Читаем Казкі трапічнага лесу полностью

Папугай зляцеў яшчэ трошкі ніжэй і сказаў:

— Смачны чай з малаком!

— Яш-чэ блі-жэй! — паўтарыў ягуар.

Няшчасны папугай падсунуўся зусім блізка, і ў гэтую хвіліну ягуар так высока скочыў, што мог бы пераляцець цэлы дом. Ён зачапіў Пэдрыту кончыкамі кіпцюроў, і хоць забіць яго яму не ўдалося, але ён выдраў у папугая ўсё пер'е на спіне і ўвесь хвост. На хвасце ў небаракі не засталося ніводнага пёрка.

— Вось табе! — рыкнуў ягуар. — Ідзі цяпер, пі сам свой чай з малаком.

Папугай закрычаў ад болю і жаху і паляцеў, але добра ляцець не мог, бо ў яго ж не было хваста, які ў птушак служыць стырном. Ён ляцеў, куляючыся з боку на бок, і ўсе птушкі, якія сустракаліся яму па дарозе, спалохана кідаліся ўпрочкі, убачыўшы такую дзіўную істоту.

Урэшце ён усё ж дабраўся дадому і адразу паляцеў на кухню паглядзецца ў кухарчына люстэрка. Небарака Пэдрыта! Ён быў сама дзіўная й сама брыдкая птушка на свеце — увесь абскубены, бясхвосты, сіні ад холаду. Як ён пакажацца ў сталовай у такім выглядзе? І тады ён вырашыў схавацца ў дупле, што было ў ствале вялікага эўкаліпта. Дупло было велічынёю з цэлую пячору. Ён залез у яго і лёг на дне, дрыжучы ад холаду й сораму.

Тым часам усе ўжо сабраліся ў сталовай і вельмі дзівіліся, што папугая няма.

— Дзе ж гэта Пэдрыта? — казалі яны і клікалі. — Пэдрыта! Смачная каша! Пэдрыта! Пэдрыта! Чай з малаком!

Але Пэдрыта й дзюбы не высоўваў са сваёй пячоры, ён ляжаў ціха, моўчкі і нічога не адказваў. Яго шукалі паўсюль і нідзе не маглі знайсці. І тады ўсе падумалі, што Пэдрыта загінуў. І дзеці заплакалі.

Кожны дзень, надвячоркам, калі наставаў час піць чай, яны ўспаміналі папугая і прыгадвалі, як яму падабаўся хлеб, размочаны ў чаі з малаком. Бедны Пэдрыта! Яны ўжо ніколі яго не ўбачаць, бо ён нежывы.

Але Пэдрыта не памёр, ён сядзеў у сваёй пячоры, нікому не паказваючыся, бо яму было вельмі сорамна, што яго абскублі як нейкае мышанё. Ён вылазіў толькі ўначы, каб пад'есці, і тут жа вяртаўся назад. А на досвітку асцярожна вылазіў зноў і ляцеў паглядзецца ў кухарчынае люстэрка. Але пер'е расло марудна, і гэта кожны раз вельмі яго засмучала.

І вось нарэшце настаў дзень ці вечар, калі ўся сям'я, сабраўшыся за сталом, піла чай, і раптам усе ўбачылі Пэдрыту. Нібыта нічога і не здарылася, той, спакойна перавальваючыся з нагі на нагу, увайшоў у пакой.

— Пэдрыта, папугайчык! — закрычалі яму. — Што з табою здарылася, Пэдрыта?! І якія бліскучыя ў цябе пёры!

Ніхто не ведаў, што пёры ў Пэдрыты — новыя. А Пэдрыта напусціў на сябе вельмі сур'ёзны выгляд і не адказваў ні слова. Ён еў намочаны ў чаі з малаком хлеб і ўвесь час маўчаў.

Тым большае было здзіўленне ў гаспадара дома, калі ранкам наступнага дня папугай падляцеў і, безупынна балбочучы, сеў яму на плячо. За дзве хвіліны ён расказаў гаспадару ўсё, што з ім адбылося: і як ён лятаў у Парагвай, і як сустрэўся з ягуарам, і ўсё астатняе. І ледзь не кожную фразу ён канчаў, напяваючы:

— Ні пёрка ў хвасце ў Пэдрыты! Ні пёрка! Ні пёрка!

А потым ён прапанаваў гаспадару пайсці ўдвух папаляваць на ягуара.

Гаспадар дома якраз збіраўся ў той час купляць ягуаравую шкуру, якую хацеў павесіць над камінам. Таму ён вельмі ўзрадаваўся, што зможа займець яе задарма. Ён зайшоў у хату, узяў стрэльбу і разам з Пэдрытам выправіўся ў Парагвай. Яны дамовіліся, што Пэдрыта, убачыўшы ягуара, адцягне яго ўвагу сваёй балбатнёй, а чалавек тым часам зможа асцярожна падкрасціся да яго са стрэльбай.

Так яны і зрабілі. Папугай сеў на галіну на высокім дрэве і пачаў балбатаць ды балбатаць, паглядаючы па баках, ці не відаць дзе ягуара. І вось пачуўся нарэшце трэск разламанага вецця, і пад самым дрэвам папугай раптам убачыў два ўтаропленыя на яго зялёныя агеньчыкі: гэта былі ягуаравы вочы.

Тут папугай закрычаў яшчэ гучней:

— Цудоўны дзянёк!.. Смачная каша!.. Смачны чай з малаком!.. Хочаш чаю?

Ягуар быў страшна раз'юшаны, убачыўшы, што перад ім той самы абскубены папугай, якога ён лічыў нежывым і які раптам зноў узяўся аднекуль з такімі прыгожымі новымі пёрамі. І ён пакляўся, што гэты раз папугай ужо не ўцячэ! Яго вочы заіскрыліся гнеўнымі маланкамі, і ён адказаў хрыплым голасам:

— Па-ды-дзі блі-жэй! Не чу-ю!

Папугай зляцеў ніжэй і зноў закрычаў:

— Смачна, хлеб з малаком! Ён тут пад дрэвам!

Пачуўшы гэтыя словы, ягуар страшна рыкнуў і ўскочыў на лапы.

— З кім ты га-во-рыш? — прахрыпеў ён. — Ка-му ты ска-заў, што я тут пад дрэ-вам?

— Нікому, нікому! — засакатаў папугай. — Дзень добры, Пэдрыта! Лапу, папугайчык!

Не змаўкаючы ні на хвіліну, ён пераскокваў з галіны на галіну і падсоўваўся ўсё бліжэй да ягуара. А тое, што ён тут пад дрэвам, папугай крыкнуў, каб папярэдзіць чалавека, які, прыгнуўшыся, цішком падкрадаўся са стрэльбаю на плячы.

Але ўрэшце папугай ужо не мог болей набліжацца да ягуара, іначай ён трапіў бы яму ў самую пашчу. І тады ён крыкнуў:

— Смачная каша!.. Увага!

— Яш-чэ блі-жэй! — зароў ягуар і выгнуўся для скачка.

— Смачна, чай з малаком!.. Асцярожна, ён зараз скочыць!

Перейти на страницу:

Похожие книги