіў адразу зрэагаваць. За тое Істрабіцель рэагаваў адэкватна, шасцю стрэламі асадзіўшы на той свет паліцаяў ды эсэсаўцаў. Руля адразу ж перакіравалася на Мортэнваля:
– Auf Wiedersehn, mein lieber Herr!
Стрэл. Пырскнулі кроў і мазгі. Льга было агледзіць, што ў крывянку перапэцкаўся твар нядаўнага прамоўцы. Ён збіраўся ацерціся, але Істрабіцель не дазволіў: