«Зайшлі ў хату і, не гаворачы ні слова, стрэлілі ў маму. Перад гэтым мы чулі: «Пак-пак-пак!» — стралялі ў суседзяў. Мама сказала: «Курэй ловяць». Нават не падумалі, а на вуліцу баяліся выйсці. Хто выйдзе, яны прасілі: «Нахаўз, матка». Як стрэлілі ў маму, яна яшчэ змагла ў нашу комнату забегчы: «Дзеткі!» Я адразу на печ узляцела, i сестры за мной. Я ля сценкі ляжала, таму i асталася. Адзін на краваць стаў, каб вышэй, i страляў з вінтоўкі. Раз! Зарадзіць i зноў — бах! Сястрычкі i суседка з краю i на мне ляжалі: «Ой!», «Мамачка!» — a кроў на мяне. Потым я чула, як немцы гаварылі, смяяліся. Патэфон быў, дык яны завялі, нашы пласцінкі слухаюць. «Полюшко-поле»… Пайгралі i пайшлі. Я спаўзла з печы, а мел красны, i мама на падлозе, а ў акне гарыць школа, i мы гарым… У той школе яны паліцаяў спалілі. Нас дык хоць забілі, а ix жыўём, з сем'ямі. Чаму паліцаяў? A ліха яго ведае, чаму. У нас сяло вялікае, памятнік там бачылі — 1800 чалавек жыло. Калі немцы акружылі Боркі, дык паліцаям сказалі, каб яны сабралі свае сем'і, толькі сваіх узялі каб i прыйшлі, дзе школа. I каб нікога чужога. Мы чулi як сусед прасіў: «Косцік, скажы, што i мы твае!» А яны ідуць міма нас, як на сваё свята, і не глянуць. А ix там накармілі, вінтоўкі забралі i спалілі жыўцом, з усімі. Нас дык хоць пабілі…»
Таццяна Фёдараўна Краўчонак
(в. Брыцалавічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці):«Сталі яны нас гнаць. З школы ў хлеў калгасны. Спачатку партыямі гналі, а потым сем'ямі. Мяне aпошнюю, я апошняй была. I чацвёра дзетак маіх са мной. Майго старшага дык на самым парозе паклалі. Упала я на ўбітых, i дзеткі са мной. Вось сюды, у шыю мне трапіла. Толькі чула, як немец сеў на мае ногі i страляе з гэтага… аўтамата. Дым такі, чад такі, няможна!.. A калі паднялася, паглядзела на ўсіх, то думаю: «Гэта усе будуць уставаць ці адна я?..»
Юліян Рудовіч
(в. Доры Валожынскага раёна Мінскай вобласці):«Сказалі ўсім ісці ў царкву, памаліцца богу, i нас адпусцяць дамоў. У царкве немец падышоў да мяне: «Аддай кіндэр матцы, а сам — вэк». Узяў за каўнер i выкінуў на двор. I усіх, хто не з дзецьмі,— выходзь! I хто кіне дзіця, у царкве кіне — можа выходзіць. Пушчалі, пушчалі, хто кіне… Але ж не кожная маці так можа здзелаць. Ну, мая не кінула, не кінула… Не знаю… Але нехта павінен у жывых астацца, калі так, праўда ці не? Калі так, нехта павінен жыць астацца! А мая не захацела, асталася з малым. Немцы царкву падпалілі, мы ўсе, каторыя на двары, чуем, як людзі там лётаюць. З кулямётаў усіх перарэзалі — агонь толькі…»