Мяне змянілі каля насілак-коўдры, але адразу ж у твар зазірнуў Косця-начштаба, не пазнаў, вядома, але загадаў:
— Памажы ахове. Валочым яшчэ фрыцаў для нечага! Чорт ведае!..
Мы ix, сапраўды, для нечага гонім перад сабой i нібы разумеем, для чаго, чаму, але па чарзе здзіўляемся:
Дзіка назіраць, як карнікі стараюцца ўратавацца ад балота, як кідаюцца, цягнуцца да чэзлых дрэўцаў i купін, хапаюцца адзін за аднаго, за партызанаў, нават за Пераходаў, нібы не разумеюць, што ўжо мерцвякі. Але, мусіць, не верыць у гэта ніхто, пакуль жывы. I таму паводзіць сябе чалавек часам вельмі дзіўна, недарэчна, калі глядзець збоку.
Я не адразу пазнаў свайго брытагаловага ворага, так выматала карнікаў балота, а гэты яшчэ без акуляраў, як сляпы. (Малпы пры ім няма ўжо.) Некалькі разоў мы аказваліся побач. Але дзіўна, я нібы саромеюся чагосьці. Не хачу, каб ён пазнаў мяне зараз, калі мы адзін на адзін, а не ў натоўпе партызанаў, дзе я гучна дабіваўся, каб ён убачыў, разгледзеў, пазнаў мяне, уратаванага з забітай ім вёскі. Недарэмна я так пратэставаў, так ненавідзеў з самага пачатку гэту ix бездапаможную пакорлівасць, паслухмяную стараннасць. Яны нібы загадзя ведалі мяне, чакалі, што ва мне з'явіцца гэта няёмкасць ад поўнай улады над нечым жыццём i смерцю. Няёмкасць, якой у ix саміх, помніцца, не было.
Я іду за сваім галоўным ворагам, як павязаны, вартую, як з засады, але блізка, вачамі сустракацца мне не хочацца.
Раптам пагрозліва ўскалыхнулася падманлівая паверхня, на якую ён стаў. I адразу ж, па-бабску ўсклікнуўшы i ўзмахнуўшы рукамі, ён праваліўся. Спачатку з'явіліся пальцы, растапыраныя, выцягнутыя, потым выкацілася галава i засталася, як адрэзаная, на дрогкай паверхні цвёрдага моху — без твару, без вачэй, аплеценая цінай, нібы нечакана аброслая ёю.
— Гэй, памажы таму, не бачыш! — гукнулі да мяне.
Няўстойліва трымаючыся за нізенькі корч, я падаў ствол вінтоўкі, крануў ім варухлівыя пальцы. Яны адразу кінуліся да маёй вінтоўкі: я ледзь не адхапіў. А ён ужо ўсім цяжарам павіс, сцягваючы i мяне з хісткай купіны.
Была б гэта палка, а не вінтоўка, я ўжо выпусціў бы яе з рук. А тут мы нібы змагаемся за вінтоўку, вырываем адзін у другога. Я падцягнуў да сябе аплеценую багавіннем, цінай галаву, дрыготкія плечы, рукі майго ворага, ён схапіўся за корч, за мяне — прагна, спалохана, слепа. Я ўжо адпіхваю яго, адрываю ад сябе, крычу раз'юшана:
— Ну што, так i будзеш? Пайшоў, гадзіна!
Гразь сплыла з голенай галавы, i ўжо бачны вочы — блізкія, шалёныя ад перажытага жаху. I нібы пазналі мяне.
I тады я рвануў вінтоўку ўбок, клацнуў затворам, але не ўтрымаўся i сам схапіўся за яго плячо. Схапіўся i, зверху гледзячы ў жоўтыя ад далёкага зарава вочы, крычу:
— Ты, фашыст, глядзіш, вылазіш, гадзіна, жыць, так, жыць?!
Я выкрыкваю яму прысуд i не магу прабіцца скрозь бяссэнсава спалоханы позірк старога з запэцканай галавой: перада мной гэтыя вочы, а мне трэба, калі мы ўжо так блізка i зараз я заб'ю яго, я хачу ўбачыць таго, хто стаяў каля машыны, сядзеў у машыне…
Ён, мусіць, зразумеўшы, што гэта смерць яго крычыць, ірвануўся ўбок i зноў праваліўся, па пояс. Я кінуўся за ім, проста на яго кінуўся. Цяпер я штурхаю, ганю яго, выціраючы свае балючыя вочы, іменна яго ганю, i ён ведае, што гэта я, што я ёсць, што я ўвесь час іду следам. Ён блізарука азіраецца, нібы шукае мяне. Зараз ён ведае, хто яго гаспадар, яго жыцця i смерці гаспадар, i гэта неяк дзіўна на яго падзейнічала: ён яшчэ больш старанна, ужо нібы спецыяльна для мяне, ратуе ад балота сваё жыццё…
Нарэшце мы выбраліся на залітыя вадой узбалоткавыя лугі. Імжыць ранішні дождж на нашы разгарачаныя твары, распараныя шыі, рукі.
Спрабуем, не здымаючы ботаў, выліць з ix жоўтую ваду. Збоку гэта выглядала б, як дзіўная ранішняя зарадка: вялізны натоўп змучаных людзей сярод мокрага лугу, i кожны, хапаючыся за суседа, па-птушынаму падкурчвае назад нагу або выпроствае яе перад сабой. Тыя, у каго не боты, а сырамятныя пасталы ці, яшчэ лепш, лазовыя лапці, стомлена расхвальваюць свой абутак, у якім нічога не затрымліваецца — ты i абуты i босы адначасова. Налятай мяняцца! Але ахвочых мяняцца з імі i нават падтрымаць стомленую балбатню не знаходзіцца.
Чалавек з трыста стаяць сярод лугу ў неглыбокай вадзе, безнадзейна мокрыя, выматаныя, трымаюць насілкі.
Пазіраючы адзін на другога, як на свой адбітак, змываюць бруд з адзення, з твараў, палошчуць у вадзе кепкі, пілоткі. Спрабуюць сцерці чарнату з твараў параненых, калі тыя не могуць самі.
I карнікі мыюцца, нерашуча, моўчкі.
На вадзе, вялізнымі зялёнымі шарамі — кусты лазняку, падобнага на копы сена, хоць сядай на ix! I пакуль наперадзе нейкая затрымка, многія спрабуюць адпачыць, сесці, а не выходзіць, дык легчы — жыватом або спіной, пластом. Ужо смех чуецца, стомлены, невясёлы.