Але фламінгі не памерлі. Ратуючыся ад страшнага болю, яны пабеглі і кінуліся ў ваду. Яны крычалі ад болю, і іхнія ногі, якія раней былі белыя, зрабіліся цяпер чырвоныя ад гадзючай атруты. Міналі дні за днямі, але пякучы агонь у крывава-чырвоных атручаных нагах у фламінгаў не сунімаўся.
Было гэта вельмі-вельмі даўно. Але й дагэтуль фламінгі стаяць цэлымі днямі ў вадзе, стараючыся сцішыць агонь, што пячэ ім ногі.
Часам яны выходзяць на бераг і ступаюць колькі крокаў па зямлі, каб пабачыць — як яно. Але боль ад атруты адразу вяртаецца, і яны бягуць назад у ваду. Часам ім пячэ так моцна, што яны падбіраюць нагу і стаяць гэтак цэлымі гадзінамі, не могучы яе выпрастаць.
Вось так у фламінгаў былі раней белыя ногі, а цяпер сталі чырвоныя. Усе рыбы ведаюць гэтую гісторыю і смяюцца з неразумных птушак. Але фламінгі, студзячы ў вадзе свае ногі, не выпускаюць выпадку, каб адпомсціць насмешніцам, і глытаюць кожную рыбку, якая падплыве надта блізка, каб з іх пасмяяцца.
Абскубены папугай
Жыла ў лесе чарада папугаяў. На досвітку яны ляталі на поле паласавацца маладымі кіяхамі кукурузы, а надвячоркам дзяўблі апельсіны. Сваімі крыкамі яны ўтваралі страшэнны гвалт, але заўсёды на сама высокім дрэве ў іх сядзеў папугай-вартаўнік, які пільнаваў, ці не крадзецца хто-небудзь.
Папугаі — такія самыя шкоднікі, што й саранча, бо калі яны дзяўбуць кіяхі, яны раздзіраюць іх, а потым, у дождж, кіяхі гніюць. А таму што смажаныя папугаі вельмі смачныя, пеоны (так называюць сялян у Лацінскай Амерыцы) палююць на іх.
І вось аднойчы адзін чалавек стрэліў ды збіў вартавога папугая, які, нават паранены, доўга яшчэ не даваў сябе ўзяць. Потым пеон занёс яго гаспадаровым дзецям, а дзеці вылечылі яго, бо ў папугая было перабітае толькі адно крыло. Вельмі хутка папугай ачуняў і зрабіўся зусім свойскі. Назвалі яго Пэдрыта. Ён навучыўся падаваць лапу, і яму вельмі падабалася сядзець у людзей на плячы і дзюбаю казытаць ім за вухам.
Жыў ён вольна і амаль цэлы дзень бавіў на апельсінавых дрэвах ды эўкаліптах у садзе. А яшчэ яму падабалася смяяцца з курэй. Калі ж надвячоркам, а чацвёртай ці пятай гадзіне, дома пілі чай, папугай таксама заходзіў у сталовую і, дапамагаючы сабе дзюбай і лапамі, узлазіў па абрусе на стол паесці размочанага ў малацэ хлеба. А болей за ўсё ён любіў чай з малаком.
Пэдрыту вельмі падабаліся дзеці, і яны расказвалі яму столькі рознага, што ўрэшце папугай навучыўся гаварыць. Ён казаў: «Добры дзень, папугайчык!», «Смачная каша!..», «Каша для Пэдрыты!». Казаў ён і яшчэ сёе-тое, ды лепей пра гэта не згадваць, бо папугаі, як і дзеці, вельмі лёгка запамінаюць паганыя словы.
Калі пачынаўся дождж, Пэдрыта натапырваў пёры і ціхенька нешта сам сабе баяў. Калі ж ладзілася пагода, ён лётаў ды крычаў на ўсё горла.
Як бачым, гэта быў зусім шчаслівы папугай. І апроч таго, што ён быў вольны, як гэтага хочуць усе птушкі, ён, як заможныя людзі, таксама а пятай гадзіне піў чай.
І вось, пры ўсім гэтым шчасці, здарылася так, што адным дажджлівым надвячоркам пасля пяці дзён безупыннай залевы ўрэшце выглянула сонца і Пэдрыта залётаў паўсюль ды загарлапаніў:
— Які цудоўны дзянёк, папугайчык!.. Смачная каша!.. Лапу, Пэдрыта!
І паляцеў ён далёка-далёка, аж пакуль не ўбачыў пад сабой унізе раку Парану, якая была падобная на шырокую белую стужку. А ён ляцеў і ляцеў, пакуль нарэшце не сеў адпачыць на дрэва.
І раптам ён убачыў праз галінкі, што на зямлі блішчаць два зялёныя агеньчыкі, быццам два вялізныя светлякі.
«Што гэта? — падумаў папугай. — «Смачная каша!», «Што гэта будзе?», «Дзень добры, Пэдрыта!..»
Папугай заўсёды гаварыў так, як гавораць усе папугаі, — бязладна блытаючы словы, і часам яго цяжка было зразумець. Апроч таго ён быў вельмі цікаўны і, пераскокваючы з галінкі на галінку, пачаў падсоўвацца ўсё бліжэй і бліжэй. І раптам убачыў, што тыя два агеньчыкі — гэта вочы вялікага ягуара, які ўвесь напружыўся і пільна глядзіць на яго.
Але Пэдрыта быў такі задаволены пагодным днём, што зусім не спалохаўся.
— Дзень добры, ягуар! — сказаў ён. — «Лапу, Пэдрыта!»
А ягуар адказаў яму страшным хрыпатым голасам:
— Дзе-нь-доб-ры!
— Дзень добры, ягуар! — паўтарыў папугай. — «Смачная каша!.. смачная каша!.. смачная каша!..»
Ён паўтарыў столькі разоў «смачная каша», таму што было ўжо чатыры гадзіны і яму вельмі хацелася папіць чаю з малаком. Папугай забыў, што лясныя звяры не п'юць чаю з малаком, і таму запрасіў пачаставацца і ягуара.
— Смачны чай з малаком! — сказаў ён. — «Дзень добры, Пэдрыта!» Ці не хочаш папіць са мной чаю, сябра ягуар?
Але ягуар раз'юшыўся — яму здалося, што папугай здзекуецца з яго. Ён быў галодны і захацеў з'есці гаваркую птушку. Ягуар адказаў:
— Доб-ра! Па-ды-дзі тро-хі, я не чу-ю!
Ягуар быў не глухі, ён хацеў, каб Пэдрыта падышоў бліжэй і яго можна было схапіць адным махам. А папугай думаў толькі пра тое, як будзе прыемна прыйсці дадому і піць чай з малаком з такім цудоўным сябрам. Ён пераляцеў на другую галінку, бліжэй да зямлі.
— Дома смачная каша! — зноў крыкнуў ён на ўсё горла.
— Блі-жэй! Не чу-ю! — прахрыпеў у адказ ягуар.