Надзея Аляксандраўна Няглюй
з былой вёскі Лявішчы, жыве ў Краснай Старонцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці:«Некалькі разоў яны прыязджалі, але мы, асабліва каторыя партызанскія сем’і, у лесе хаваліся. Тады яны прыехалі i засталіся. Нікога не трогаюць, нічога, сваё ядзяць, а самы іхні галоўны, начальнік іхні з вучыцелькіным сынам у шахматы гуляе. А на плячы ў яго малпа — у штанах, жывая. Ну i сталі некаторыя дадому з лесу прыходзіць. Нe трымаюць i назад адпускаюць, ідзі. А мароз, а адзежа вядома якая да вайны ў людзей была, ну i пацягнуліся дамоў. А яны вечарам палічылі, колькі вакон свеціцца, i — раз! — ужо нікога не выпускаюць з вёскі…»
Яўхіма Баланцэвіч
(в. Боркі Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці):«Ужо ж пайшла мая сястра замужняя i дзяўчынка, i маці адыходзіць, яшчэ дзяўчына была, чатырнаццаць год, зноў браціха з двума хлопчыкамі, аднаму — чатыры, другому — два… Ужо i пагнаў ix, параздзяваў ix. Я гляджу так во, як яны раздзяваюцца. I параздзяваліся i пайшлі туды. Вось так туды, за могілкі. Бо па гэты бок могілак раздзяваў, а той біў людзей, дык не было відно тых рвоў… Бо то могілкі абгароджаны такія былі.
Немцы ў адных сарочках крамных i без шапкі. З пісталетамі. А гарэлку пілі, знаеце, а гарэлку пілі! Па чыкушцы бярэ, з кармана вымае, чыкушку раскалыхае i глытком — адразу… Ен, мусіць, затым, каб смеласць тая была…»
СПРАВАЗДАЧА (7)
Знішчэнне вёскі Боркі з 22.ІХ да 23.ІХ 1942.
«22.9.42. Рота атрымала заданне знішчыць вёску Боркі, размешчаную ў 7 км ад Макран
{1}…Аперацыя праходзіла планамерна, за выключэннем зрухаў пэўных яе этапаў у часе. Асноўная ix прычына была наступная: на карце населены пункт Боркі паказаны як кампактна размешчанае сяло. У сапраўднасці аказалася, што гэта паселішча расцягваецца на 6–7 кіламетраў у даўжыню i шырыню.