«У сорак другім, летам гэта было, партызанаў тут не вельмі яшчэ чуваць было. У Борках паліцыя была. А тут немцы раптам акружылі Боркі. Каго на полі ці ў кустах сустрэнуць, не забіваюць, а гоняць перад сабой — у вёску. А я якраз ехаў у Боркі, ячменю абяцалі прадаць. Чэрці мяне пагналі якраз пад гэта! Хацеў назад каня завярнуць — не дазволілі. Не білі, што праўда, то праўда, толькі паказалі, каб ехаў у Боркі. Я пагнаў каня, каб скарэй ад ix, заехаў у двор, там сястра ў мяне была. Яны таксама бачаць, што немцы з усіх бакоў, а чаму, што здарылася, не ведаюць. Дзед хлопцаў боркаўскіх лае за тое, што ноччу да дзевак бегаюць у суседнія вёскі: немцы, можа, падумалі, што да партызанаў! Мы з пляменнікам з хаты выйшлі, дровы сталі пілаваць: не так страшна, калі што-небудзь робіш. Сястра не вытрымала, хацела да суседкі забегчы, а немцы ўжо не пускаюць: «Нахаўз, матка!» Нікога на вуліцы не чапалі, не забівалі, што праўда, то пpaўда. Толькі — «нахаўз», дамоў каб ішлі. Пляменніцу з сяброўкай, каторыя пa вуліцы пайшлі, загналі ў чужую хату. Стаім каля вокан, глядзім, як немцы пa ўсёй вёсцы i пa агародах. А Боркі вялікія, некалькі пасёлкаў… Пляменнік гаворыць маці: «Ану ix, давай нам снедаць!» — «Паедуць, тады i сядзеце, i выпіць ёсць», — кажа маці. А тут i застукала ў двары. Зайшоў з аўтаматам, адразу адштурхнуў сястру маю ад парога i адразу перасек яе. А я як адскочу ад стала, калi пачуў ix у двары, як сеў на краваць, так i сяджу — толькі цёмна-цёмна ў вачах… Пляменнік з-за стала падняўся — немец i яго! Паспеў я яшчэ ўбачыць, як з другой комнаты старога піхалі. Тут ужо i пa мне разанулі — я адкінуўся на краваць. Калі адкрыў вочы зноў — дзед ужо мёртвы ляжыць каля парога, i нешта чаўкае — гэта свінні зайшлі i кроў гаспадароў хлабышчуць…»
Ганна Мікітаўна Сініца
(в. Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці):