У заснежаным Менску аб тую пару было холадна. Людзі маўчалі, міжволі мераючы тэмпературу не па Цэльсію, а паводле НКВД. Барыса Макаравіча арыштавалі тады а дзясятай вечара. Надзвычайная тройка адразу ж навешала гурму абвінавачанняў, пачынаючы нацдэмаўшчынай і сканчаючы шпіянажам на карысць Антарктыды. Хлапца нават і слухаць няе сталі. “Прыгавор прывясці в іспалненіе безатлагацельна,” – мовіў хтосьці без твару. Засуджаны спрабаваў апраўдвацца: крычаў, спасылаўся на саюзную і беларускую канстытуцыі. У адказ даставаў мацюкоў і кухталёў, ад якіх сінела ўваччу. Ён амаль развітаўся са спадзевамі выжыць. Але нечакана на выхадзе з турмы ягоных канваіраў арыштавалі таямнічыя людзі ў цывільным. Канкурэнтны аддзел НКВД вырашыў падняць паказнікі коштам арышту сваіх калег. Барыс адно лыпаў вачыма, назіраючы адбываны перад ім спектакль і нічога ў ім не разумеў. “Давай валі на хрэн адсюда,” – ласкава параіў яму адзін з прыбышоў. Гэтая гісторыя з Антарктыдай неаднакроць снілася Аляксючыцу апасля за чаканнем імавернага працягу.
Працяг няўцейкам праявіўся на дзявятым месяцы нямецка-савецкай вайны: той самы ласкавы вызвольнік аб’явіўся перад Барысом Макаравічам са словамі: “Ты мусіш нам памагаць. Як камуніст, як верны сталінец ты вінен бароцца супраць той сволачы, што шалудзіла нашай дзяржаве да вайны і што зараз прадаўжае свой паскудны чын. Гэта яны прычынныя ў смерцях бязвінных – сваімі подлымі паклёпамі яны накінулі кляйно ворагаў народа на чэсных савецкіх грамадзян, такіх вось, як ты. Цяпер у іх сатрудніцтва з фашыстамі. Не дамо ім пачувацца вальготна”. Гаврыў прысланец складна і амаль па-беларуску, а як толькі Аляксючыц заікнуўся пра “трэба падумаць”, адцяў: “Можаш не паспець”. Намінку было дужа проста зразумець. Пагатоў па сталіцы распаўзлося тады цімала чутак пра загадкавыя забойствы паспалітых гараджан. Давялося пагадзіцца і пасля трохгадзіннага інструктажа выправіцца ў Нюськавічы, дзе пільна патрабаваўся настаўнік беларускае мовы і літаратуры…
Галава балела ўвесь дзень. Надзейка паводзіласся, як звычайна. Хоць у перахопленых позірках можна было прыкмеціць след лёгкае тугі. Барыс Макаравіч успрыняў гэта як належнае. Змагаючыся з кепскім самапачуваннем, ён не забыўся, аднак, зазірнуць у свежы “Нюськавіцкі ходаньнік”. Чыста бессаромная рыфмаванка Зосі Шчодрай красавала на чацвёртай старонцы.
Настаўнік уздыхнуў і сплюнуў. Вершы пра каханне, хай сабе і такія брыдкія, азначалі, што зніштажаць трэба ўсю сям’ю зашыфраванага дзеяча. У ягонай практыцы быў толькі адзін такі выпадак, і паўтарэння гэнага Аляксючыц не хацеў жадаць. Адганяючы прэч сваё нежаданне, Істрабіцель дастаў Багдановічаў “Вянок” і ўзяўся за расшыфроўку. Пачатныя літары кожнай Зосінай страфы неабходна было перавесці ў лічбы паводле парадку іх размяшчэння ў алфавіце. Зрабіўшы гэта, Барыс Макаравіч разгарнуў “Краю мой родны! Як выкляты Богам…” і пачаў зводзіць рахубы: супастаўляць атрыманыя лічбы зь літарамі класічных радкоў.
Вынік скалануў. Вынік выцяў па твары. Вынік надарваў дыханне. Загадчык нюськавіцкай вадакачкі Адам Шуло быў бацькам яго вучаніцы Надзейкі. Загад выракаў зрабіць смерць і ёй. “Да якой халеры ім гэтая вадакачка? – высвятляў сам у сябе Істрабіцель. – Завошта зніштажаць загадчыка? Нягож ён такі вялікі вораг? Мацёры здраднік? І дзеркачу ясна, што ён вымушана супрацоўнічае з немцамі. Што яму закідваюць? Нацыяналізм? Удзел у карных аперацыях? Частаванне былых савецкіх грамадзян бруднаю вадою? Брэдні. Біліндрасы на трыногу! Завошта? Ці то яны мяне ўсё-ткі выпрабоўваюць? Так не можа быць. Калі і шлындаюць дзесь тутака іхныя агенты, якія ўпільнавалі, што Надзейка прыходзіла да мяне ці што я праважаў яе, то ў кожным разе яны б не здолелі так хутка размясціць у газеце гэтае курвенства. Супадзенне? Супадзенне, але прыкрае, але страшнае. Хоць біся галавою аб сцяну. Як? Што рабіць далей? Дзе ўзяць адказ? Я не хачу іх забіваць… Заб’юць мяне. Даб’юць. Тады пашанцавала. Цяпер – солі ў вочы, а не шанцавння. Накрыюць. Не пабачыць залацістага і яснага. Ні халеры не агледзіць. Нават самай наймаленечкай. Што рабіць? Як рэагаваць? Як?”.