— Хто i ўцёк, мы вось уцяклі. А то баяліся каторыя: яны праз старасту аб'явілі, што Убойнае не зачэпяць, a Бабровічы паляць таму, што ад ix многа моладзі ў партызанах. А нашых там няма — стараста так сказаў. I каго ў лесе знойдуць, сказалі, расстраляюць. I праўда, спачатку загадалі мужчынам з сякерамі, рыдлёўкамі сабрацца — дарогу рамантаваць. Хто не схаваўся, аб'явіўся, яны тых мужыкоў сабралі i па пляцу пачалі ганяць, у канцы вёскі. З паднятымі рукамі па крузе бегаюць, а пясок, а пясок!.. Хто адстане — б'юць. Мы ў вокны глядзім, што яны робяць з нашымі. А яны гэта, каб змардаваць людзей, бо, вядома, мужчыны, яны супраціўляцца будуць, Гэта каб лягчэй было ў гумно загнаць. Загналі i пачалі хадзіць па хатах. Музыку па вуліцы пусцілі, крычыць музыка, а яны ходзяць, i нейкая страляніна. Хто думае, курэй страляюць, хто што. А я бабам кажу:
Твар жанчыны безуважны да таго, што яна расказвае. (Затое ўсё — на твары, у вачах дзяўчынкі, што стаіць побач.)
Жанчына нібы сама ў свой расказ не верыць, нібы ў нас пытаецца, што гэта такое ёй прытрызнілася, вінавата i ніякавата ўсміхаецца.
— Ну, папаўзлі мы да калгасных гумнаў, а там ужо гарыць, а немцы кулямі свішчуць, свішчуць… Гэта ж яны там мужчын забіваюць, паляць! А нам усё чуваць, як крычаць, галосяць людзі, а божачка! Гумны, сцены гараць, а мы паміж… Сцяна так, i так, i так… Я дзяцей сабой накрыла, пясок на ногі награбаю, валасы на галаве трашчаць, смаляцца… A Паўлік усё роўна:
Усмешка на рабаціністым твары жанчыны недарэчная, дзіўная, але нам яна не здаецца вар'яцкай. Проста пагубляліся ўсе меркі: калі чалавек павінен плакаць, калі смяяцца. I ўсё здаецца, чалавек не верыць, што гэта было з ім, магло быць такое, што гэта праўда; у нас пытае, ці праўда.
Як гэта страшна, калі чалавек усміхаецца.
…Сабачы брэх далека аддаецца ў адным i другім канцы вуліцы — вялікая вёска. Узлятае ракета, i тады ўсё пачынае варушыцца: доўгія цені, як рычагі, паварочваюць пуні, хаты, дрэвы. I тут жа, як рып драўлянага вората, кулямётная чарга. Рваныя трасы куль імчаць у поле, нам за спіну. Гэта адбываецца, паўтараецца праз аднолькавыя прамежкі часу, быццам i на самай справе сама запускаецца нейкі механізм. Значыцца, сапраўды тут ёсць немцы. У паліцаяў такой метадычнасці не бывае. Днём мы бачылі, што ў вёсцы стаяць машыны.
Ад расы, ад сырасці плашч робіцца цвёрды, каляны. Я, лежачы, сцягнуў з сябе брызент, падперазаўся папругай з падсумкамі па нямецкім кіцелі, а плашч пакінуў каля грушы-дзічкі, на бульбяным полі. I чамусьці азіраюся на яго, як на некага трэцяга i самага хітрага з нас. Рубеж паўзе па баразне i таксама азіраецца, нібы i яго збівае з панталыку той, трэці. Востры начны пах гарэлага. Падобна, што вёска, дзе мы наважылі разжыцца ядой, не такая цэлая, як здалося нам, калі вывучалі яe днём з лесу. Рубеж тады здорава паказваў, прадстаўляў, як перакладзём, перагрузім сала i каўбасы з паліцэйскіх кублаў у свае ёмістыя мяшкі i як паявімся з усім гэтым на