Читаем Хатынская аповесць полностью

Паставіў на мяне вінтоўку. Я заварушыўся, прыўзняў зад, цела маё паказала, што я нічога, што я падпарадкоўваюся, а сам я гляджу на гранату, на белы шнурок у яе адтуліне. Пачуў слабае, зазыўнае супраціўленне смерці на схаваным у гранаце канцы напятага шнура. Зараз я бясконцы — без выдыху — удых. Балюча распірае грудзі, a ўдых усё не канчаецца, я ўсё расту, раблюся вялізным i тонкім, бязважкім, як шар… Раптам здарылася нешта ўнізе: двое — дзядзька, а за ім вясёлы паліцэйскі — вылецелі за дзверы.

— Ну, доўга я буду? — пытае другі паліцай. Я ўзняўся, устаў на калені, трымаю руку з гранатай на жэрдках, сунуся да сцяны i ўсім сваім абліччам паказваю, што буду спускацца. За сцяной зноў глухі выбух.

— Гранату ў склеп кінулі,—паведаміў я паліцаю.

— Доўга буду чакаць?

Я ўжо не той, хто хвіліну назад гатовы быў узарвацца на ўласнай гранаце. Нешта змянілася, i з'явіўся ў свеце хітраваты, са згоднай i бязглуздай усмешкай… Ён паўзе, трымае i хавае гранату, а я назіраю i за ім i за паліцаем i чакаю, што ж зраблю я… Той я, што чакае, назірае, надзіва спакойны. Нібы i не са мной усё гэта.

— Скачы сюды, ну! — Паліцай адчуў нешта нядобрае, голас яго ўстрывожана рвануўся. Я паслухмяна прыўзняўся, пакорліва павярнуўся спіной да яго вінтоўкі i, не гледзячы, як з самога сябе, пацягнуў шнурок. «У нябожчыка зубы не баляць!» Нехта другі i, здалося, уголас палічыў патрэбныя секунды фразай майго сябра Федзькі, i ён жа, гэты хітраваты, злы, лоўкі, кінуўся за сцяну, як за борт, пакінуўшы ў хляве гранату, i яна падае на паліцая…

Балюча стукнуўся аб дол, аб выбух, аб цемру. Сцяна хлява дыхнула на мяне дымным смуродам — у заплюшчаныя ад болю вочы, у нос. Ускочыў з вывіхнутым ці зламаным плячом, каб бегчы абы-куды, толькі далей ад таго, што я зрабіў.

— Хальт! Цурук!

Боль у плячы адпусціла, не засцілае вачэй. Немец стаіць каля склепа, наставіў на мяне аўтамат. Я іду да яго, нават спяшаю, абы далей быць ад хлява. Тут яшчэ два немцы каля кулямёта, пастаўленага на высокія ногі-распоркі. А яшчэ двое стаяць над нейкай старой. Яна ляжыць тварам у зямлю, чакае худымі вострымі лапаткамі стрэлу, а немцы стаяць над ёю, закурваюць. Смешна ім, што яны ўсяго толькі кураць, усміхаюцца, а чалавек ужо паміраць прыгатаваўся!

— Нахаўз, матка, — кранае яе аўтаматам немец у тоўстых акулярах.

Я з палёгкай заўважаю, што выбух мой нікога не ўстрывожыў. Зараз яшчэ адзін немец кіне гранату ў склеп. Шпурнуў i прыпаў да пясчанай страхі-накату. «Мой» немец апусціў аўтамат, дачакаўся новага выбуху i ўжо тады накіраваўся туды, дзе ляжыць старая. Паказаў, каб i я ішоў да таго месца.

I адразу не стала тут партызана, што кінуў гранату, забіў паліцэйскага, — да немцаў ідзе даўно не голены вясковы хлопец у брудных ботах i ў шэрай навыпуск кашулі. Вось толькі штаны з італьянскага, так, так, з нейкага жаўтлявага, не нямецкага сукна, проста з коўдры: разведчыкі, вядома, абдурылі мяне, штаны з коўдры, i нічога няма ў ix нямецкага, салдацкага!

— Мутэр? — немец паказвае на старую. Худы вясковы хлопец на ўвесь рот бязвольна ўсміхаецца (упершыню я рады гэтай сваёй бязглуздай усмешцы) i кранае старую за плячо.

— Хадземце, не бойцеся.

Старая хутка ўсхапілася на калені, глядзіць невідушча, губы яе хутка-хутка варушацца.

— Вэк, нахаўз! — немец у акулярах паказвае на вёску. Я памагаю жанчыне ўстаць, i мы спяшаем пайсці, ідзём з ёю да гародаў.

Першы ланцуг карнікаў ужо наперадзе нас, рух яго замарудзіўся каля хлявоў. Другі ланцуг, радзейшы, даганяе. З гэтага да нас кіруецца немец з паліцаем. Паліцай, напэўна, гарадскі, апрануты ў чорны мундзір з шэрымі абшлагамі i такім самым каўняром. Абодва, i немец i паліцай, маладыя i вельмі падобныя, хаця нямецкая галава накрыта стальным каўпаком каскі, а паліцэйская — чорнай пілоткай. Яны падштурхоўваюць мяне i старую i, перабіваючы адзін аднаго, тлумачаць, хто мы, чаму нас трэба гнаць.

— Шнэль, шнэль, рус!

— Давай, давай! Сталінскія бандыты!

Малады немец ідзе так, каб паліцай таксама быў у яго перад вачамі.

— Швайн!..

— Бандыты!..

Гэта не проста лаянка. У гэтых звычных мянушках усе ix перакананні, ix тлумачэнне таго, што адбываецца i ў чым яны ўдзельнічаюць. Зброя скарастрэльная, ідэі кароценькія — а дно даганяе другое!..

— Швайн… шнэль… сталінскія… рус… бандыты, шнэль… давай… шнэль! Шнэль! Давай! Давай!..

Перейти на страницу:

Похожие книги

Генерал без армии
Генерал без армии

Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков. Поединок силы и духа, когда до переднего края врага всего несколько шагов. Подробности жестоких боев, о которых не рассказывают даже ветераны-участники тех событий. Лето 1942 года. Советское наступление на Любань заглохло. Вторая Ударная армия оказалась в котле. На поиски ее командира генерала Власова направляется группа разведчиков старшего лейтенанта Глеба Шубина. Нужно во что бы то ни стало спасти генерала и его штаб. Вся надежда на партизан, которые хорошо знают местность. Но в назначенное время партизаны на связь не вышли: отряд попал в засаду и погиб. Шубин понимает, что теперь, в глухих незнакомых лесах, под непрерывным огнем противника, им придется действовать самостоятельно… Новая книга А. Тамоникова. Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков во время Великой Отечественной войны.

Александр Александрович Тамоников

Детективы / Проза о войне / Боевики