Вобраз пеўня неаднаразова сустракаецца ў мастацкіх творах, прычым найбольш цікава — у літаратурных казках. У самага жыццярадаснага і разнастайнага ў сюжэтах амерыканскага пісьменніка ХІХ ст. — рамантыка Вашынгтона Ірвінга — ёсць навела ва ўсходнім стылі «Легенда пра арабскага астролага», якую выкарыстаў, моцна трансфармаваўшы, Аляксандр Пушкін у сваёй «Казцы пра залатога пеўніка». У Ірвінга пеўнік, што стаяў на спіне барана, згадваецца як адно з цудаў Старажытнага Егіпта, але астролаг, па загадзе султана, стварае ўсё ж і чалавекападобнага жалезнага вартавога — быццам у дапамогу аглядальніку-пеўню. У іранічнага Пушкіна на вяршыню вежы мудры вяшчун памясціў менавіта пеўніка-вартаўніка, бо ва ўсіх народаў Еўропы флюгерамі былі, як правіла, пеўні. У сусветна вядомага дацкага казачніка Ганса Хрысціяна Андэрсена нават ёсць казка «Дваравы певень і флюгерны». «Да трэціх пеўняў» — так назваў выдатны рускі пісьменнік ХХ ст. Васіль Шукшын сваю філасофскую аповесць-казку, у якой надзвычай дакладна ў вобразнай форме прадказаў усё, што адбылося на мяжы стагоддзяў з нашай духоўнасцю. Часам у стаўленні да пеўня праглядае ўсё ж некаторая іронія: сурьёзную кнігу пра літаратуру (класічную і сучасную) беларуская даследчыца Людміла Корань называе «Цукровы пеўнік». Не без сарказму апісвае свайго персанажа — Пеўня — Аляксей Талстой у вядомай казцы «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна». Мала каму вядома, што ўсе героі твора мелі сваіх прататыпаў, прыкладам, Карабас Барабас — злосная карыкатура на рэжысёра Усевалада Мейрхольда, П’еро — на Аляксандра Блока, Мальвіна — на яго жонку Любоў Дзмітрыеўну і г.д. Праўда, яшчэ не ўсе прататыпы раскрытыя, але можна меркаваць, што сярод знаёмцаў з’едлівага аўтара быў і «Певень» — чалавек пыхлівы, задзірлівы і дурны.
Паколькі з пеўнем звязваюць сексуальную патэнцыю, ён сустракаецца ў замовах на каханне, у варажбе, у снах. Так, каб прываражыць жаніха, неабходна з пячной застаўкі пакарміць пеўня. На Каляды дзяўчаты часта варажылі з пеўнем: загадвалі жаданне на розныя віды зерня і пускалі птушку, глядзелі, з якой кучкі і якое зерне будзе певень кляваць. Існавалі і іншыя гаданні з пеўнем. Шырока распаўсюджаныя і прыкметы. Так, калі пеўні спяваюць усю ноч — чакай ліха. Пеўні распеліся не ў час — да вестак. Калі курыца запела пеўнем — хто-небудзь памрэ. У навеле ўкраінскай пісьменніцы ХІХ ст. Марка Ваўчок «Сон» маладзіца сасніла сон пра чырвоны месяц, унутры якога белы певень крыламі маша і спявае: сон напрарочыў хуткае вяртанне з Крыма яе маладога мужа-чумака. У палякаў на вяселлі перад маладымі неслі пеўня як сімвал мужчынскай сілы і плоднасці (у адной з рускіх іранічных казак Певень спавядаецца перад Лісою, каючыся ў граху — мае семдзесят жонак). І ў беларускай вясельнай абраднасці певень і курыца выкарыстоўваюцца шырока і на розных этапах рытуалу. Увогуле певень увасабляе салярны і мужчынскі прынцыпы, адсюль — і пэўныя яго функцыі.
Калі певень сніцца, гэта абяцае ўдачу і павышэнне прэстыжу. Пачутыя ў сне рэальныя ранішнія спевы пеўняў абяцаюць для моладзі ўдалую жаніцьбу ці замужжа і дабрабыт у доме. Калі сніцца, што певень крычыць ноччу ці вечарам, прыйдзецца плакаць, і не раз. Гэтаксама, як апостал Петр успомніў прадказанне Хрыста, пачуўшы птушыны крык, так і нас сон з пеўнем можа перасцерагчы ад памылак і заблуджэнняў.
У хрысціянстве певень вітае ўсход Сонца-Хрыста на ўсходзе. Пазалачоны флюгерны певень ахоўвае храмы ўначы, калі маўчаць званы. Ён увасабляе праведнікаў, якія абвяшчалі прыход Світання-Хрыста. А.Ненадавец згадвае раннехрысціянскую легенду, паводле якой Хрысту падчас апошняй вячэры з вучнямі падалі смажанага пеўня. «А калі Іуда пайшоў, каб здрадзіць свайму настаўніку, Хрыстос загадаў пеўню ісці за ім. Той так і зрабіў, а вярнуўшыся назад, расказаў аб здрадзе — і ва ўзнагароду за гэта трапіў у рай. У другой раннехрысціянскай легендзе апавядаецца, што Хрыстос уваскрэс пасля першага крыку пеўня» [78, 191]. У сувязі з апосталам Пятром певень сімвалізуе чалавечую слабасць і пакаянне: Пётр адракаўся ад Хрыста раніцой перад Раскрыжаваннем. Пра гэту легенду нагадвае і певень, што сядзіць на самым версе агромністага гадзінніка Страсцбургскага сабора. Кожны раз, калі скульптура Пятра з’яўляецца сярод апосталаў, чуецца спеў пеўня. Вось чаму певень стаў адным з атрыбутаў Святога Пятра, які, у сваю чаргу, лічыцца апекуном гадзіннікавых майстроў.