Читаем Казкі трапічнага лесу полностью

І яны зараз жа ўзяліся за працу. Спачатку ўсе рушылі ў лес і павалілі там ажно дзесяць тысяч дрэваў, а можа, і болей. Пры гэтым яны выбіралі асабліва такому і кебрач, бо ў гэтых дрэваў вельмі цвёрдая драўніна. Потым распілавалі іх — нечым накшталт пілы, якая расце ў кайманаў па верху хваста, — зацягнулі бярвенне ў ваду і метр за метрам паўбівалі яго па ўсёй шырыні ракі. Цяпер ніякі параход, ні малы, ні вялікі, не змог бы праплыць. Кайманы былі ўпэўненыя, што ніхто ўжо болей не напалохае рыб. І тады, вельмі стаміўшыся, яны паляглі на пляжы і заснулі.

А на другі дзень, калі яны яшчэ спалі, здалёк зноў даляцеў шум парахода: «плясь-плясь». Кайманы ўсе, вядома, яго пачулі, але ніводзін не ўстаў і нават не расплюшчыў вачэй. Што ім да парахода? Няхай сабе шуміць колькі хоча, усё роўна яму не прайсці.

І праўда: параход быў яшчэ далёка, але раптам спыніўся. Людзі, якія плылі на ім, убачылі ў бінокль, што рака нечым перагароджаная, і паслалі наперад лодку паглядзець, што там такое перашкаджае ім плыць. Тады кайманы ўсталі і, падплыўшы да плаціны, пачалі назіраць за людзьмі праз бярвенне, пасмейваючыся ад задавальнення, што ім удалося ўчыніць параходу такі добры жарт.

Лодка падплыла, людзі разгледзелі збудаваную кайманамі моцную плаціну і вярнуліся назад да парахода. Потым лодка зноў вярнулася да плаціны, і людзі, якія былі ў ёй, крыкнулі:

— Гэй, кайманы!

— Што вам? — адказалі кайманы, высунуўшы галовы паміж бярвення ў плаціне.

— Нам гэта перашкаджае! — крыкнулі людзі.

— Ведаем!

— Мы не можам праплыць!

— А нам гэта і трэба!

— Прыбярыце плаціну!

— Не прыбяром!

Людзі ў лодцы пра нешта параіліся між сабою і потым зноў крыкнулі:

— Кайманы!

— Што вам? — адказалі тыя.

— Не прыбераце?

— Не!

— Ну, тады да заўтра!

— А дакуль хочаце!

І лодка вярнулася да парахода, а вельмі задаволеныя кайманы запляскалі хвастамі па вадзе. Ніякі параход цяпер тут не пройдзе, і ў рацэ заўсёды-заўсёды будзе рыба.

На другі дзень параход вярнуўся зноў, але калі кайманы зірнулі на яго, яны аж знямелі ад здзіўлення: гэты параход быў нейкі іншы. Ён быў мышынага колеру і куды большы за ранейшы. Што гэта за новы параход? Ён хоча праплыць? Не, не праплыве. Ні гэты, ні той, ніякі іншы!

— Не пройдзе, не пройдзе! — закрычалі кайманы і кінуліся да плаціны кожны на сваё месца каля бярвення.

Новы параход, як і ранейшы, спыніўся воддаль і таксама спусціў лодку, якая падплыла да плаціны.

У лодцы сядзелі афіцэр і восем матросаў.

Афіцэр крыкнуў:

— Гэй, кайманы!

— Што? — адказалі тыя.

— Не прыбераце плаціну?

— Не!

— Не?

— Не!

— Добра, — сказаў афіцэр. — Тады мы разбурым яе гарматамі.

— Бурыце! — адказалі кайманы.

І лодка вярнулася да судна.

А той карабель мышынага колеру быў ваенны параход, браняносец з вялікімі страшнымі гарматамі. І мудры стары кайман, які аднойчы плаваў да самага мора, раптам успомніў пра гэта і ледзь паспеў крыкнуць іншым кайманам:

— Хавайцеся пад ваду! Жвавей! Гэта ваенны параход! Хавайцеся добра!

Кайманы адразу зніклі пад вадою і паплылі да берага. Там яны і засталіся, высунуўшы з вады толькі насы ды вочы. У тую ж хвіліну з карабля вылецела вялікае белае воблака дыму і магутны артылерыйскі снарад трапіў у самую плаціну, акурат усярэдзіну. Два ці тры бервяны разляцеліся ў трэскі, але тут жа ўпаў другі снарад, а потым яшчэ і яшчэ, і кожны нішчыў ушчэнт кавалак плаціны, пакуль ад яе нічога не засталося. Ні бервяна, ні трэскі, ні кары. Усё было разбурана гарматамі браняносца. І кайманы, якія сядзелі ў вадзе, высунуўшы на паверхню толькі насы ды вочы, моўчкі глядзелі, як паўз іх, гудучы на ўсю моц, праплывае ваенны карабель.

Потым кайманы вылезлі на бераг і сказалі:

— Мы зробім другую плаціну, яшчэ большую, чым была.

І тым жа вечарам і тою ж ноччу зрабілі новую плаціну з аграмадных ствалоў. Пасля гэтага, стомленыя, яны палеглі спаць і спалі да наступнага дня, пакуль ваенны карабель не прыплыў зноў і спушчаная з яго лодка не наблізілася да плаціны.

— Гэй, кайманы! — крыкнуў ім афіцэр.

— Што трэба? — адказалі кайманы.

— Прыбярыце гэтую новую плаціну!

— Не прыбяром!

— Мы разбурым яе снарадамі, як і тую!

— Разбурайце, калі зможаце!

Яны адказвалі так ганарыста, таму што былі ўпэўненыя, што іх новую плаціну не змогуць разбіць нават усе гарматы свету разам.

Але праз хвіліну карабель схаваўся ў дыме, і якраз на сярэдзіне плаціны пачуўся страшны выбух. Гэты раз стралялі разрыўнымі. Снарад з грукатам разарваўся на бярвеннях, узняў іх у паветра і разнёс вялізныя ствалы на дробныя трэскі. Другі снарад разарваўся побач з першым, разламаўшы яшчэ адзін кавалак плаціны. І так яны білі і білі, пакуль ад плаціны нічога-нічагуткі не засталося. Тады ваенны карабель праплыў паўз кайманаў, і людзі смяяліся з іх.

— Што ж, — сказалі кайманы, вылазячы з вады. — Цяпер мы ўсе памром, бо карабель будзе ўвесь час плаваць сюды і туды і рыбы ўжо ніколі не вернуцца.

І яны замаркоціліся, таму што маленькія кайманчыкі прасілі есці.

Тады стары кайман сказаў:

Перейти на страницу:

Похожие книги