Читаем Хатынская аповесць полностью

Натоўп, сціснуты, звязаны, абматаны шарэнгамі-змеямі салдатаў з аўчаркамі, звіваўся ў жаху, адчаі, гневе, а воддаль застылі непраўдападобна спакойныя фігуры афіцэраў у высокіх фуражках. Я ix заўважыў, а потым убачыў зноў ужо з акенца свірна. У гэтага немагчыма халоднага, пільнага спакою быў свой цэнтр, i гэта быў ён, мой самы галоўны вораг. Але яго я разгледзеў, вылучыў пазней.

Калі людзей усё-ткі пазапіхвалі, пазакідвалі ў свіран i нас глынула злавесная цемра, я апынуўся каля самых дзвярэй, ix зачынілі i зараз забівалі глухімі, як на могілках, ударамі. I я зноў з упартасцю вар'ята стаў шукаць, у чым яшчэ можа быць выратаванне, апошні шанец. Гэта было ва мне звыклае, партызанскае, Але я быў часткай i таго, што крычала, ірвалася, кідалася пад высокай страхой свірна, скрэсленай, парэзанай вузкімі палосамі сонечнага святла. (Значыць, у той дзень i нават у тыя гадзіны, хвіліны ярка i шырока свяціла сонца!..)

Сонечныя палосы, слупы святла, якія падаюць зверху, дымяцца пылам. I ўжо дзіцячыя крыкі па ўсім свірне:

— Мамачка, дым.

— Ой, запалілі!

— Мамка, гэта будзе балюча, мамка, гэта будзе балюча?..

У гэтым жахлівым натоўпе мне ўжо бачацца ўмольныя вочы, тварыкі маіх сястрычак-блізнят. Усе твары, усе вочы дзіцячыя тут аднолькавыя. I я ўжо шукаю i баюся пазнаць маці (мне пачынае здавацца, што гэта адбываецца ў тым хляве, дзе ix палілі). Яна ўбачыць, што i я тут, што сын яе таксама тут…

Святла болей каля дзвярэй — з дзвюх вузкіх, высока прарэзаных дзірак-аконцаў. Яны прыцягваюць да сябе, тут асабліва цесна. Нейкі мужчына не вытрымаў, падцягнуўся на руках, зірнуў. I адразу рэзка адкінула яго галаву — чалавек упаў на нас. (Крык стаіць такі, што аўтаматнай чаргі мы не пачулі.) Сонечныя палосы на тварах, на плячах людзей адразу афарбаваліся крывёю. Ліпкім i цёплым пырснула i мне на лоб. Але нельга руку падняць, каб выцерці, так сціснуты мы.

I тут мы ўбачылі, як мокра пачарнелі пазы паміж бёрнаў i дошкі дзвярэй, рэзка запахла бензінам.

Шматрукі, шматгаловы, шматгалосы Лаакаон з вялізнымі жаночымі, дзіцячымі вачамі варочаўся, ірваўся ў паўцемры, i часткай гэтага быў я.

А недзе ёсць поле, цішыня са строкатам конікаў, пустая палявая дарога, чалавек, што спакойна ідзе некуды…

Раптам вузкае акенца над намі засланілася знадворку. Нас разглядваюць нечыя вочы з-пад доўгага казырка. Нібы каго шукаюць. Стала цішэй. Толькі дзіцячы плач застаўся, як раўчукі, калі адхлыне прыбой.

— Без дзяцей — выходзь, — загучаў голас з акцэнтам. — Можна. Хто без дзяцей. Сюды вось, у акно. Дзяцей трэба пакінуць…

Стала зусім ціха, але ў гэтай цішыні зрушыўся з месца свет, як, напэўна, непрыкметна зрушвалася, нахілялася вось планеты перад абледзяненнем. Жанчыны першыя зразумелі сэнс сказанага. Такога чалавечага стогну я не чуў за ўвесь той жудасны дзень… Не, такой цішыні. Людзі замоўклі, быццам усё да канца зразумеўшы. Да гэтага моманту ix яшчэ нешта звязвала: людзей, сціснутых сценамі будыніны, i тых, што стаялі знадворку. А цяпер тыя, што знадворку, не ўспрымаліся ўжо як чалавечыя істоты. Стала ціха, ціха. A ў цішыні той, вось ужо чвэрць стагоддзя, не заціхае раптоўны голас жанчыны:

— Сынок, нашто ж ты боцікі рызінавыя надзеў? Твае ж ножкі доўга гарэць будуць. У рызіне.

Нейкі агульны pyx, страшны, маўклівы: людзі скідаюць з сябе, зрываюць адзенне — быццам ужо тлее, пячэцца.

А нехта падцягнуўся ўжо да вызваленага акенца, зірнуў. Яго падсаджваюць, яму памагаюць. Чалавек адхіляе твар, галаву ад святла, як ад нясцерпнай гарачыні,— чакае аўтаматнай чаргі. Не вытрымаў, задрыгаў нагамі, споўз уніз. Тады я паказаў, што хачу падцягнуцца, i мяне адразу ўзнялі нечыя рукі, плечы. Перад хлявом наўкола салдаты ў насунутых на вочы касках, з аўтаматамі напагатове. Ужо не твар мой, а калені, ногі на ўзроўні акенца. Я прасунуў у дзірку адну нагу, асядлаў сцяну, сагнуў галаву, праціснуў плячо. Мяне схапілі i адкінулі ад хлява гэтак жа злосна i рэзка, як перад гэтым шпурлялі ў дзверы. Піхнулі яшчэ i яшчэ раз, i я апынуўся каля самых машын.

I тут я зблізку ўбачыў яго, галоўнага свайго ворага. Лысы, паголены да бляску (ён адзін сярод афіцэраў з непакрытай галавой), у залатых акулярах, назірае за ўсім нібы збоку, ён падобны на ўрача ці чыноўніка, апранутага ў ваеннае.

Магчыма, я таму адразу стаў глядзець на яго, што на яго плячы круціцца доўгі, як у пацука, i тоўсты хвост, грымаснічае невялікая малпа з круглымі белымі плямамі вакол вачэй. Ён яе ласкава дастае, пагладжвае рукой. Вочы нашы сустрэліся: мае, яго, малпы. Ён разглядвае мяне цікаўна (так мне здалося), у малпы выгляд быццам засмучоны.

Каля мяне аказаўся той самы малады паліцай, які гнаў мяне да вёскі. Але я пазнаў яго не адразу, такі ў яго сцёрты, бледны, не ранейшы твар. Такое, напэўна, упершыню бачыць, удзельнічае ў такім.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Генерал без армии
Генерал без армии

Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков. Поединок силы и духа, когда до переднего края врага всего несколько шагов. Подробности жестоких боев, о которых не рассказывают даже ветераны-участники тех событий. Лето 1942 года. Советское наступление на Любань заглохло. Вторая Ударная армия оказалась в котле. На поиски ее командира генерала Власова направляется группа разведчиков старшего лейтенанта Глеба Шубина. Нужно во что бы то ни стало спасти генерала и его штаб. Вся надежда на партизан, которые хорошо знают местность. Но в назначенное время партизаны на связь не вышли: отряд попал в засаду и погиб. Шубин понимает, что теперь, в глухих незнакомых лесах, под непрерывным огнем противника, им придется действовать самостоятельно… Новая книга А. Тамоникова. Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков во время Великой Отечественной войны.

Александр Александрович Тамоников

Детективы / Проза о войне / Боевики