У сувязі з салярнай семантыкай, ды і з прыгажосцю (пастава выключна зграбная, вытанчоная, асабліва ў профіль), певень — часты персанаж выяўленчага і дэкаратыўна-побытавага мастацтва. Кельты-галы насілі выяву пеўня на зброі і сцягах, ён увогуле стаў эмблемай Галіі (дзякуючы гульні слоў лацінскай мовы, дзе «gallus» азначаў і «певень», і «гал»). У Францыі певень лічыцца эмблемай незалежнасці, свабоды, але і задзірлівасці. Француз любіць атаясамліваць сябе з пеўнем. Птушка часта сустракаецца ў гярбах не толькі гарадоў і арыстакратычных родаў Францыі, але і ў геральдыцы суседніх краін. У цэнтральным зале пасяджэнняў будынка ЮНЕСКА, размешчанага ў Парыжы, усю сцяну займае агромністы габелен з выявай на ім пеўня як увасаблення сонца, святла, раніцы, адраджэння, культуры, аховы і абароны ад усялякага ліха. Стварыў габелен сусветна вядомы мастак Жан Люрса, у якога шмат чаму навучыліся прызнаныя майстры беларускага манументальнага габелену — Анатоль Кішчанка і Міхась Савіцкі. У Кітаі певень — адзін з важнейшых абярэгаў, нярэдка малюецца нават на сцянах дамоў (у нас стылізаваны — на драўляных стрэхах). У беларусаў певень паўстае на вясельных ручніках, але асабліва часта яго ганарлівая выява сустракаецца ў вырабах з саломкі і ў выцінанках — характэрна беларускіх нацыянальных жанрах дэкаратыўна-побытавага мастацтва.
Спеў пеўня неаднаразова імітываўся кампазітарамі-класікамі, напрыклад, Міхаілам Глінкам, Пятром Чайкоўскім. У савецкі час папулярнасцю карысталася сімфанічная паэма іспанскага кампазітара Лопеса Флорэса «Песня пеўня» — яе часта перадавалі па радыё. У кінастужках спеў пеўня за кадрам — знак вясковай раніцы, і характэрна: заўсёды настройвае на адпаведны эмацыянальны лад.
Такім чынам, мудрыя кітайцы, калі яшчэ ў глыбокай старажытнасці выбіралі птушку для свайго календара, неяк вельмі правільна ўгадалі надзвычай шырокую распаўсюджанасць пеўня ў свеце і любоў да яго з боку шматлікіх народаў. Але ў семантыцы вобраза пеўня застаецца яшчэ, як не дзіўна, шмат невытлумачанага.
Сабака
Пра многіх з так званых «каляндарных» жывёл — асабліва пра сабаку — напісана шмат. І ў прынцыпе пра яго можна пісаць бясконца — настолькі жывёла цікавая і як ніякая іншая блізкая да чалавека. Але нягледзячы на тое, што існуе велізарная колькасць кніг і нават цэлая навука — кіналогія [ад грэч. «кінас» — сабака і «логас» — навука], шмат якія праблемы, звязаныя з сабакам, так і застаюцца невырашаныя. Некаторыя трывала сцверджаныя ў навуцы тэорыі сёння пераглядаюцца. Так, доўгі час лічылася, што сабакі паходзяць ад ваўкоў і шакалаў. Нядаўна высветлілася, што продак амаль чатырохсот парод сабак — выключна воўк: з дзевяноста асноўных рыс паводзін сабак семдзесят маюцца і ў ваўка; у шакалаў з сабакамі агульных рыс намнога менш. Удакладнены і даты прыручэння ваўка, які стаў сабакам: раней пісалі пра восем тысяч, сёння ўжо ідзе гаворка пра абсяг у дваццаць тысяч гадоў. Не здзіўлюся, калі ўрэшце гэты тэрмін павялічыцца на парадак: інакш не хапае часу, каб утварыць чатырыста парод.
Але самае незвычайнае і таямнічае ў паходжанні сабакі — сам механізм прыручэння ваўка людзьмі. Тлумачэнні кінолагаў, што ваўкі пасяляліся каля чалавечага жытла, бо там было лягчэй харчавацца, выглядаюць больш чым наіўнымі. Чаму, у такім разе, ваўкі не прыбіваліся да чалавека ў гістарычныя часы, калі многія народы ўжо жылі асела і значна пабагацелі? Свойскую жывёлу ваўкі заўсёды кралі, але зусім не жадалі пасяляцца каля чалавека, каб гарантавана карміцца ў паселішчах. Драпежнікі заставаліся драпежнікамі, і лес для іх — родны дом.
А сапраўды, цікава: з усіх драпежнікаў разам з чалавекам жывуць кошка ды сабака. Прычым кошка паводзіць сябе даволі незалежна і трымае ад людзей дыстанцыю намнога большую, чым сабака. Толькі сабаку мы лічым сапраўдным сябрам, верным і шчырым. Але што прымусіла наблізіцца адзін да аднаго чалавека і ваўка — да такой ступені, каб воўк стаў нашым ахоўнікам і памочнікам? Выхаванне ваўчанятаў людзьмі на працягу некалькіх пакаленняў? Лагічна. Але ўсё ж не тлумачыць некаторыя дзіўныя з’явы ва ўзаемных стасунках чалавека і менавіта гэтай жывёлы. Чаму псіхічна хворыя на лікантропію ўяўляюць сябе ваўкамі? Чаму пярэварацень у многіх выпадках — воўк? Чаму большасць дзяцей-«маўглі» аказваліся ў асяроддзі пераважна ваўкоў? Дарэчы, сюжэт «Маўглі» навеяны Кіплінгу, з аднаго боку, аповедамі пра індыйскіх ёгаў, якія валодаюць дарам аддаваць разумовыя загады жывёлам, з другога — біблейскім міфам, які гаворыць, што да грэхападзення і выгнання з Рая Адам, гэта значыць, Чалавек жыў у гармоніі з жывёламі — Боскімі стварэннямі і нават гаварыў з імі на адной мове.