Я ўсё-ткі спыніўся, стаў слухаць. Не, нічога. Далёка ва ўсякім разе. Раса такая, што хлюпае пад нагамі. Я прысеў i, збіраючы яе чысты холад далонямі, трохі змыў з твару бруд. I нібы яшчэ нешта змыў, сцёр: знікла, адвязалася нарэшце бесклапотная i дзіўная лёгкасць, адчуванне нерэальнасці ўсяго, што адбываецца. Я падняўся i азірнуўся з такім пачуццём, нібы здарылася нешта. Не, усё тое ж…
I тут убачыў: дзядзька, той самы босы дзядзька з граблямі i ў доўгай кашулі ідзе за мной следам. Ён не ідзе, а раз-пораз парываецца бегчы. I ўсё азіраецца. За ім сцяна паружавелага туману, але зараз яна нешта хавае. Я яшчэ не спалохаўся, але ўжо звычна прыкідваю, куды бегчы, дзе ўпасці.
Наперадзе каламутна цямнее хлеў без даху, патанулы ў тумане. Я хутка зірнуў у бок гравійкі. Не, там, як i раней, нікога. І раптам!.. Правей, там, дзе засталася трохствольная бяроза, дзе схазаў вінтоўку, туман пацямнеў, заварушыўся, у ім, з яго сталі вылеплівацца фігуры людзей, плывуць, непраўдападобна буйныя, з аднолькава прадаўгаватымі галовамі. Яны хістаюцца i насоўваюцца, як са сну, з кашмару…
Я ўжо ляжу на зямлі. Але адразу ж ускочыў на ногі i хутка пайшоў да хлява — мы з дзядзькам ідзём у вёску, у сваю вёску! Так папаўся, так недарэчна i неабавязкова! Мог бы зараз быць у лесе, памарудзіць, пачакаць бы мне яшчэ паўгадзіны ў лесе, але я тут, i гэта канец, i гэта непапраўна! Я ведаю, адчуваю ўсёй сваёй істотай, што ратунку няма, не будзе, але ўсё роўна прагна шукаю тую адзіную, апошнюю магчымасць, выпадковасць, якая яшчэ можа выратаваць. Я накіроўваюся да хлява, дзядзька ідзе за мной, мы абодва азіраемся. Каскі, плечы, фігуры аддзяліліся, адарваліся ад паружавелай сцяны туману, зараз яны чорныя, рэальныя, ix шмат ужо i ў тым баку, дзе гравійка, Расцягнуўшыся шырокім ланцугом, ідуць немцы да вёскі.
Я абмацваю ў кішэні гранату: выкінуць ці пакінуць? Я ўсяго толькі жыхар вёскі Пераходы, а з гранатай я партызан. У ёй мая смерць, але смерць, якой я сам распараджуся, а не тая, якая паўстане перада мной i спакойна, колькі ёй захочацца, будзе мяне разглядваць, перш чым забіць…
Зa хлявом на высокім пагорку нейкія лодкі, патанулыя або напаўзатопленыя з задранай кармой. Што гэта? Ці праўда, што гэта сон, кашмарны, недарэчны, i трэба прымусіць сябе прачнуцца? Гэта скляпы, усяго толькі збітыя з дошак тамбуры скляпоў-зямлянак. Вось куды схавацца! Кінуўся ў адзін застрэшак, а на дзвярах замок, на другіх — таксама. Пацягнуў — замок легка адчыніўся. Дзверы па-здрадніцку піскнулі, прапусцілі мяне ў цемру, ад якой патыхае ямай, цвіллю. Дастаў гранату, але адразу ж схаваў яе ў кішэню, стараўся не дадумваць, што я хачу зрабіць. Граната — гэта канец. Недзе ёсць, яшчэ ёсць апошні шанц! Паспець выскачыць, пакуль яны не падышлі: немцы адразу шпурнуць у склеп гранату. Кінуўся наверх гэтак жа паспешліва, як i хвіліну назад ныраў у яму.
Дзядзька ўжо дагнаў мяне. Зірнуў белымі вачамі.
— Немцы! ай-ай-ай, папаліся, во папаліся!..
I адразу мы ўбачылі, як з туману, дзе цямнее вёска, пабеглі людзі насустрач нам. Удалечыні за вёскай гулка i працягла прастукаў кулямёт. Людзі, што беглі нам насустрач, убачылі немцаў i з нашага боку, замітусіліся, сталі падаць, паўзці, кінуліся назад у вёску.
Дзядзька, дзіка азіраючыся, пабег да склепа, як нядаўна я. А я прыціснуўся да сцяны хлява, каб паспець нешта вырашыць. Усё здаецца, што калі хоць на міг адарвацца ад немцаў, хаця б не бачыць ix, вернецца становішча, калі яшчэ можна было нешта змяніць, калі гэтага яшчэ не было. У мяне пад рукой граната (я ўсё трымаюся за кішэнь), i гэта паскарае, гоніць тое, што адбываецца, да апошняй мяжы. Не вытрымаў, зірнуў з-за вугла: ужо твары пад каскамі бялеюць, рукі на аўтаматах. Па гравійцы паўзуць машыны. Час імчыцца, як з гары, насустрач нямецкаму ланцугу i забірае, нясе з сабой усё паветра i не дае дыхаць, нібы бяжыш цераз сілу…
У сцяне знізу шчыліна — згніло бервяно. Я ўпаў на коленкі, зазірнуў у сярэдзіну. Пачуў за сабою чыюсьці паспешлівасць — гэта дзядзька перабягае да другога склепа. Я запоўз у хлеў. Над галавой доўгі прамавугольнік сіняга — ніводнага воблачка! — неба. Каля самай сцяны некалькі жэрдак, рэшткі столі. У далёкім кутку куча гнілой, чорнай саломы.
Hiбы гук уключыўся, калі сцены закрылі мяне ад таго, што адбываецца: памацнелі крыкі, брэх сабак. Дастаў гранату, гляджу, нібы чакаю, куды мяне павядзе. На жэрдкі трэба, наверх! Гэта хоць на міг аддаляе ўсё…
У расчыненыя вароты хлява забег чалавек — зноў дзядзька! Дзіка зірнуў на мяне, на гранату. Вочы яго шныраць па сценах, па кутках. Кінуўся да кучкі саломы i стаў грэбці i сыпаць на сябе пыльную труху (яна нібы задымілася ў промнях сонца), ціснуцца ў зямлю, у сцяну.
Я палез на жэрдкі. У сцяне шырокія, можна руку прасунуць, шчыліны. Зноў убачыў ланцуг карнікаў, якія былі ўжо блізка, i некалькі аўчарак, што рваліся, напіналі павадкі, Хуценька лёг на жэрдкі, каб не заўважылі мяне. I тут пачуў, як жудасна, злоўлена вые вёска. Рэзкія каманды, галасы немцаў, немагчыма будзённыя, рэальныя. Нават іхні смех.