Ідзём насустрач пажарам i начной страляніне, усё навокал дзіўна перайначана заравам, трывожнай невядомасцю i тым, што адбылося са мной. Усё не магу паверыць, згадзіцца, што я — гэта той, у каго так страшна забілі маму, сястрычак, што гэта i ёсць я! Што вайна, што немцы, смерць побач — гэта ўжо не перашкаджае мне быць. Але на свеце ўсё яшчэ няма мяне, у каторага ўсіх забілі. Але i ранейшага мяне няма. Усё раблю, як яны — Рубеж i Глеб Васільевіч, яшчэ больш, чым яны, кплю з
— Навошта я, дурань стары, узяў хлапчыну? Вунь што з ім робіцца!
Узлесак i дарога праз луг, начное поле высцелены святлом пажараў i міргатлівых ракет. З цемені раптам вырываюцца трасы куль, што, падсцерагаючы, шукаюць нас. Спачатку яны бязгучна памчаць i толькі потым, нібы металічны ланцуг павалакуць — та-татах…
Сярод поля цень твой робіцца доўгім i мнагаслойным: зарава, месяц, ракеты прагавіта ловяць, спыняюць, паўтараюць цябе, тваю прысутнасць, падвойваюць, патройваюць, доўжаць. Мы брыдзём стомленыя, галодныя, то наступаючы на свае доўгія, нібы дарога, цені, то несучы ix узбоч, то валакучы за сабой. Нам ужо надакучыла падаць, мітусіцца пры кожнай ракеце. За нас усё гэта нашы цені робяць. Узляціць ракета — цень спалохана, па-сабачы кінецца да тваіх ног, пагусцее i паменшае; ракета апускаецца, згасае — цень імкліва расцягваецца, імчыць тваю постаць у поле. А вакол рухаюцца, варушацца паўцені ад зарава i месяца, напаўзаюць адна на адну i тут жа зноўку палахліва пакідаюць цябе, як толькі ўзляціць блізкая ракета.
Нарэшце мы дасяглі жыта: да яго Глеб Васільевіч трымаў кірунак ад самага ўзлеску. За жытам дарога, якую трэба будзе мінуць.
Утапілі свае цені ў рэдкаватым, вытаптаным жыце, брыдзём па ім, як па глыбокай жоўтай вадзе. Месяц над намі круглы, вялікі.
— Не, вы заўважылі,— шэпча Рубеж, — як усё расце ў вайну! I колькі самасейкі замест чалавечага жыта. Расце ўсё, нібы злуе. А, не ўмееце вы жыць? Тады — я!
— Вы — Спіноза, Рубеж! — кажа Глеб Васільевіч. Ён напружана ўслухоўваецца ў татахканне кулямётаў, прыкідваючы, дзе нам лепей перайсці дарогу.
— Забіваюць чалавека — лес адразу на вяршок падскоквае, — мармыча Рубеж нам у патыліцу.
— Цябе стукнуць, — не вытрымаў Скараход, — на два падскочыць.
Скараход, як толькі прыпынімся, пачынае абкручваць анучай сваю неабутую правую нагу, абвязваць яе. Ніяк не адважыцца кінуць другі чаравік.
— I правільна! — згаджаецца Рубеж. — Калі самі не ўмеем. Заб'юць — i буду расці, усе дарогі, усе палі зарасту, запоўню.
Слухаем далёкі перастук кулямётаў i незразумелую цішыню белай ад месячнага святла дарогі, лапік якой нам відзён, а побач шэпт, мармытанне i дзіўнаватыя вочы чалавека, якія нібы моляць:
Я раптам падумаў i, здаецца, зразумеў, што чалавек гэты тужліва баіцца, ён амаль як хворы ад гэтага. У другога гэта выявілася б іначай, a ў Рубяжа — у няспыннай, сур'ёзнай ці смяшлівай гамане, у якой ён нішчыць свой страх. I зусім ён не дражніцца з самою смерцю, як лічыць Скараход, зусім наадварот. Страх перад уласным страхам — тужлівым, гнятлівым, — вось што мучыць, прымушае яго быць такім: ён увесь час рыхтуецца, рыхтуе сябе да нейкай рыскі, якую заўжды бачыць, пра якую не ўмее забыць, як другія ўмеюць.
— Зараз мы вылавім вас з гэтага жыта, — мармыча Рубеж, — дзе вы тут, мілыя?
I праўда, шчоўкнула ракета, гэты раз блізкая. Узнялася, зрабіла дугу i ўпала метраў за сто ад нас. Мы засталіся, хто на кукішках, хто на каленях, у жыце, налітым, як акварыум, жоўтым святлом. Ракеты адна за адной шчоўкаюць, узлятаюць, павісаюць вогненнымі кроплямі, нібы выглядаючы, куды падаць, i тут жа абрынаюцца ўніз.
Можна ўцячы, але ўцякаць не мае сэнсу. Немцы недзе тут, побач, але менавіта гэта нам трэба: засесці бліжэй да ix, але каб пра гэта яны не здагадваліся. За ix кошт мы разлічваем разжыцца чым-небудзь больш каларыйным, чым бульба i зайцава капуста, вось i трэба сядзець i чакаць моманту. Цяпер толькі разабрацца, якія тут немцы, дзе ў ix што. Праўда, мы разлічвалі ісці далей, але калі па дарозе гэтай сядзяць нямецкія пасты, засады, значыць, па ёй хутка пацягнуцца абозы, жывёла. Глеб Васільевіч услухоўваецца, прыкідвае i ўсё чапае сваю невялікую бародку — прывыкае да яе.
— Не падабаедца мне, — кажа Скараход. Ён раптам узяўся размотваць анучу, адкінуў яе. Зняў свой адзіны чаравік i таксама адкінуў ca злосцю. Падрыхтаваўся да нечага.
Так, няўтульна будзе ў жыце, калі настане раніца, — ноч, як цёмны калідор, звязвае нас з далёкім лесам. Дзень надоўга адрэжа нас ад лесу, а без яго нам надта не па сабе. Хоць бы які-небудзь лясок. I як панясём, пагонім мы што-небудзь па адкрытым полі: тут каб i сваё не кінуць!