Два карнікі з вінтоўкамі i некалькі немцаў, нязручна хапаючыся адзін за другога, за куст, асядаюць у ваду. Адгучала чарга, пранеслася рэха, а яны ўсё хапаюцца адзін за другога, усё падаюць. У перакладчыка твар незнаёма расслаблены, не лжывы: пастаяў, нізка абапёршыся на вінтоўку, i раптам крута баднуў галавой зямлю, гразь.
— К чорту! К чорту! — крычыць Пераход. Гэта ён страляў.— Усіх к чорту!
I тут адчайны стогн-крык за кустамі:
— Стой! Што робіце? Вы! Што робіце?
Мы кінуліся ўбок, за куст — такі гэта быў крык! Пераход-малодшы стаіць на каленях i нібы што шукае ў вадзе, разглядвае ў гразі: усё ніжэй i ніжэй схіляе галаву, твар. А партызан, што крычаў, ярасна глядзіць на нас i цягнецца да яго рукамі, ці то паказваючы на яго нам, ці то жадаючы падхапіць, падняць. У чарнаце, у гразі плавае, хутка разыходзячыся, цёмна-чырвоная пляма з сіняватым адлівам. Прыціснутая да фуфайкі, да жывата рука Перахода-малодшага страшэнна палымнее крывёю.
Пераход-старэйшы аглушана глядзіць на гэта. Зрабіў крок да карнікаў, схапіў двух — немца i
— Праклятыя! Праклятыя! Праклятыя!
…I мы пабеглі далей — насустрач ледзь бачным у ранішнім святле нямецкім ракетам. Мы ўсё яшчэ спадзяёмся праскочыць у вялікія лясы, дзе няма блакады. Гэта імкненне соцень людзей было таксама ўцёкамі ад таго (але i насустрач таму), што здарылася каля копаў-кустоў лазняку i нібы ўсё яшчэ працягвалася. Як толькі мы спынімся, зноў адбудзецца, вернецца гэта. А наперадзе нас чакаюць такія ж карнікі, як i тыя чацвёра ўцалелых, якіх мы гонім з сабой?..
Скончылася пад нагамі вада, потым чорная, як дзёгаць, старая падсохлая гразь, i нарэшце мы на сухім, на немагчыма сухім тарфяніку. Тут нібы i дажджу не было, толькі папырскала трохі, нібы дзеля сонечнага бляску ды васковага i вострага паху торфу i багуну. Не засталося сіл адмахвацца ад рудых куслівых аваднёў. Затое ўжо няма палескіх камарыных хмар: восень сагнала ix, хаця яшчэ i халадоў не было. Ляжыш на зямлі пластом i ўсім целам адчуваеш, якая яна мяккая, лёгкая, уся з траў i пахаў. Высокія высахлыя купіны смачна i прызыўна цямнеюць познімі ягадамі — вялізнымі сінімі буякамі. Людзі так выматаліся, што толькі глядзяць на ягады, аблізваючы перасохлыя вусны, неахвотна перамаўляюцца. (
— А чаю не хочаш?
— Трэба было хлябаць, не зяваць, калі пад бараду было.
Ягадамі частуюць параненых.
Ix шмат, занадта шмат, параненых. Некаторыя беспрытомныя, трызняць, ускрыкваюць, а тыя, у каго вочы расплюшчаны, глядзяць у нізкае неба, дзе назольна шукае, гудзе
Сярод ix Шардыка — наш камісар. Калі атрад вырываўся з блакады, яго секанула па поясе кулямётная чарга. Але ён усё яшчэ жывы, хаця i страціў прытомнасць. Некалькі разоў, я бачыў, падыходзілі да яго насілак Касач i Косця-начштаба ў суправаджэнні рухавага кругленькага Філіпава. Атрадны медык вінавата называе нейкія лекі, уколы, якія неабходны i якіх у яго няма.
На зямлю не садзіцца, не адпачывае, здаецца, адзін Пераход. Вялізны, у нягнуткім брызентавым плашчы, стаіць над насілкамі, на якіх цяжка дыхае смяртэльна белы яго пляменнік. Пераход глядзіць на параненага з недаўменным, адчужаным здзіўленнем. Нешта вельмі трывожнае ў яго паставе: вось-вось зробіць чалавек нечаканае i страшнае… Каля ног яго над непрытомным маладым Пераходам сядзіць дзяўчынка, рот яе напханы ягадамі, вымазаны, на шчоках слёзы. Яна зноў плача, дзяўчынка з Пераходаў.
У карніках, ацалелых, нешта змянілася. Яны сядзяць збітай кучкай, хаваючы вочы. Дакорлівае нешта ў ix паставах, у гэтых пакрыўджана апушчаных вачах. Ix дысцыплінаванасць, ix рахманасць не ацанілі партызаны — у гэтым яны пераканаліся ўжо. Але яны, нягледзячы ні на што, застануцца такімі ж. Нам у дакор. Можа, i не гэта ў ix у галовах было. Але пастава, выраз у ix такі. I цяпер яны не стараніліся адзін другога: два немцы i два