«Забілі нас, a ўсё чую, як за печкай дабіваюць суседзяў. Мы, як упалі, дык i раскаціліся кожны сваёй сям'ёй. Бачу, як жанчына цалуе руку i не дае адсунуць краваць — там дзеці яе, а ён б'е яе наганам па галаве. Тоўкуць кравацямі тых дзяцей, а яны пішчаць, госпадзі! A другі ўбачыў, што я гляджу, падбег i трах, трах, трах, я як цяпер бачу сіні наган, сіні-сіні, i агнём мяне — па твары, па твары. Адцягнуў мяне за нагу ад маіх дзяцей. А я ўсё жывая… Чую — зноў ходзяць. Думаю, зноў немцы. А гэта сын, мой, Жора, у крыві ўвесь, нічога не бачыць, ідзе да дзвярэй. «Сынок!» А ён: «Я думаў, мама, што вас ужо няма, няхай i мяне заб'юць». — «Лажыся, кажу, сынок, на тое самае месца, можа, яно шчаслівае!»
Не ведаю, ці пачулі там, ці што, але забягае адзін. «Уставай!»
Пачакаў, пастаяў. Потым гранату кінуў — пад печ. A ўжо дым, ужо глінабітку паляць, аблілі нечым. Столь над намі гарыць, агонь трашчыць. Нe забілі яны нас, дык яшчэ горш — жывымі згарым. A дзяўчатак забілі, дык яшчэ i спаляць. Ускочыла я, краваць ля акна стаяла, я раму выламала, заву Жору: «Памажы ж мне выцягнуць ix! Дзяўчатак нашых». Усцягнула меншанькую — ёй куля во сюды, проста ў пераноссе папала, — на краваць яе, на падаконнік i неяк на двор. Потым старшанькую, ёй ужо шаснаццаць было. Подняла — дык яно такое маладое, мяккае!..»Якаў Сяргеевіч Стрынатка
(в. Шалаёўка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці):