Читаем Хатынская аповесць полностью

I вось паатрадна, паўзводна, адлучыўшы людзей, у якіх рукі звязаны параненымі (яны — асобна, ззаду), мы рухаемся высахлым балотам, гатовыя адразу разгарнуцца да бою. Старыя, зарослыя жоўта-бурай асакой канавы, кучы-барханы зляжалай тарфяной крошкі, іржава-чорныя i толькі дзе-нідзе пакрытыя травяной зелянінай — канца гэтаму няма. Да вайны тут торф нарыхтоўвалі. Зямля спружыніць пад нагамі, адчуванне, нібы па падвесным мосце ідзеш. Не сантыметры, а метры торфу ўглыб! Малады партызан (у Пераходы не трапіў, вочы не баляць, не слязяцца, як у мяне!) раптам падскочыў, як уджалены, i гопнуў на зямлю каленьмі.

— Як сяннік, браткі-беларусы!

На яго глядзяць, адны са здзіўленнем, другія — з дакорам — на чалавека, якому яшчэ ахвота пагуляць. Разважаюць:

— Сюды агеньчык — паўгода тлець будзе.

— Там ужо гарыць, бачыце?..

Над далёкімі тарфянымі буртамі сапраўды вісіць тонкі блакітны дымок, мякка растаючы ў нізкім сырым небе.

Мы ўбачылі людзей. Спачатку дзяцей, што бегалі сярод тарфяных барханаў. Зусім блізка перад намі з-за чорна-зялёнай тарфяной кучы выйшла басаногая жанчына, прайшла колькі крокаў, але раптам заўважыла нас i хуценька назад, схавалася. Зніклі i дзеці.

За намі, здаецца, назіраюць. Але вось зноў выйшлі са сховішчаў жанчыны, дзеці. Ix усё больш. I толькі некалькі мужчынскіх, барадатых твараў. У тулавах аселых, парослых травой тарфяных узгоркаў чарнеюць дзіркі — уваходы. Цэлая веска напэўна, хаваецца ў гэтых норах.

— Хлопчыкі, так напалохалі вы нас, так напалохаліся мы! — загаварылі адразу некалькі жанчын нам насустрач. — Учора немцы ці гэтыя «дняпроўцы» іхнія праходзілі, толькі тым краем. Нас не заўважылі. А тут, думаем, ну, усё — проста на нас!

— Шмат ішло? — пытае вусаты камандзір.

— Ды шмат! Мо разоў у тры больш, чым вас тут.

Партызаны зазіраюць у неглыбокія тарфяныя норы: цёмна, валяюцца коўдры, посцілкі, каля ўваходаў — чыгункі, вёдры.

— Што, i не абвальваецца?

— За ноч — хоць адкапвай нас! I ў рот i ў вушы набярэш. Затое ад дажджу.

— Вы галодныя, хлопцы?

— А што ў вас, цёткі, ёсць?

— Вядома што! Печаная бульбачка. I шчаўе кісленькае. Яно ў нас замест солі.

— На гэты раз мы вас пачастуем. У немцаў пазычылі,— гаворыць вусаты камандзір. — Дзе там наш начхоз?

Але i ад печанай бульбы ніхто не адмаўляецца. А яна тут даходзіць хутка, i колькі хочаш засыпай у жар — у гарачую тарфяную яму. У зямлі нібы правал, белаваты, зольны, задымлены — прадаўгаватая пляма крокаў на пяць. Кожнаму цікава памераць глыбіню вогненнага торфу: сунуць шост, кій. Дым горкі, едкі, асабліва для маіх вачэй. Але i мне хочацца зірнуць: нібы звычайны агонь, жар, але нешта ў ім пагрозлівае, злавеснае, у гэтым агні, што жарэ самую зямлю.

— Навошта вы так блізка распалілі, цяпер не патушыце, — гаворым мы гаспадарам, — папаўзе агонь пад вас.

— А бог яго ведае, хто падпаліў! Ляжыць, ляжыць — i загарыцца, — гавораць жанчыны. — Як порах, сухенькі! Вады тут не знойдзеш, да балота ходзім па ваду. А яшчэ міны гэтыя, ракеты страляюць, чаго ж хацець. Гарыць усё.

— А туды, пад лес, дзе з вясны гарыць, зусім не даступіцца, — умяшаўся стары, што качагарыў каля ямы. — Учора дзеці ўбачылі дзіка, пабеглі нашы, пагналі яго на агонь. A падысці не змаглі. Не трымае. Дажджы ўсё былі, дык яно глыбей тлее, а зверху — кара. Стаў — i прапаў! Шухнуў кабан — толькі іскры. Можа, метр, а можа, i ўсе тры! Гатовая смажаніна, ды не дастанеш.

— Бабы, а можа, яно пад намі ўжо, сюды агонь дапоўз? А што, прачнёмся ранічкай, a ўжо снякліся!

Смяюцца жанчыны. Ёсць мяжа бядзе чалавечай, за якой слёзы ўжо высыхаюць, калі чалавек i скардзіцца ўжо не можа…

Нам трэба іменна туды, дзе сцелецца над гарызонтам, зломаным тарфянымі горамі, злавесны блакітны дымок. Недзе трэба абысці гэты дымок, гэты земляны пажар.

Вусаты камандзір застаўся са сваім атрадам, ca сваімі параненымі, не адважыўся ісці далей, пакідаць балота.

Касач з ім доўга пра нешта дамаўляўся ці спрачаўся. Я чуў, як сказаў Косцю-начштаба, калі ўжо рушылі:

— Хопіць, што я там ix паслухаў! У Пераходах.

Нават зараз цяжка сказаць, хто больш прадбачлівы быў: вусаты той ці наш камандзір. Але як заўжды бывае пры такіх трывожных i няпэўных сітуацыях, самы малы непакой камандзіра адразу памнажаецца на непакой многіх, ператвараецца ў сапраўдную, у вялікую трывогу. Галоўнае, што ў нас на руках амаль два дзесяткі параненых!

Гэты бой пачаўся незразумела, а таму злавесна…

Мы ўжо прайшлі кіламетры з чатыры, але ўсё ніяк не можам абмінуць дымную паласу торфу на гарызонце. Некалькі разоў набліжаліся да яе. Касач i сам хадзіў глядзець, што там робіцца. Вяртаюцца тыя, што хадзілі, узбуджаныя i трохі разгубленыя.

— Ну, браткі, ціхі вулкан!

— За паўкіламетра зямля цёплая!

Перейти на страницу:

Похожие книги

Генерал без армии
Генерал без армии

Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков. Поединок силы и духа, когда до переднего края врага всего несколько шагов. Подробности жестоких боев, о которых не рассказывают даже ветераны-участники тех событий. Лето 1942 года. Советское наступление на Любань заглохло. Вторая Ударная армия оказалась в котле. На поиски ее командира генерала Власова направляется группа разведчиков старшего лейтенанта Глеба Шубина. Нужно во что бы то ни стало спасти генерала и его штаб. Вся надежда на партизан, которые хорошо знают местность. Но в назначенное время партизаны на связь не вышли: отряд попал в засаду и погиб. Шубин понимает, что теперь, в глухих незнакомых лесах, под непрерывным огнем противника, им придется действовать самостоятельно… Новая книга А. Тамоникова. Боевые романы о ежедневном подвиге советских фронтовых разведчиков во время Великой Отечественной войны.

Александр Александрович Тамоников

Детективы / Проза о войне / Боевики