Усё гэта так, i ўсё-ткі? Калі мець на ўвазе семнаццаці-дваццацігадовых, якіх так любіць кожная вайна, дык яны ж заўсёды ахвяравалі бессмяротнасцю! У семнаццаць, у дваццаць тваё жыццё здаецца бясконцым. Вось яна, практыка, што мільёны разоў паўтаралася!
Так ці інакш, але Флёра, той, што ляжаў над гранатай, куды больш сімпатычны мне самому, чым ягоны нашчадак Фларыян Пятровіч, што так трымаецца за сваё аслеплае жыццё, за крыўднае каханне сваё, якое надта ўжо нагадвае посах сляпога. Вунь як учапіўся (слыхам, усёй істотай сваёй) у Глашу, у Касача, які незразумела маўчыць ззаду, у Сярожу, які сваім існаваннем, прысутнасцю павінен абараняць ад нечага, ад Касача…
…Флёра ляжыць над чорнай нямецкай лялечкай з блакітненькай галоўкай, кранаецца яе холаду то падбародкам, то шчакой, чакае, калі ўсё, што адбываецца па дарозе (машыны пайшлі ўжо), раптоўна сціснецца, зараве спалохана i ўрачыста-злосна кінецца да яго, на яго. Гэта адбудзецца, як толькі немцы даведаюцца, што Флёра тут, што яго можна забіць. Як яны забегаюць i ўзрадуюцца, што гэта магчыма! Нават не верыцца, што для ix гэта так важна — Флёра!
Але тут жа i наадварот усё ўяўляецца: вось ён устаў бы, адкрыўся, пайшоў, куды надумае, а машыны ўсё гэтак жа ішлі б сваёй дарогай, бо тут жа не хто-небудзь, a ўсяго толькі ён, Флёра… Ен ляжыць над чорнай гранатай, як над прадоннем, i ведае, што ў той самы міг, калі яны абрынуцца на яго, ён саслізгне ўніз… I ён глядзіць на дарогу нават з цікаўнасцю. Рубеж нешта мармыча, шэпча, расказвае за тых, хто на гравійцы i хто ў жыце, за само жыта (
Зніклі, адраўлі i аддымілі машыны i браневікі, пачалі рухацца абозы — вялізныя, па-цыганску накрытыя вазы i звычайныя сялянскія калёсы, а на ix i побач — немцы i ўласаўцы ў зялёным, паліцаі ў чорным ці проста цывільным.
Ва ўсіх ix пакрыўджаны выраз на твары.
Гэта мы з Флёрам разгледзелі зблізку, запомнілі ў той дзень, у тыя дні: у катаў, у забойцаў заўсёды на тварах, у вачах крыўда. Крыўда на тых, каго ўжо забілі, забіваюць, павінны забіваць… Асабліва крыўдлівыя фізіяноміі былі ў немцаў, якія ішлі пасля абозу, на павадках у ix аўчаркі, брыдуць не дарогай, а абочынай, на траве, рукой дастаць да Флёравых кусцікаў. Гэтыя гоняць гарачы, густы людскі натоўп, напаўапранутых мужчын i босых жанчын з дзецьмі. Аўчаркі раптам пачынаюць ірвацца да кусцікаў, да Флёры, да жыта, нацягваючы кароткія павадкі: канваіры ў шырокіх пляміста-залёных i чорных плашчах сярдзіта торгаюць ix, выпраўляючы на дарогу, да натоўпу. То адзін, то другі канваір з сабакам кідаецца да людзей, збіваючы ix у кучу (сабакі гырчаць, дзіцячыя ўскрыкі!), a калі яны вяртаюцца назад (яшчэ бліжэй да кусцікаў), крыўда на вузкім, на поўным, на круглым, на худым, на рабым, у акулярах, без акуляраў абліччы выступае прыкметнай, гняўлівай чырванню. Яны праходзяць міма, валакуць ад абочыны на дарогу сваіх чуйных аўчарак, i ад гэтага нам здаецца, што i дарога з людзьмі, i абочына, i луг, па якім ідуць i прабягаюць немцы з аўчаркамі,— што ўсё гэта касабочыцца — вось-вось спаўзе, рассыплецца, зваліцца нам на галовы! Гэтага амаль што хочацца, такое пакутлівае чаканне…
I тут здарылася! Два ці тры чалавекі з запыленага натоўпу кінуліся да жыта. О, якім пакрыўджаным віскам адказалі на гэта аўчаркі, якім урачыстым! Адны кінуліся, скіроўваючы канваіраў, да жыта, другія — да натоўпу на дарозе. Мы з Рубяжом пераглянуліся. I кожны прачытаў:
Некалькі рэзкіх чэргаў, i цяпер толькі крыкі, брэх. Немцы спусцілі аўчарак i цяпер баяцца падстрэліць ix. Ды i куды дзенуцца ўцекачы з гэтага абкружанага пустым полем жыта? Два немцы забеглі з боку кусцікаў, мы глядзім ім у зялёныя спіны, па-драпежніцку напружаныя. А жыта кіпіць сабачым брэхам, густым рваным хаканнем. Раптоўны, роўны стук — пяць стрэлаў дзесяцізарадкі. Ленінградца нашага вінтоўка? I тут жа екатанне, віск. Мусіць, падстрэлілі аўчарку.
На імгненне ўсё аціхла. Першыя апамяталіся i кінуліся назад да дарогі два немцы, што занадта далёка адбегліся, — што з нашага боку. Але тыя, што былі ля дарогі i каторых многа, рынулі да жыта. I ўсё патанула ў спалоханай страляніне i крыках.
…Калі забітых ты бачыў жывымі, заўважаеш, што наваколле не адразу прымае мёртвага: усё наўкол павінна прывыкнуць да яго прысутнасці. Потым, калі i гадзіна прайшла, і паўдня, а трупы ўсё перад вачамі, яны паступова робяцца як бы часткаю самога наваколля, варожага, трывожнага, — у яго палоне i мы з Рубяжом. Па дарозе ідуць, едуць немцы i