Сучасная псіхалогія, ідучы ўслед за прыгожым пісьменствам, вызначае сімвал дракона як нешта кашмарнае, цяжкае, страшнае, што чалавеку абавязкова неабходна пераадолець. Інакш кажучы, толькі той, хто пераможа дракона, робіцца героем. Прычым дракон — не толькі нешта знешняе: самы жахлівы дракон — у самім чалавеку. На такім разуменні вобраза асноўваецца і сучаснае мастацтва. Успомнім хоць бы выдатную кінастужку знакамітага расійскага рэжысёра Марка Захарава «Забіць Дракона», створаную па п’есе савецкага пісьменніка Яўгена Шварца «Дракон». Канцэпцыя як літаратурнага твора, так і фільма, па вялікаму рахунку, — у межах міфалагічнага мыслення: ёсць небяспека, што той, хто заб’е дракона, сам робіцца драконам (вавілонскі бог Мардук, перамогшы дракона Тыямат, адначасова і разбуральніка, і стваральніка, сам робіцца драконам). Інакш кажучы, нават пераможанае зло нараджае іншае зло. Але, з другога боку, дракон сам сябе паглынае, як Ураборас. А гэта можна разумець і такім чынам: Прырода заваёўваецца толькі самой Прыродай… Дракон жа, безумоўна, найлепшае вобразнае ўвасабленне мудрай, разнастайнай, добрай і страшнай, непрадказальнай і цудоўнай Прыроды.
Праўда, магчыма, гэты вобраз — увогуле не нашага вымярэння, а іншага — паралельнага свету, і не матэрыяльная істота, а энергетычная, якой наша псіхіка надала больш-менш звыклыя формы.
Вобраз, як бачым, выключна складаны і цікавы. Нездарма эзатэрычная іудзейская традыцыя сцвярджае, што самае глыбокае значэнне таямніцы дракона не паддаецца разгадцы…
Змяя
Наконт каласальнай распаўсюджанасці вобраза змяі ў міфалогіі і культуры чалавецтва ў аўтара дадзенай работы ёсць некалькі версій. Адна з іх, так бы мовіць, фізіялагічная. Нагадаем, што канструкцыя мозга чалавека шматслойная. Яна ўключае ў сябе як мінімум тры эвалюцыйна разначасавыя пласты — мозг рэптыліі (!), мозг млекакормячага і ўласна чалавечы мозг (кара вялікіх паўшар'яў). І кожны пласт нясе адпаведную інфармацыю — пра саматычную і псіхічную канстытуцыю тых істот, што насялялі нашу планету ў пэўныя эпохі. Якім чынам здымаецца (счытваецца) гэтая інфармацыя — нам невядома. Але ў змененых станах свядомасці (напрыклад, у снах) яна нейкім чынам усплывае на паверхню ў выглядзе архетыповых вобразаў. Прычым вобразы і нават сюжэты, з імі звязаныя, у прынцыпе аднолькавыя ва ўсіх людзей і ва ўсе часы. Няма, відаць, чалавека, якому хоць бы раз у жыцці не снілася змяя. Змяя ў такога кшталту снах, уласна кажучы, — сам чалавек, нейкія прыхаваныя нетры яго псіхікі. Паводле юнгіянцаў, «сны пра змеяў — папярэджанне пра зло ў розных яго выглядах і формах» [58, 136]. Але можна пайсці ў разважаннях яшчэ далей. Сама малекула ДНК — дваістая спіраль, падобная да кадуцэя бога Гермеса з дзвюма змейкамі. Сперматазоід — таксама змяісты. Акт зачацця мог быць увасоблены ў міфах, дзе дзейнічаў змей, — гэта ўжо версія галандскага вучонага Ф.Б. Кёйпера [52, 112–146].
Яшчэ адна версія — прыродная: у выглядзе змяі маглі быць увасоблены розныя прыродныя з'явы: навальнічная хмара, смерч, метэарыт, вывяржэнне лавы з вулкана, ледавік, рака і пад. Пра гэта пісаў буйнейшы міфолаг яшчэ ХІХ стагоддзя А. Афанасьеў.
Ёсць і трэцяя — найноўшая — гіпотэза, якую мы называем цывілізацыйнай. Але каб пачаць пра яе гаворку, неабходна нагадаць тэорыю ўзнікнення жыцця на Зямлі. Біясфера на планеце щзникае, можна меркаваць, тры мільярды год таму. 570 млн. год назад пачалася палеазойская эра, якая прыкладна ў 270-мільённалецці замянілася мезазоем, што цягнуўся 173 мільёны год. Тыя часы мы адлічваем сотнямі мільёнаў гадоў па той прычыне, што не ведаем пра іх нічога або ведаем надзвычай мала. У межах такіх агромністых перыядаў маглі ўзнікнуць, надзвычай павольна развівацца і знікаць розныя цывілізацыі — не абавязкова чалавечыя.
Вядома, як доўга пануючым класам сярод жывых істот на Зямлі былі паўзуны. Яны авалодалі воднай прасторай, сушай і нават нябёсамі. У юрскі перыяд яшчары — сапраўдныя гаспадары планеты. Яны ўражваюць сваёй магутнасцю, разнастайнасцю відаў і жыццёвай сілай. Нават калі развіццё гэтых халоднакроўных ішло надзвычай павольна, усё роўна за дзесяткі мільёнаў гадоў яно павінна было прывесці да заканамернага выніку — узнікненню розуму. Прыродныя катастрофы, што здараліся ў гісторыі планеты неаднойчы і знішчалі большую частку фаўны, якраз садзейнічалі выжыванню самых разумных істот.