Читаем Хатынская аповесць полностью

Нібы даючы мёртваму яшчэ час для чагосьці, я пакінуў яму вінтоўку i тым часам пачаў выграбаць патроны з ягонай сумкі. У Рубяжа вінтоўка нямецкая, патрэбны i патроны нямецкія. Назапіхваў патроны сабе ў кішэню i зноў пачаў выслабаняць вінтоўку з мёртвае рукі. Рука пацягнулася следам за вінтоўкай i нарэшце адпусціла.

Я перапоўз у зарослую травой старую баразну, каб лепей было пасля адыходзіць i страляць, калі пойдуць сюды ад лесу. Успомніў i пашукаў позіркам карову. Яна хутка аддаляецца ад нас. Спачатку яна белая на цёмным фоне лесу, a калі выйшла на зарава, зрабілася, нібы вугаль, — чорная. Нават повад відзён, ён целяпаецца, звісае да зямлі. Ногі яшчэ ў цемені, а тулава, галава на фоне барвовага неба. Аддаляючыся, выцягваючы ногі з цемені, як з гразі, карова робіцца вышэйшай, вырастае. Тое, што карова ўцякла ад нас, адразу вярнула мяне да галоўнага, я падумаў пра «востраў». Але той, хто ляжыць непадалёку, настойліва чакае ад мяне нечага. Я зноў папоўз да яго. Паспрабаваў, падбіўшы руку пад цяжкое, як гнёт, цела, цягнуць яго — наўздагон карове, i працягнуў ужо колькі, пакуль не зразумеў, што не гэта я хацеў зрабіць. Мёртвае цела чакала.

Карова ўсё чарнейшая i чарнейшая ад святла над гарызонтам i ўсё больш вырастае, хутка i весела вырываючы ногі з чарнаты. Я адклаў вінтоўку ўбок i pyкамі, зліплымі ў пальцах, падгарнуў колькі зямлі да Рубяжовых ног. Мёртвы зноў рабіўся Рубяжом, я ўжо звыкаўся з яваю, з думкай, што Рубеж забіты, мёртвы. Нагарнуў яшчэ зямлі, зрабіў гэта, нібы пытаючыся згоды ў мёртвага. А наша карова знікае, яе размывае святлом, i яна нібы растае, ногі ўжо не дастаюць да мігатлівай рысы гарызонта. Я ўстаў на калені i пачаў таропка гарнуць вільготны пясок, але яшчэ не ўкрываючы ім Рубяжа. Я гарнуў пясок рукамі, каленямі, грудзьмі, бадай што тварам, я нібы сам закопваўся ў зямлю i ўсё баяўся, што гэтыя мае паспешлівыя, парывістыя рухі зноў абрынуць на нас кулямётны агонь. Але чым вастрэй адчуваў сваю неасцярожнасць, тым неасцярожней, спяшаючыся, рабіў усё — назнарок, на злосць нечаму, камусьці… Пясок у мяне ў роце, за каўняром, у валасах. Нарэшце я наважыўся, адным рухам нагарнуў капец жвіру на мёртвага Рубяжа. Я рабіў гэта, стараючыся не глядзець, не думаць, хутка, таропка, каб скончыць, не адчуўшы ўсяго. З нейкага імгнення ўжо не дазваляў падступіцца да сябе ўсяму, што адбылося: я быў перапоўнены, a лішак выцякаў цераз край. На шчасце, для чалавека такое магчыма.

Мокры, абліваючыся брудным потам, я застаўся адзін сярод поля. Я так спяшаўся засыпаць пяском, хутчэй прыхаваць мёртвае цела, каб адарвацца ад гэтага месца, паўзці за нашай каровай, але вось скончыў i ляжу нерухома. Усё раптам здалося такім нерэальным, захацелася проста перачакаць, пакуль усё мінецца само па сабе. Я безуважна гляджу, як знікае карова, тоненькія ногі зусім не кранаюцца зямлі, яна імі жвава перабірае, адштурхоўваецца ад святла, — мігатлівае, яно лёгкай парай расплываецца над гарызонтам.

(Да гэтага часу не магу зразумець, чаму так дзіўна паводзілі сябе тыя, што абстралялі нас з-за стагоў. Магчыма, гэта быў варожы «сакрэт», а не засада, i яны стралялі — i самі ж баяліся. Бо «сакрэт» павінен толькі назіраць, не выдаючы сябе. Але ж надта адкрытыя мы былі іхняму кулямёту на падсветленым полі — спакусліва!)

Нарэшце я адпаўзаю ад лесу, ад Рубяжа, ад жахлівых кашмараў — следам за каровай, тоненькія ногі якой зноў пачалі мясіць чарнату, патанаць за лініяй яркага гарызонта. Я валаку вінтоўку забітага, паўзу з цяжкой тупой абыякавасцю, раблю адзінае, што магу, не спадзеючыся ўжо ні на што.

Карова раптоўна замерла на месцы. Нахіліла галаву, панюхала гарызонт і, рэзка збочыўшы, пайшла ўлева i назад, зноў да лесу. Я таксама папоўз туды, напярэймы ёй. Карова зноў узышла на светлую палоску гарызонта, i таму, што гляджу на яе знізу, як з цёмнай ямы, здалася яна мне аграмаднай i зусім чорнай, нейкі зубр-перастарак, «адзінец». Пот залівае вочы, мяшаецца з ліпкай крывёй, якою я вымазаў шыю, са жвірам, у якім пэцкаюся, — падобны на тапельца, што робіць апошнія безнадзейныя рухі. А карова наблізілася, мы блізка адно ад аднаго, ды яна зноў адыходзіць убок, метраў на сто ад мяне. Туды, да лесу, дзе стагі, дзе сядзяць немцы, i я нічога ўжо не магу! Паварушыцца не магу. Слёзы змяшаліся з брудным потам на маім твары, сцякаюць на ліпкую шыю. Я ўзяў камяк зямлі i квола шыбнуў услед карове, якая зблізу зноў выдае пляміста-белай, рэальнай — памахвае хвастом. Цяпер, аднак, яна — недасяжней для мяне, чым тады, калі апускалася за гарызонт. Повад, нібы здзекуючыся з мяне, матляецца ля яе пярэдніх ног.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Генерал без армии
Генерал без армии

Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков. Поединок силы и духа, когда до переднего края врага всего несколько шагов. Подробности жестоких боев, о которых не рассказывают даже ветераны-участники тех событий. Лето 1942 года. Советское наступление на Любань заглохло. Вторая Ударная армия оказалась в котле. На поиски ее командира генерала Власова направляется группа разведчиков старшего лейтенанта Глеба Шубина. Нужно во что бы то ни стало спасти генерала и его штаб. Вся надежда на партизан, которые хорошо знают местность. Но в назначенное время партизаны на связь не вышли: отряд попал в засаду и погиб. Шубин понимает, что теперь, в глухих незнакомых лесах, под непрерывным огнем противника, им придется действовать самостоятельно… Новая книга А. Тамоникова. Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков во время Великой Отечественной войны.

Александр Александрович Тамоников

Детективы / Проза о войне / Боевики