Вось зноў тая канава, дзе мы пакідалі сваіх параненых. Косця-начштаба загадаў затрымацца, чакаць. Залеглі на ўсякі выпадак. Чакаем сваіх, але хто з'явіцца на самай справе? Ад чаду, ад млоснасці кружыцца галава, вочы зусім раз'ела дымам, а тут яшчэ i кашаль гоніць слёзы. Тыя, у каго вочы лепшыя, ужо бачаць нашых: ужо гавораць, абмяркоўваюць, пасмейваюцца нават. Гэта заўжды забаўна назіраць збоку, як знаёмыя людзі ідуць з асцярогай, з аглядкай,
— Уцякаеце, чэрці! Ад каго, ад нас?
Параненыя цяжка маўчаць, трывожна ўслухоўваюцца ў стральбу. Толькі тыя, хто страціў прытомнасць, нешта гавораць, гавораць. Просяць вады. Нам усім нясцерпна хочацца піць. А ад ix сухога, з гарачкі шэпту — яшчэ больш…
Але ў некаторых параненых вочы, погляд непраўдападобна спакойныя, засяроджаныя. Гэта — тыя, хто памірае. Яны памруць незалежна ад таго, як скончыцца гэты дзіўны, неверагодны бой. Калі смерць прыйшла да чалавека, ён застаецца адзін. Колькі б i хто б ні быў побач. (Я бачыў аднойчы, як паміраў у лесе пажылы партызан. Каля яго стаялі два сыны, таксама партызаны, i старая. I ўсе мы, хто быў паблізу, падышлі да калёсаў, на якіх ён ляжаў. Чалавек, не чуючы ўжо сваіх ран, увесь белы ад бінтоў, глядзеў на нас ясным позіркам, але так, нібы нас i няма тут, i толькі ён i яшчэ нешта нам не бачнае. Старая ціха пахіствалася над ім, трымаючыся дзвюма рукамі за калёсы, a калі позірк канаючага аддаляўся, яна пачынала нараспеў гаварыць, галасіць:
— Ціхан, я плачу, бачыш, i дзеці плачуць, Ціхан, i твае таварышы тут, Ціхан, ты чуеш, мы плачам!..
Жанчына так наіўна, але i так зразумела спрабавала разарваць страшнае адзіноцтва смерці — адзіноцтва апошніх імгненняў чалавека. Мяне нехта пераконваў, што апошняя абавязковая слязінка мёртвага (пра яе i Касач гаварыў — пра апошнюю, пра вымаражаную) — гэта слязінка адзіноцтва, страшнай пакінутасці кожнага перад тварам смерці.)
Касач са сваімі зараз павінен з'явіцца. Калі толькі ўсё так, як нам уяўляецца, — калі яны сапраўды па крузе ідуць i адразу ўслед за намі. Косця рашыў чакаць, i мы, падрыхтаваўшыся да бою, глядзім, хто зараз з'явіцца.
З намі чацвёра забітых, ix паклалі збоку, але таксама на насілках. Ператасаваліся мы, i зараз ужо я каля насілак, мне несці.
Я пастараўся стаць так, каб несці не забітага, не мёртвага. Хадзіць па гэтым сляпым крузе, ды яшчэ з нябожчыкам на руках! Жывы лягчэйшы — гэта праверана: не так прыцягвае да зямлі…
— Глядзі, a ідуць як, адразу відаць касачоўцаў!
— I Касач, ды ён паранены! Бачыш, забінтавана плячо.
— Не Касач гэта. Ага, быццам…
— Спыніліся, заўважылі. Аб'явіцца, паклікаць трэба, а то яшчэ бой пачнуць. Таварыш начштаба!
— Ага, баішся касачоўцаў!
— Вер ім!
Нашы, некалькі чалавек, усталі, выйшлі з канавы, махаюць рукамі, сігналяць, паднімаючы i апускаючы вінтоўкі.
Трое дазорных патапталіся на месцы, таксама паказалі зброяй пароль i, ужо весялейшыя, рушылі да нас. З-за кустоўя выцягваецца ўвесь ланцуг касачоўцаў: пярэднія з вінтоўкамі, з аўтаматамі ў руках; у тых, што ідуць услед, купкамі (па чатыры, па шэсць чалавек), знаёмы нам выгляд людзей, якія нязручна, стомлена нясуць раненых, забітых. Мы, моўчкі i ўголас, лічым — колькі насілак. Так, той, у каго забінтавана правае плячо — Касач. Ён без курткі, у адной гімнасцёрцы i без знаёмай фуражкі. Аўтамат пад левай рукой.
Косця пайшоў яму насустрач, потым спыніўся, стаў чакаць.
I вось мы ідзём усе разам, i ўсе забітыя, раненыя з намі.
— Тут раўней, камандзір, тут ужо сцяжынку прабілі,— пачуў я, як Косця-начштаба сказаў Касачу.
А той адгукнуўся, коратка засмяяўшыся:
— Вось так, Косця, следу чалавечаму будзеш рады!
I загадаў:
— Пастраляй, начштаба, адгукніся. Чуеш, пытаюць? (Немцы на другім баку лесу час ад часу страляюць.) Мы дык свае дыскі разбазарылі. I скажы, каб падзяліліся патронамі.
— Патронамі? — Косця недаверліва ўсміхнуўся.
— Нічога, загадай.
Косця скіраваў у бок кустоў аўтамат, даў чаргу, другую. Немцы адгукнуліся адразу ж. Цэлым залпам чэргаў. Рады, што мы ёсць? Ці — што мы не блізка, далека?
I зноў — як меціна на крузе — трупы коней. А два кані мірна ходзяць каля самых тарфяных гор. Узмахваюць галовамі, пераходзяць з месца на месца — дым, гар ix мучаць.
— Праваляцца ў агонь, — гаворыць барадаты, у гадах, партызан з перабітай нагой, якога мы нясём на коўдры. Ён натужна выцягвае галаву, выглядвае са свайго нязручнага гамака.
— Зараз збегаю, завярну, — сярдзіта адзываецца Вядзмедзь, учапіўшыся ў коўдру, у цяжкую ношу збялелымі пальцамі.
Пот есць яму вочы, залівае шкло акуляраў. Нізкаму Вядзмедзю асабліва блага: яму прыходзіцца не трымаць свой рог коўдры, a ўвесь час паднімаць, цягнуць яго ўверх.
— Ірвануў бы я па гэтай дарозе, адкуль немцы прыйшлі. Колькі можна так хадзіць? — скардзіцца Вядзмедзь.