Але Пераход не спыняецца, не падае, i гэта мяне ўтрымлівае на нагах, хаця ўсё ва мне адразу каменна пацяжэла.
— Лажыся! — крыкнуў Касач, але таксама не падае: яму таксама перашкаджае зрабіць гэта Пераход. А Пераход яшчэ хутчэй пабег, адрываючыся ад нас, ад партызанаў, якія падаюць адзін за адным. Hi страляніны, ні голасу чалавечага — нямая цішыня, што падае ў нябачную (але яна побач!) прорву.
Ужо на зямлі, лежачы, я адчуў, як нешта пранеслася над намі, нібы цягнік, зрываючы з нас паветра, зрываючы мяне з зямлі, прымушаючы ціснуцца да яе. Цягнік усё нясецца, бясконцы, нізкі, шырокі, над самай галавой, над маімі плячамі; вось-вось захопіць, павалачэ, растрыбушыць — кулямёты i аўтаматы проста выюць! Калі я адарваў галаву ад прапахлага гарам торфу i зірнуў скрозь плыткую вясёлку, Пераход усё яшчэ быў, хаця, здавалася, цэлая вечнасць пранеслася. Але ён ужо не бег, ён стаяў i марудна паварочваўся тварам да нас, нібы яго паварочвае той кулямёт (здаецца, я ўбачыў i ўсплёскі полымя на дуле кулямёта i нават самі рукі немца). Пераход марудна павярнуўся да нас тварам: ён быў непраўдападобна спакойны, нібы прыслухоўваўся. Чалавек усё не падае, але над ім нясуцца нізкія лёгкія хмары, i здаецца, што там ён падае, — як вяршаліна ссечанага, уздрыгануўшага, але ўсё яшчэ нерухомага знізу дрэва…
З моманту, калі ён упаў i мае вочы згубілі яго, — здаецца, што іменна з гэтага моманту — усё змянілася.
Мяккія тарфяныя купіны ўсё закіпаюць перад вачамі, яны дымяцца, пырскаюць, не закрываючы, а паказваючы шлях да тваёй галавы. Калі такія грымоты, суцэльны роў, здаецца, што i сэнсу мала — страляць. I трэба хутчэй выстраліць, каб адчуць, што ты можаш хоць на міг усё заглушыць.
Касач жывы, я бачу яго перад сабой: ён таксама прастрачыў з аўтамата i ўсё паварочваецца назад, шукае — мне здаецца, што мой позірк шукае. Я ўздымаю галаву, хаця нялёгка адарваць яе ад зямлі, ад крохкай купіны. Губы Касача нешта гавораць, крычаць нешта сярдзіта, а я не магу разабраць у громе i грымотах смерці. I нарэшце — праз нядоўгую цішыню:
— У абход… начштабу…
I рукой махнуў, круг апісаў, нібы абдымаючы лазняк.
Няма нічога паскудней, але i весялей — адыходзіць пад агнём: калі не бяжыш, не, не гоняць цябе, а сам — па справе, па загадзе. Ад блізкіх куль нешта ў табе сціснулася да кропкі, але не захопліваючы ўсё цела, якое, наадварот, зрабілася па-здрадніцку вялізным, нязручным, здалёк бачным. Кожны чалавек, міма якога прапаўзаеш — мяжа, табой пераадоленая i пакінутая: на ёй нечае жыццё, нечая смерць, але ўжо не твая смерць. I ва ўпор ці ўслед табе — трывожна-запытальныя вочы, позіркі (
Да лазняку яшчэ далёка. А вочы, чужыя вочы ўсё хапаюцца за мяне, пытаюць, патрабуюць, i трэба быць вясёлым, лёгкім, каб адразу зразумела было, хто i чаго паўзе. З такім тварам не ўцякаюць! Я дрэнна бачу i таму ўсміхаюся — на ўсякі выпадак — усім. I забітым таксама. Некалькі разоў мяне па-сабачаму рванула за рукаў, за плячо. Заміраю, чакаючы, што вось зараз усяму канец! I з'яўляецца, здаецца, неадольнае жаданне падхапіцца на ногі i бегчы, бегчы туды, дзе край лесу, — за яго. Туды адпаўзаюць параненыя, туды ix цягнуць: вочы ў параненых здзіўлена-дзіцячыя, нібы чалавека адразу адкінула далёка-далёка ад таго, чым яшчэ міг назад ён жыў.
За лазняком ix шмат, параненых, тут гучаць галасы, стогны, адсюль i бой чуецца інакш. Ужо не суцэльныя навіслыя грымоты, роў, а асобныя стрэлы, чэргі кулямётныя, аўтаматныя — яны то счэпліваюцца, то адна за адной коцяцца i раптам заціхаюць на момант. Такі бой надоўга — пакуль боепрыпасы ёсць. Толькі б хапіла ў нас патронаў. На тварах, на руках, пад падраным адзеннем людзей, што паўзуць некуды ці спакойна, мертва ляжаць — зыркія размытыя чырвоныя плямы. Я паўзу, я прабягаю міма, далей, a ў вачах гэта i ўсё не адыходзіць. Я паўтараю, магчыма, нават не ўголас, сам сабе:
— Камандзір мне загадаў. Я ў першую роту. Загадаў Касач…
Бягу ўжо на поўны рост, там, дзе нядаўна мы гналіся за немцамі. Вось i яны, забітыя. Зброі каля немцаў ужо няма, i ляжаць яны не так, як упалі. Адразу прыкметна: чапалі ці не чапалі забітага. Нават не ведаю, па якіх прыкметах, але заўважаеш. У забітым заўсёды застаецца апошні pyx, апошняя спроба выратавацца. I заўсёды яны па-рознаму ляжаць. А гэтыя — усе аднолькава, на спіне. Я пранёсся над уважліва-нерухомымі вачыма мёртвых i нейкі час бег, нібы забыўся, куды, чаго. Не, я да начштаба, нічога яшчэ не скончылася, мы павінны, там трэба ў абход, ззаду зайсці, выручаць сваіх…