Читаем Хатынская аповесць полностью

Непаслухмянымі пальцамі выкруціў блакітную галоўку гранаты-«лялькі». Перад вачамі з'явіўся белы віты шнурок. На канцы яго — выбух. Далоням балюча, так сціскаюць яны галоўку i халоднае цельца гранаты.

Немцы ўжо зусім блізка, я бачу ў шчыліну, як двое (адзін з рагуляй-кулямётам) выбеглі з ланцуга і, бухаючы ботамі, рынуліся да хлява. Не, да скляпоў. Рукі мае нібы наручнікамі схоплены — белы шоўкавы шнурок выцягнуўся сантыметры на чатыры з гранаты. Вось яно, нярадаснае, вымушанае права чалавека памерці, вызваліцца хаця б у самую смерць! Яна трымае мяне, як наручнікі, але i яна ў мяне ў руках. Гэта адзінае, што робіць мяне, злоўленага, бездапаможнага перад тым, што насоўваецца, мацней за самога сябе.

Адгароджаны ад таго, што адбываецца, непамерна тужлівым адчуваннем блізкай смерці, як скрозь шкляную сцяну, гляджу я на чорных i зялёных карнікаў, што бягуць да скляпоў i хлява, на ўвесь ланцуг, які далека абдымае вёску. Вухнуў выбух зусім блізка — гранату ў склеп кінулі. Зараз нехта пачуе такі ж выбух, маю гранату… Я бачу, як жанчыны на гародах перабягаюць з месца на месца, падаюць, ізноў ускокваюць, паўзуць, цягнуць дзяцей. А ланцуг карнікаў марудна i няўмольна набліжаецца да гародаў, да вёскі. Вось жанчына ў яркай, чамусьці ружовай, кофце падбегла да лазенькі i, азіраючыся кругом, падзывае малых. Двое — не, трое — бягуць да яе, падаюць i паднімаюць адзін другога. Жанчына запіхвае ix пад стрэшку з пацямнелага бульбоўніку.

Схавала i сама адбегла, упала каля плота, але зноў узняла галаву і, напэўна, нешта кажа дзецям. Зверху я добра бачу яркую ружовую яе кофту.

Усё стаіць над вёскай злавесны гук, але не бачна, адкуль ён бярэцца, здаецца, што людзі ўсё робяць у мёртвай немаце. А гук вісіць над усім, над усімі…

Па доўгай вясковай вуліцы марудна, нават урачыста, як у царкву, ідзе стары ў палатняных, здалёку зусім белых, штанах i кашулі. Усё навокал вые, кідаецца, а ён ідзе, нібы можна яшчэ куды-небудзь ісці.

Але вось усё знікла, засталіся ўжо зусім блізкія крокі, шаргануліся аб сцяну хлява галасы. Сюды ідуць!

— Пан, а пан, — голас пераняў немца, — трэба ў скляпах глядзець. Сюды хаваліся.

— А табе што, што беглi? — другі голас, пануры. — Загадаюць, калі трэба, не бойся.

— Я не баюся, а ты заўсёды занадта разумны.

Зараз, зараз… Нічога няма на зямлі страшней — у вароты ўваходзяць людзі! I зараз гэта будзе, я прыціскаюся да жэрдак, гляджу на свае звязаныя белым шнурком рукі i адчуваю, як раздалося, якім вялікім, прыкметным стала маё цела. Зойдуць, заўважаць яго i адразу ўдараць з аўтаматаў. I я не паспею… Я не дадумваю, што ж я не паспею… Магчыма, гэта страх, што не паспею памерці. Ад сваёй гранаты. Чалавек, калі i здольны настроіцца на якуюсьці смерць, то толькі на адну, на пэўную. Ледзь што змянілася, i ўсё рассыпаецца. (Помню, як жанчына ў вагоне расказвала, што, калі немцы забівалі вёску i падышлі да хлява, дзе яе сям'я хавалася, людзі гатовы былі згарэць у сене, абы не выходзіць да забойцаў, дзе ix застрэляць. Трымаліся ў дыме, у пекле, абы не памерці пад кулямі. Нарэшце не вытрымала i вырвалася з агню адна толькі гэта жанчына, а муж i сестры яе згарэлі, ix стрымліваў страх перад iншай смерцю, няхай нават менш пакутлівай.)

Зараз удараць знізу, i я не паспею рвануць шнурок, граната не паспее ўзарвацца, пакуль я яшчэ буду жывы…

— Эгэ, тут ёсць!..

Голас вясёлы, забаўляецца, i гэта стрымала мае рукі, дало мне час успомніць, скеміць, што я ж не адзін у хляве хаваюся. Не ўздымаючы галавы, паглядзеў, гляджу, як двое ў чорных паліцэйскіх мундзірах накіроўваюцца ў другі кут хлява. Дзядзька ўскочыў на ногі, абсыпаны пацярухай, сонечны слуп пылу, як дым, забялеў, узняўся над ім.

— Хаваўся б як трэба. Эх, дзя-дзька! — вясёлы голас паліцэйскага. (Напэўна, гэты казаў немцу пра скляпы.)

— Не пайду! — крыкнуў чалавек.

— Ну, ну… Аўсвайсы правераць — i «нахаўз, матка». Сход…

— Не пайду! Ведаем, які сход!

— Ах ты, бандыцкая морда! — вясёлы ўжо сярдуе.

— Тут забівай, не пайду!

— Не хочаш як чалавек?..

Удары, крактанне. Тузаюцца толькі двое. Пануры паліцай спакойна назірае, нібы яго гэта не датычыць. Дзядзька вылецеў на сярэдзіну хлява, але зноў, як прыцягнуты, кінуўся назад, прыліп да сцяны, засунуў пальцы i далоні ў шчыліны паміж бярвенняў.

— Забівай, не пайду ў агонь!

— Які агонь? Ба-андыт! А ты што стаіш, пазіраеш?

— Хопіць у дурня гуляць, дзед, — лянівы голас другога паліцая, — правераць, i ўсё.

— Сам ідзі ў агонь!

Удары прыкладам па бервяне i па жывым адначасова. Крык амаль дзіцячы… Напэўна, я заварушыўся на сваіх жэрдках, бо пануры паліцай адразу ж здзівіўся:

— Эгэ, яшчэ адзін! Ану злазь, уніз скачы!

Перейти на страницу:

Похожие книги

Генерал без армии
Генерал без армии

Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков. Поединок силы и духа, когда до переднего края врага всего несколько шагов. Подробности жестоких боев, о которых не рассказывают даже ветераны-участники тех событий. Лето 1942 года. Советское наступление на Любань заглохло. Вторая Ударная армия оказалась в котле. На поиски ее командира генерала Власова направляется группа разведчиков старшего лейтенанта Глеба Шубина. Нужно во что бы то ни стало спасти генерала и его штаб. Вся надежда на партизан, которые хорошо знают местность. Но в назначенное время партизаны на связь не вышли: отряд попал в засаду и погиб. Шубин понимает, что теперь, в глухих незнакомых лесах, под непрерывным огнем противника, им придется действовать самостоятельно… Новая книга А. Тамоникова. Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков во время Великой Отечественной войны.

Александр Александрович Тамоников

Детективы / Проза о войне / Боевики