Прафесар камярунскага універсітэта Біка Акіа сцвярджае, што ў Афрыцы здаўна вядомая такая загадкавая з’ява, як пабрацімства чалавека і якога-небудзь звера. Вядома, што еўрапейцы ў чалавеку адрозніваюць цела і душу — матэрыяльны пачатак і духоўны. Паводле ж афрыканцаў, чалавек складаецца з чатырох элементаў. З іх тры ёсць ва ўсіх — цела, сэрца, дыханне, а чацвёрты — толькі ў асобных людзей, пасвячоных-жрацоў і людзей-звяроў: ён называецца «у». Гэта нейкая таямнічая сіла, што даецца чалавеку ад нараджэння і дазваляе яму кантактаваць з жывёлай. Чалавек, які адчувае ў сабе сілу «у» (адкуль яна генетычна бярэцца? — Т.Ш.), выбірае жывёлу, адлоўлівае яе, надразае цела ў сябе і ў яе і змешвае кроў. (Успомнім: «Мы з табой адной крыві», — гаворыць Маўглі ў Кіплінга кожнаму са звяроў — Т.Ш.). Пасля гэтага паміж чалавекам і жывёлай ці птушкай усталёўваецца поўная духоўная сувязь, узаемаразуменне і ўзаемадапамога. Так даводзіць Біка Акіа. Памятаецца, як гадоў дваццаць таму сусветная прэса шмат пісала пра судовыя працэсы супраць плямёнаў-кракадзілаў і плямёнаў-леапардаў у той жа Афрыцы. Некаторыя людзі з гэтых плямёнаў не толькі сябравалі з яўна татэмнымі жывёламі, але і самі, як быццам, маглі ператварацца ў іх, каб у жывёльным выглядзе забіваць ворагаў з іншых этнічных груп. Ёсць звесткі, што і ў Еўропе ваяроў-вікінгаў вучылі як бы «перамяшчаць» сваю свядомасць у мозг птушкі ці звера або, наадварот, «памяшчаць» іх розум у сваім, каб устанавіць асаблівую сувязь з жывёльным сімвалам: тады вікінгі станавіліся асаблівымі смелымі, яраснымі ў баі — берсеркамі (літаральна — «мядзведзь-воўк»).
Прыводзячы гэтыя прыклады, мы хочам сказаць, што адносіны паміж чалавекам і жывёлай больш складаныя і загадкавыя, чым уяўляецца нашаму прагматычнаму, закаснеламу ў рацыянальнасці, скептычнаму розуму. Анімістычнае мысленне архаічных людзей адухаўляла літаральна ўсё: касмічныя працэсы і з’явы, стыхіі, элементы ландшафту, расліны, ваду, зямлю. Але калі нават камень жывы, дык насколькі багатая і складаная душа ў жывёлы! Так думалі продкі. А можа, і праўда?
На працягу дзесяткаў гадоў вядомы рускі пісьменнік і журналіст Васіль Пяскоў вядзе ў «Камсамольскай праўдзе» рубрыку пра незвычайныя здольнасці жывёл і птушак. Гэта, відаць, адзіны нармальны, праўдзівы, цікавы матэрыял, які толькі і можна чытаць у поўнасцю бульварнай «Камсамолцы». Але справа ў іншым. Шмат якія выпадкі, што апісвае В. Пяскоў, незвычайныя і прымушаюць пра многае задумацца. Напрыклад, леснікі Калужскай вобласці на працягу некалькіх месяцаў назіралі мядзведзіцу, у сям’і якой разам з медзведзянятамі жыла цялушка, што аднойчы, відаць, заблудзілася ў лесе. Адносіны да яе з боку мядзведзяў былі вельмі цёплыя — не як да будучага харчу. У Балгарыі ў адным з лясных раёнаў паляўнічыя сустракалі групу ваўкоў і разам з імі кабанчыка. Ваўкі і не думалі ўспрымаць яго як патэнцыяльную ахвяру. Справа, відаць, у тым, што ў кабанчыка ўжо сфарміравалася свядомасць ваўка, і яго лічылі за браціка. Але што спрыяла прыняццю капытнага ў сям’ю драпежнікаў? Відаць, у жывёльным свеце адбываецца не толькі дзяленне на ворагаў і здабычу, на сваіх і чужых. Жывёлы здольныя разгледзіць істоту, якой патрабуецца дапамога, і пашкадаваць яе. Адсюль, магчыма, і вырастала асаблівае стаўленне ваўкоў да людзей, узнікала прыязнасць і дружба. Але і чалавек разумеў: з чым ён прыходзіць у прыроду, тое і атрымоўвае ў адказ. Не выпадкова многія святыя сябравалі з жывёламі. Самі жывёлы, асабліва сабакі (а першапачаткова, безумоўна, ваўкі як найбольш разумныя звяры ў лесе), ведаюць пра нас намнога больш, чым мы пра іх: яны валодаюць магутнай інтуіцыяй, чуццём. У народзе вераць: добрых людзей драпежнікі не чапаюць. Тысячы выпадкаў незвычайнай праніклівасці, дабрыні, вернасці, ахвяравання сабою сабак апісаны ў літаратуры. Украінскі пісьменнік-класік Міхайла Кацюбінскі гаварыў, што «сабака вывеў чалавека ў людзі». Нават так!
Амерыканскі даследчык Т. Эндрус лічыць, што жывёламі кіруюць разумныя нематэрыяльныя ўтварэнні, таму і кантакты іх з чалавекам адбываюцца не на вербальным, а на энергетычным узроўні. Сімвалісты пачатку ХХ ст. гаварылі, што ўсё ў свеце напоўнена сэнсам, знакамі якога з’яўляюцца ў тым ліку і жывёлы. Птушка, што білася ў вакно лецішча Івана Мележа ў момант яго смерці (наша сям’я назірала), не ўсведамляла, што робіць, а з’яўлялася пасланнем ад пэўных духоўных існасцяў. І так ва ўсім і заўсёды.